Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Літаратура — справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў яе стваральнікаў усіх нацый шмат чаму вучыць, варта, мабыць, часцей азірацца назад, варушыць гістарычныя прыклады, і ў мінулым знойдзецца многа адказаў на праблемы сучаснага. Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна парознаму, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення, закрануты ў сваім артыкуле Б. Бур’янам, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. З гэтага і пачынаецца мастацтва.

Складаны наш век, складаныя часам да невырашальнасці яго праблемы. Лясканне зброі часта парушае спакой і цішыню вялікаю крывёю заваяванага міру. І ў такі час, ясна ўсведамляючы сваю пісьменніцкую адказнасць перад чалавецтвам, вельмі хочацца творамі апраўдаць так цяжка здабытае права на праўду, без якой горкі смак жыцця і анемічна мастацтва.

За выключэннем некаторых прыватнасцей, варты падтрымкі багатыя слушнымі думкамі артыкулы М. Стральцова, Б. Бур’яна, І. Навуменкі, В. Тараса, А. Мальдзіса і іншых. Гэта радуе, калі пісьменнікі выразна разумеюць свой абавязак і поўны рашучасці яго выканаць. У гэтым добры грунт пад заўтрашні дзень нашай літаратуры.

[1963]

1964

Таленавітая аповесць

На першы погляд, сітуацыі, раскрытыя ў гэтай аповесці [2] , вельмі не новыя. За апошні час напісана нямала падобных кніжак, нямала было спроб разабрацца ў сутнасці праблемы вёскі і ўступлення ў жыццё падлеткаў. І ўсё ж я з вялікай радасцю за таварыша па пяры вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што дагэтуль мы не мелі на нашай беларускай паліцы такіх па якасці твораў аб нашай самай надзённай сучаснасці, дзе б з гэткай праўдзівасцю, тактам, з гэткай сардэчнасцю і веданнем справы быў узняты цэлы пласт сучаснага вясковага жыцця са шматлікімі яго радасцямі, засмучэннямі і клопатамі. Толькі чалавеку — сялянскаму сыну, якому «да камяка ў горле» блізка сучасная вёска, які ездзіць туды не госцем і не з камандзіроўкай у кішэні, а вырас там і цяпер жыве яе клопатамі, — могуць з такой паўнатой і багаццем душэўных праяў адкрыцца разнастайныя характары, у тым ліку і такія, якіх не было ў ёй да вайны, а некаторых, можа, і год 10–15 назад, і якія з’яўляюцца толькі цяпер, у 60-я гады ХХ стагоддзя. З даўно не адчуваным захапленнем вясковай тэмай чытаючы гэты твор, я не знайшоў у ім ніводнага вобраза, логіцы характару якога захацелася б запярэчыць. Радасна засведчыць, што ўсе яны, пачынаючы ад бясспрэчнага аўтарскага адкрыцця — Янкі Сітова да эпізадычнай асобы ўчастковага, які ў двух-трох абзацах з’яўляецца ў апошнім раздзеле, — кандэнсацыя выразнай аўтарскай думкі і выпісаны з майстэрскай дакладнасцю.

2

Асіпенка А. Абжыты кут // Маладосць, 1963, № 11.

У цэнтры падзей аповесці — Янка Сітоў, вясковы юнак, адзін з тысяч выпускнікоў сельскіх школ. Але ў даным выпадку мы маем справу са своеасаблівым у беларускай літаратуры аб вёсцы вобразам маладога чалавека, які праз нялёгкія турботы жыцця ўсвядоміў сваю гордую сялянскую годнасць, які не здольны на кампраміс з жыццёвай шэрасцю, які ведае, чаго хоча, і ўпэўнены, чаго не павінна быць. Не, гэта не бесцялесная схема ідэальнага героя, па-пурытанцку беззаганнага ў сваёй задуме, — гэта жывы чалавек з усёй супярэчлівасцю свайго яшчэ не закончанага ў развіцці характару.

У пачатку аповесці ён не збіраўся заставацца ў калгасе — ён, як і многія яго равеснікі, марыў пра інстытут, пра горад з яго яшчэ немагчымай для вёскі добраўпарадкаванасцю і культурай. Ды і што ў тым благога — гэта вельмі зразумелая кожнаму з’ява — таксама, як і жаўтаротаму шпачку з сімвалічнай сцэны ўступу да гэтай аповесці — людзям дадзена ў пэўным узросце часта на вельмі яшчэ нямоцных крылах вылятаць з бацькоўскага гнязда ў шырокі і невядомы свет. З часоў коласаўскага Сцёпкі Баруты тысячы юнакоў і дзяўчат кожнае лета ладзяць катомкі, у глыбокі кішэнь пад зашпільку хаваюць бацькаву дзясятку і стукаюцца ў незнаёмыя дзверы храмаў навукі, каб прыдбаць спецыяльнасць і стаць людзьмі. Але жрацы навукі, пазбаўленыя спагады, у многіх бракуюць веды, ды і наогул надышоў, відаць, час, калі сцены інстытутаў не могуць змясціць у сабе ўсіх таго вартых. Тады ў самым пачатку жыцця — маральная траўма і расчараванне, драматызм якіх лёгка сабе ўявіць. «Тое, што жменька футбалістаў можа трапіць у клас ніжэй, узрушыла ўвесь горад. Можа, гэта і сапраўды жахліва, — разважае Янка, назіраючы ў горадзе столпатварэнне на гарадскім стадыёне. — Можа, трэба хвалявацца і спачуваць? Але чаму спачуваюць адным футбалістам? Мы вылятаем з гульні не па адным, а сотнямі. І сезон экзаменаў у нас меншы — дваццаць хвілін і — будзь здаровы, развітайся са сваімі намерамі. Тры асноўныя пытанні, тры-чатыры дадатковыя і — вылятай. Ніхто табе не паспачувае. Ты — абітурыент. Гэтым усё сказана».

