Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

«Бабушка не плясала, а словно рассказывала что-то. Вот она идет тихонько, задумавшись, покачиваясь, поглядывая вокруг из-под руки, и все ее большое тело колеблется нерешительно, ноги щупают дорогу осторожно. Остановилась, вдруг испугавшись чего-то, лицо дрогнуло, нахмурилось и тотчас засияло доброй, приветливой улыбкой. Откачнулась в сторону, уступая кому-то дорогу, отводя рукой кого-то, опустив голову, замерла, прислушиваясь, улыбаясь все веселее, — н вдруг ее сорвало с места, закружило вихрем, вся она стала стройней, выше ростом, и уж нельзя было глаз отвести от нее — так буйно красива и мила становилась она в эти минуты чудесного возвращения к юности…» — ціха і складна ліліся ў акопе цудоўна маляўнічыя горкаўскія словы, і паўставалі ў вачах знаёмыя змалку вобразы бабулі, дзеда, Цыганка, Якава… I здаваліся тады яны нам гэткімі ж роднымі і дарагімі, як дарагія былі кожнаму з нас вобразы нашых родных — бацькоў, сясцёр, нашых першых настаўнікаў, землякоў…

З таго ранку гэтую кніжку Максіма Горкага сталі чытаць кожнага дня. Звычайна, як толькі разлік заканчваў сняданак, Цімафееў, таропка перакурваючы, усаджваўся на шынялі і пачынаў чытаць. Навокал яго ў траншэі сядзелі, ляжалі, курылі астатнія нашы хлопцы, усе слухалі, і кожны, вядома, знаходзіў у сваёй душы тую сардэчную струнку, якая чуйна адгукалася на шчырую, глыбокую споведзь чужога вялікага жыцця. Адзін толькі Лук’янчанка аставаўся абыякавы да гэтага чытання — ён сядзеў сабе ў сваім акопе, спаў, часам зашываў прадраныя, запэцканыя гарматнай змазкай штаны, чысціў, перабіраў аўтамат і курыў. Кожнага ранку ён правяраў, ці не пакурылі нашы чытачы старонкі, прыдзірліва перагортваў іх, але старонкі асталіся цэлыя нават тады, калі ва ўсіх ужо скончылася выдзеленая ім папяровая норма. Старшы сяржант здзівіўся, натапырыў вусы і выдраў адзін ліст.

— Стой! Не трэба! — схапіўся за кнігу Зось. — Не трэба! Мы от лепей «баявы лісток» (ён быў батарэйным камсоргам, і ў ягонай сумцы знайшлося два бланкі «баявых лісткоў»).

Лук’янчанка ўсё ж выдраў сабе пару лістоў, а астатняе вярнуў хлопцам. Мусіць, гэтая іх самаахвярнасць здзівіла і зацікавіла старшага сяржанта, бо ён неяк нетаропка згарнуў цыгарку і, відаць, не дужа спяшаўся ісці ў свой акоп, а сеў на прыступках ля хлопцаў і пачаў пстрыкаць запальнічкай.

Ён трошкі і паслухаў, але, відаць, не ўчуўшы таго, што чакаў, махнуў рукой:

— Ат, я думаў — пра вайну што!

Гэта чытанне працягвалася, мабыць, з тыдзень. Пасля ў канцы мая пачалося такое, што на нейкі час мы забылі пра кнігу.

Аднойчы на світанку ўсе мы прачнуліся ад грымоцця выбухаў, скавытання мін і знаёмага, але даўно ўжо не чутага танкавага гулу. Зямля дрыжала, камякі з бруствера сыпаліся на нашы галовы, над акопамі джгалі кулі.

Увесь той дзень была страшэнная калатнеча, немцы атакавалі нас з танкамі: пяхота два разы пакідала свае траншэі, а пасля трэцяга разу вымушаны былі пакінуць сваю пазіцыю і мы. Зашыўшыся ў маладой кукурузе, мы, мабыць, з кіламетр кацілі саматугам гармату і стралялі, і беглі, а калі спыніліся надвячоркам на ўскраіне невялічкага румынскага мястэчка, аказалася, што недзе знік Цімафееў. Раней яшчэ адправілі ў тыл цяжка параненага Рудака.

Мы чакалі Цімафеева да вечара. Немцы неяк абышлі нас, бой ішоў на поўдзень ад Пашкань, ішлі паветраныя баі (пасля мы даведаліся, што вядомы на нашым фронце лётчык Іван Кажадуб збіў у той дзень пяць нямецкіх самалётаў). Калі пацямнела, Болькін, ціхмяны, з вечнай усмешкай на твары масквіч, зняў з пляча аўтамат і пайшоў па нашым следзе туды, у кукурузу.

Мы ведалі, чаму ён пайшоў, і маўчалі, думалі, мо знойдзе і прывядзе параненага нашага грамацея і наводчыка Цімафеева. Аднак ён вярнуўся праз гадзіну адзін, моўчкі паклаў на казённік аўтамат наводчыка з вышчарбленым куляй прыкладам і выцяг з-за рэменя знаёмую нам кнігу. У ёй ляжалі загорнутыя ў нейкую цыратку дакументы Цімафеева і яго два медалі.

Ціхае франтавое жыццё на тым скончылася надоўга. Некалькі дзён мы стралялі з гарматы па танках і па пяхоце, капалі то тут, то там агнявыя пазіцыі, але ўсё ж выпадаў калі і спакойны час — некалькі хвілін за бясконца доўгі і трывожны дзень. I мы працягвалі чытаць. Некаторыя з нас некалі ўжо чыталі яе, другія чулі ўпершыню…

Чытаў цяпер Болькін. Рабіў ён гэта трохі не так, як Цімафееў, а нібы перад ім была п’еса з некалькімі персанажамі, і ён вымаўленнем стараўся перадаць характар кожнага. Ён любіў спыняцца і тлумачыць падзеі па-свойму або выказваць свае адносіны, калі яго што асабліва кранала. Лук’янчанка ў такі час ляжаў ля станіны або на тыльным брустверы і рабіў выгляд, што нічога таго не слухае, а толькі бавіць час.

Праз некалькі дзён хлопцы адолелі «Дзяцінства» і «У людзях», аставалася апошняя частка — «Мае ўніверсітэты». Болькін іх знарок не пачаў у той вечар, хоць і быў для таго зручны час. «Заўтра пачнём апошнюю частку, — сказаў ён. — А сёння памарым трохі».

Ён сказаў гэта, і ўсе змоўклі, у вушах кожнага незразумелай і ўладарнаю музыкай гучала заключная горкаўская фраза, поўная асаблівага сэнсу і значэння:

«Так я и решил. Осенью этого года я уехал в Казань, тайно надеясь, что, может быть, пристроюсь там учиться».

Толькі ні аўтару вучыцца ў Казанскім універсітэце, ні Болькіну дачытаць трэцюю частку трылогіі не давялося. Назаўтра зранку на нас наваліліся немцы, нас атакавалі танкі, некалькі іх прарвалася на дарогу ў Пашкані, і Болькін, зрэзаны кулямётнай чаргой, упаў на станіну, каб ніколі ўжо не падняцца.

Пасля смерці Болькіна кніжка некалькі дзён хадзіла па руках нашых хлопцаў, і сярод іх ужо не было каму прыгожа чытаць услых. А праз дзень ці два раззлаваны за нешта Лук’янчанка адабраў яе ў аднаго маладога салдата, што прыйшоў да нас з пяхоты і, павячэраўшы, адарваў старонку на курыва.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: