Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сустрэтае з вялікай увагай выступленне Ж. П. Сартра разам з працяглымі апладысментамі ў многіх удзельнікаў кангрэсу выклікала і жаданне спрачацца. Пісьменнікі-рэалісты, пагаджаючыся з сацыяльнай накіраванасцю прамовы славутага філосафа, не маглі падзяліць яго фармалісцкіх густаў і схільнасцей.

Справа не ў словах і вызначэнні тэрмінаў, сказаў у адказ некаторым апалагетам авангардызму А. Твардоўскі. Галоўная труднасць нашага дыялога ў тым, што авангард не прадставіў прадмета (твораў) для абмеркавання. Для мяне галоўнае і рашаючае ў мастацкім творы, кажа Твардоўскі, гэта неабходнасць яго паяўлення ў літаратуры. Ці мог ён не быць? Эксперымент сам па сабе, можа, і не благая з’ява, але ўся справа ў тым, ці прыме ў ім удзел чытач. «Працэс» Кафкі і «Насарог» Іянеска пры ўсёй ускладнёнасці іх формы маюць значны сацыяльны змест, і гэта робіць іх даступнымі і важнымі для нас. Мастак не можа не мець сваіх абавязкаў перад грамадствам. У якасці прыкладу высокага ўсведамлення гэтых абавязкаў А. Твардоўскі называе «Чуму» Камю і «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя.

Аб важнасці і складанасці праблем авангарда гаварылі шматлікія прамоўцы — прадстаўнікі розных краін. Нягледзячы на сваё суб’ектыўнае стаўленне да гэтага напрамку, амаль усе яны, як прыхільнікі авангарда (француз М. Надо, італьянец Барэлі, бельгіец Гафо, румын Ботэз), так і яго прынцыповыя праціўнікі (савецкі крытык Б. Сучкоў, югаслаў Давыдчоў, француз Вейдле) сыходзіліся на тым, што гэтая літаратурная плынь пакуль што і ў значнай меры знаходзіцца ў стане пошукаў, эксперыменту і яшчэ не стварыла твораў, якія б давалі магчымасць скласці канчатковае ўяўленне аб ёй. В. Аксёнаў у сваім выступленні адстойваў права мастака на сумленны эксперымент, найбольш яскравым прыкладам якога ён называе творчасць вядомага італьянскага кінарэжысёра Ф. Феліні. Але французскі крытык і мастацтвазнаўца Ул. Вейдле не пагадзіўся з гэтай думкай савецкага пісьменніка. Ён выказаў меркаванне, што залішняя павага да тэрміна «эксперымент» ідзе ў наш час ад моднага цяпер навукапаклонства. Але ж і ў навуцы эксперымент — гэта толькі спосаб праверкі гіпотэзы, а не мэта пошукаў.

Некаторыя з літаратараў слушна гаварылі на кангрэсе пра небяспеку дыскрэдытацыі станоўча новага ў літаратуры з боку ілжэавангарда, а таксама пра беспадстаўныя нападкі на яго рознага роду філістэраў. Але і авангард групавы — з’ява непажаданая, як сказаў Карэл Лайцінен (Фінляндыя), бо можа прывесці да моды, якая сама па сабе супрацьпаказана мастацтву.

Трэба зазначыць, што як прыхільнікі авангарда, так і яго праціўнікі выказалі на кангрэсе шмат слушнага. Няма таксама сумнення ў тым, што ва ўсёй разнастайнасці заходняга авангарда, пры цэлым шэрагу самых розных ягоных хібаў і несумяшчальных адна з другой якасцей, працуе нямала шчырых і сумленных людзей, некаторыя з якіх разглядаюць сваю творчасць як своеасаблівы бунт супраць буржуазнага грамадства і яго культуры. У гэтым сэнсе заслугоўваюць увагі словы французскага авангардыста Марыса Надо, які сказаў, што кожны мастак хоча быць наватарам і ў гэтым сэнсе ён шукае, рызыкуючы сабой.

Так, у мінулым і зараз лепшым з прадстаўнікоў прагрэсіўнай літаратуры на Захадзе даводзіцца нялёгка. На адным з пасяджэнняў кангрэсу генеральны сакратар таварыства вядомы італьянскі крытык Джон-Карла Вігарэлі паведаміў, што ў той самы час, калі ў Рыме пачаўся еўрапейскі дыялог пісьменнікаў, у заходнегерманскім горадзе Дзюсельдорфе фашысцкія і абскурантысцкія элементы распачалі раз’юшаную кампанію супраць аднаго з прагрэсіўных літаратараў ФРГ Гюнтара Граса. Быў падпалены дом пісьменніка і спалены на гарадской плошчы ягоныя кнігі, таксама як і кнігі Эрыка Касцера, Франсуазы Саган і іншых пісьменнікаў.