Лёс з самага пачатку самастойнага жыцця болей чым няласкава паставіўся да Янкі Сітова, але гэты хлопец знаходзіць у сабе сілы, каб не паддацца роспачы. Такі ўжо ў яго характар, такая чалавечая якасць, што агульнае, людскае навокал прыглушыла ў ім боль за ўласныя няўдачы, — і Янка прыходзіць да вываду, што інстытут — інстытутам, а ў вёсцы трэба жыць лепш, чым жылі і гаспадарылі дагэтуль яго землякі-зарачанцы. Усёй сутнасцю сваёй сумленнай маладой істоты Янка спасцігае тую бясспрэчную ісціну, што селянін на сваёй зямлі павінен гаспадарыць, знаходзіць на ёй творчы пачатак і паэзію працы, а не толькі як-колечы існаваць з сваіх сотак. Ён яшчэ не ведае, як перамагчы ўсю тую коснасць і безгаспадарчую безадказнасць, у якой апынулася брыгада па віне яе гора-кіраўнікоў, але ён упэўнены, што далей так не павінна быць. Не павінны сёстры Какосцікавы спяваць брыдкія прыпеўкі, не павінен махляваць калгасны шафёр Хведар, піць у кожнай хаце учотчык Сцяпан Макуха і патураць яму брыгадзір Цопа. У брыгадзе ёсць здаровыя, сумленныя людзі, прыязджае з арміі былы афіцэр Загурскі, ствараюцца пэўныя процідзеючыя шматгадовай руціне сілы, у рэчышчы якіх апынаецца ўрэшце і малады калгаснік Янка Сітоў.

Прайшоў праз крушэнне сваіх інстытуцкіх мараў, праз нялёгкія выпрабаванні не зусім удалага кахання, праз адкрыты і не пазбаўлены небяспекі канфлікт са шкурніцкімі элементамі ў калгасе, Янка ў аповесці робіць самыя першыя спробы ўзняць гаспадарку, дамагчыся дысцыпліны ў брыгадзе. І гэта прымаецца зусім натуральна, бо пісьменнік паграшыў бы супраць праўды жыцця, строгаю мерай якой вызначаецца ўся аповесць, калі б зрабіў гэтыя намаганні маладога брыгадзіра болей выніковымі.

Нідзе не пераціскаючы і не згушчаючы фарбы, аўтар у той жа час з бязлітасным выкрыццём малюе вобразы калгаснага брыгадзіра Цопу і яго ўчотчыка Сцяпана Макуху. За шмат год гаспадарання гэтыя гора-кіраўнікі давялі сваю кіраўнічую дзейнасць да адкрытай злачыннасці. Лаканічна і з вялікай псіхалагічнай дакладнасцю напісана аўтарам поўная сумнай іроніі сцэна прыезду старшыні калгаса Чукрая на ток, які ачышчае група калгаснікаў пад кіраўніцтвам учотчыка Макухі. Праставаты, бяспросыпна п’яны ўчотчык па-майстэрску абводзіць вакол пальца былога канцылярыстастаршыню. Беспардоннае ашуканства, якое мог бы лёгка зразумець звычайны чалавек, безадмоўна дзейнічае на Чукрая, бо падмацоўваецца цяжкай артылерыяй дэмагагічных запэўненняў, узятых на сябе бескантрольных абавязацельстваў.

Брыгадзір Цопа і ўчотчык Макуха — гэта тыповыя параджэнні часоў культу, калі галоўным у гаспадаранні былі не яго вынікі, а агульнапрынятае пустаслоўе ў спалучэнні з салдафонскім паслухмянствам перад начальствам і дутымі лічбамі ў справаздачах. Гаспадарылі яны дрэнна, п’янствавалі, кралі калгаснае дабро. Тым больш сімптаматычнай становіцца тая акалічнасць, што яны, па сутнасці, не прыроджаныя злачынцы, не якія-небудзь паталагічныя злыдні, а свае звычайныя сяляне, увогуле неблагія некалі людзі, былыя франтавікі. Даследуючы генезіс гэтых вобразаў, аўтар разглядае іх як аб’ектыўны прадукт пэўнай эпохі, перыяду заняпаду калгаснай гаспадаркі, калі распаўсюджанай запаведдзю вёскі было: «не ўкрадзеш — не пражывеш» і «на праўдзе далёка не паедзеш».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: