Шрифт:
Вельмі праўдзівы прыклад франтавога братэрства знаходзім у «Пядзі зямлі» Р. Бакланава. Лейтэнант Матавілаў у разгар бою выпадкова сустракаецца з незнаёмым сяржантам, разам з якім яны адбіваюць танкавую атаку ворага. I калі праз некалькі хвілін немцы знаходзяць іх і разбіваюць танк, Матавілаў, рызыкуючы сваім жыццём, выносіць параненага сяржанта і ратуе яму жыццё. Фармальна лейтэнант не адказваў за яго перад начальствам, у танку не было сведкаў, ён мог бы пакінуць параненага, апраўдваючы сябе тым, што ў яго былі свае нялёгкія абавязкі ў баі. Але Матавілаў выратоўвае таго, хто ў цяжкі час стаў для яго даражэй за яго самога. У гэтым зноў жа праяўляецца той самы высокі дух братэрства, калі жыццё таварыша даражэй за ўласнае, тое самае свяшчэннае братэрства, якое ў душы савецкага байца асабліва выразна бачыцца пад штохвіліннай пагрозай смерці і якое ў выніку мацней за смерць.
Пры гэтым зразумела, што дух братэрства, узаемадапамогі, выручкі, уласцівы савецкаму воінскаму калектыву, якасна іншы, чым дух славутага «акопнага братэрства», якое так любілі апяваць некаторыя пісьменнікі Захаду. Ім было выгадна згладжваць з дапамогай прыкладаў гэтага братэрства, салдацкага зямляцтва супярэчнасці паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў. Братэрства ж нашых салдат мацнела на прынцыпова іншай аснове: сапраўдным адзінстве іх палітычных і маральных пазіцый, вернасці Радзіме, высокім ідэалам яе будучыні.
Агульнавядома, што ў мінулай вайне праявіўся масавы гераізм нашага народа на фронце, у акупіраваных абласцях, у тыле; тысячы воінаў атрымалі Залатыя Зоркі, сотні тысяч — ордэны. Але асноўная маса байцоў — мільёны і мільёны — не была «героямі» ў вузкаканкрэтным разуменні гэтага слова. Але ж перамога над нямецкім фашызмам здабыта ў значнай (а можа, большай) ступені менавіта іхнімі рукамі, іх вялікай крывёю, іх потам.
Гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не прыкметны ў мінулым калгаснік або рабочы, сібірак ці разанец, доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі паліваў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых франтавых дарогах, пракладваў і трымаў сувязь, будаваў дарогі, наводзіў пераправы. Ён многае перажыў, гэты баец, галадаў, пакутаваў ад спёкі, пабойваўся смерці, але сумленна рабіў сваю малапрыкметную салдацкую справу. I, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, ён не страціў сваёй чалавечнасці, пазнаў і моцна засвоіў у вялікім калектыве грунтоўную праўду жыцця і многае іншае. Кінематограф, здаецца, ужо стаіць на шляху да стварэння такога абагульненага вобраза рускага салдата мінулай вайны (успомніце Ямшчыкова і Рукавіцына з «Міру ўваходзячаму»), літаратура ж нічога падобнага яшчэ не стварыла. Замусоліўшы да хадульнасці ўсіх родаў «гераізм», літаратары нерашуча падступаюць да вобраза такога вось салдата-працаўніка. А трэба б смялей. Не бяда, што ён, гэты радавы, прынёс з вайны толькі якія два-тры медалі, што баяўся пры страшнай бамбёжцы, што недзе азіраўся назад, стукаў зубамі і заікаўся ў часе танкавай нямецкай атакі, што цела яго, падпарадкуючыся інстынкту, імкнулася назад, у тыл, да бяспекі, а ён з намаганнем, але ўсё ж стрымаў сябе ў цесным акопчыку, сціскаючы ў руках цяжкую РПГ. Ці можна грэбаваць праўдай чалавечых паводзін перад тварам смерці? У такой жорсткай вайне, якую перажылі мы, вытрымка, вернасць свайму салдацкаму (часам надта сціпламу) абавязку былі не менш важныя, чым легендарная адвага асобных смельчакоў.
У гэтых адносінах мае выключную цікавасць раман А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі». Узяўшы папулярную тэму партызанскага руху ў Беларусі, аўтар знайшоў новы, зусім інакшы, чым у ранейшых творах, аспект гераічнага. Многія яго папярэднікі, захапіўшыся бяздумным гераізаваннем «лясных салдат», не заўважалі мноства «не герояў» — падлеткаў, дзяцей, жанчын, якія, застаючыся пад роднымі стрэхамі на акупіраванай тэрыторыі, аралі зямлю, кармілі шматтысячную партызанскую армію, давалі прытулак лясным гасцям, працавалі сувязнымі, здабывалі медыкаменты. Часам яны рызыкавалі не менш за тых, хто граміў гарнізоны або хадзіў на жалезку, бо за падрыў цягніка і за дапамогу параненаму, за напад на гарнізон і за спробу ўкрасці ў паліцая гранату немцы прымянялі толькі адну кару — смерць. I на гэтую смерць ішлі і знайшлі яе тысячы безыменных герояў-падлеткаў, дзяўчат, жанчын. А. Адамовіч узняў і па-майстэрску паказаў чытачам цэлы пласт някранутай залежы там, дзе, здавалася б, усё ўжо апісана і распрацавана літаратурай. У гэтым свежасць і навізна рамана «Вайна пад стрэхамі».
Крытыка нярэдка схільная падштурхоўваць пісьменніка да шчаслівай развязкі ў творах на ваенную тэму. Аб творы, дзе ўсё ўладжваецца найлепшым чынам, дзе здзяйсняецца подзвіг, які, натуральна, выяўляе веліч духу савецкага чалавека, а герой застаецца жывы, аб такім творы кажуць, што яго фінал гучыць аптымістычна, што і адпавядае, маўляў, канонам сацыялістычнага рэалізму. Калі ж такая аптымістычная струна не гучыць у фінале, дык аўтара папракаюць у песімізме. Яшчэ лічаць колькасць забітых адносна да жывых, і не дай бог, калі забітых будзе больш, чым тых, што засталіся жыць. У гэтым бачаць дыспрапорцыю праўды, а галоўнае, зноў-такі падазраюць аўтара ў песімістычных тэндэнцыях. Так, пасля выхаду ў свет «Трэцяй ракеты» адзін з рэцэнзентаў скардзіўся на тое, што ў многіх маіх апавяданнях «смерць нібыта стаіць у цэнтры ўвагі аўтара». Гэта не падабалася крытыку, які, мабыць, хацеў, каб апавяданні аб вайне заканчваліся толькі перамогай над ворагам, — малой крывёй і магутным ударам.
Але, на жаль, на вайне смерць была пастаянным спадарожнікам усіх — і тых, хто перамог і выжыў, і хто загінуў у баях. Смерць і абавязак у сваім няспынным змаганні былі тым вызначальнікам, які непадзельна ўладарыў над душамі байцоў, незалежна ад іх інтэлекту, адукацыі, узросту, бо ўсе яны былі аднолькава смяротныя і як грамадзяне ўсе выконвалі аднолькавы абавязак абаронцаў Радзімы. Праўда, усё кепскае хутка забываецца. Мы выдатна памятаем нашы перамогі, але мы часам можам забываць нашыя няўдачы, «катлы», у якія траплялі не толькі нямецкія, але і нашы дывізіі. Вядома, цяпер ніхто ўжо не рве па сабе валасы, успамінаючы перажытае, але ў радасці мірнага жыцця зусім недарэчы бяспамятнасць, няўважлівыя адносіны да памяці тых, хто мог быць, але каго ўжо няма паміж намі. Нельга ніколі забыць тысячы магіл адзіночных і брацкіх (такіх, як у польскім горадзе Крэйцбургу, дзе на ваенных могілках пахавана разам 6300 савецкіх воінаў), магіл, якія густа ўсеялі ўсю Еўропу. Іх нельга забыць таму, што ў іх ляжаць тыя, хто сумленна заслужыў права на мірныя радасці, але аддаў людзям сваё найвялікшае права — жыць.
I абсалютна справядліва пісаў Георгій Гулія, што ўпартая цяга некаторых чытачоў і крытыкаў да шчаслівых канцовак ёсць не што іншае, як рэцыдыў шматгадовай прывычкі, народжанай тэорыяй і практыкай бесканфліктнасці ў нашай літаратуры. Але ж кнігі на тэму мінулай вайны не «пацешнае чціва», тыя, у каго «пашальваюць нервішкі» і хто не трывае ўпамінанняў аб смерці, могуць выбраць сабе што-небудзь іншае.
Мы сказалі многае з вялікай праўды аб вялікай вайне, але сказалі яшчэ не ўсё. I перш за ўсё гэта адносіцца да так званай «горкай праўды», не пазнаўшы якую, немагчыма праўдзіва адлюстраваць для гісторыі гэтую найвялікшую з войнаў. Замоўчванне «горкай праўды» можа саслужыць кепскую службу народу. Усе памятаюць, якімі нечаканымі былі нашы першыя няўдачы на франтах у сорак першым годзе, якую траўму ў свядомасці нашых людзей пакінула часовая непераможнасць нямецкіх армій. I той факт, што нямецкія полчышчы наступалі на вялізным фронце ад Балтыкі да Чорнага мора, часам выклікаў збянтэжанасць і непаразуменне. Адсюль узнікаў празмерны страх здрады, якая ў той год мроілася нам на кожным кроку. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б мы ведалі свае слабасці і слабасці сваёй арміі да 22 чэрвеня, а не пачулі пра іх толькі 7 лістапада з вядомага даклада Сталіна.
У апошні час сярод некаторай часткі рэдактараў з’явілася невыказная пагарда да тэмы вайны, тэндэнцыя адхрысціцца ад клопатаў і разнатолкаў, звязаных з ёю, забыць усё цяжкое, памылковае і задаволіцца толькі апісаннем гераічнага штурму рэйхстага або наступлення на Волзе. Пэўная прадузятасць доўгі час не давала магчымасці нашай літаратуры адлюстраваць самы цёмны і трагічны пачатковы перыяд вайны. Грамадзянскае сумленне былых ваеннапалонных доўга знаходзілася пад сумненнем, магчымасць іх гераічнай барацьбы ў палоне наогул не прызнавалася. I з гэтай прычыны памятнае выступленне С. С. Смірнова з нарысамі аб абаронцах Брэсцкай крэпасці прагучала адкрыццём у нашай літаратуры. Пазней выйшлі іншыя кнігі, мемуары, напісаныя былымі зняволенымі канцлагераў; падзеяй у літаратуры з’явілася выдатнае апавяданне М. Шолахава «Лёс чалавека». У 1958 годзе выйшла з друку аповесць кіеўскага пісьменніка М. Пархомава «Мы расстраляны ў сорак другім», зусім нядаўна надрукаваны ў «Новом мире» апавяданні С. Славіча «Ты і я — нас многа», аповесць М. Бірзе «I пад лёдам рака цячэ», апавяданні I. Навуменкі і М. Лупсякова. Гэтыя творы аб мінулай вайне прагучалі нова і сучасна, яны не заляжаліся на паліцах кніжных магазінаў, у бібліятэках яны самыя зачытаныя. Ці не сведчыць гэта аб імкненні народа пазнаць пра вайну ўсю праўду — «горкую», «салодкую», — такой, якая яна ёсць на самой справе? Ці не ў гэтым даніна павагі да памяці забітых, вернасць іх запаветам?