З той жа трыбуны кангрэсу партугальскія дэлегаты, апелюючы да Еўрапейскага таварыства, расказвалі аб лёсе сваіх суайчыннікаў — пісьменнікаў Партугаліі і Мазамбіка, якіх арыштоўваюць, судзяць, саджаюць у турмы. Кангрэс прыняў спецыяльны зварот да ЮНЕСКА і партугальскага ўрада з поваду фактаў тэрору супраць літаратуры.

Тыдзень напружанай дыскусіі на via Nazionale, вядома, не прынёс ні паражэння апалагетам авангарда, ні перамогі традыцыяналістам. Зрэшты, гэта і не было задачай кангрэсу. Галоўнае і самае важнае заключаецца ў тым, што прадстаўнікі розных літаратур ва ўмовах шчырасці і даверу зрабілі новыя крокі па шляху збліжэння вельмі неаднолькавых, часам разнаполюсных пунктаў погляду на праблемы даволі пашыранага ў свеце сучаснага літаратурнага авангардызму. Пры гэтым амаль ва ўсіх выступленнях выказвалася думка аб тым, што ў сучасных умовах як ніколі важна камунікацыйнае значэнне літаратур.

[1965]

Пяром аналітыка

Кожны, хто сочыць за развіццём беларускай прозы і трымае руку на яе не заўсёды роўным пульсе, у апошні час не можа не адзначыць некаторага супакаення яе эмоцый, пэўнай запаволенасці яе дыхання.

Сапраўды, у апошнія некалькі год было апублікавана нямала ўдалых твораў, адгрымелі і сціхлі крытычныя баталіі вакол «Птушак і гнёздаў», «Каласоў пад сярпом тваім», аднадушна былі ўхвалены «Людзі на балоце» і «Сэрца на далоні». Тыя, з маладзейшых аўтараў, якія азадачвалі крытыку ў пачатку свайго творчага шляху, набралі моцы і працуюць роўна. Здаецца, у бліжэйшы час сенсацый не прадбачыцца. Беларуская проза набыла даволі салідны ідэйна-мастацкі капітал, збольшага асэнсавала яго і цяпер нібы запаволіла сваю хаду, можа, у нядоўгім, але прынцыповым роздуме — як рухацца далей?

Пэўна вядома — звароту да старога не будзе. Колішнія эталоны, што ў якасці такіх не дажылі нават да сённяшняга дня, наўрад ці дамогуцца таго, каб пачаць новае жыццё ў будучым. Зноў жа, ці варта спадзявацца на тое, што ў хуткім часе з’явіцца нейкі літаратурны месія, які адрыне традыцыі і павядзе літаратуру па зусім новым, адметным ад папярэдняга шляху. Значыць, застаецца сучасны метад і ўзровень, дасягнуты дагэтуль, плюс папраўка на канкрэтныя ўмовы развіцця. У гэтым — той вектар, які вызначыць лёс нашай літаратуры на нейкі час будучыні.

Але якая будзе гэтая папраўка? З якім знакам і ў якой абсалютнай велічыні? Не прэтэндуючы на якое б там ні было прароцтва, цікава паразважаць пра гэта.

Найбольш дзеяздольнае, на мой погляд, у сучасны момант — сярэдняе пакаленне літаратараў. Яно стварыла, мабыць, самае значнае ў нашай прозе. Яно даволі пераканаўча засведчыла сваёй творчасцю тую выказаную Стэндалем ісціну, што мастацтва патрабуе моцных страсцей. Вайна і ўсе звязаныя з ёй катаклізмы далі яму ў гэтым сэнсе выдатны жыццёвы матэрыял. Моцныя пачуцці рухаюць учынкамі герояў Адамовіча, Асіпенкі, Брыля, Карпюка, Кулакоўскага, Навуменкі, Шамякіна. Пэўныя хібы майстэрства, што мелі месца ў творах названых аўтараў, даволі шчасліва кампенсаваліся аўтарскай страснасцю, сапраўднай любоўю і непадробнай нянавісцю. Шчырасць і паўнагучнасць пачуцця напоўнілі дзясяткі найлепшых кніг пра вайну.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: