Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сэнс гэтых звычайна сказаных слоў непрыемна-пра чувальным дотыкам слізгануў па адчуваннях. Валошын унутрана сцяўся, але тут жа валявым намаганнем перасіліў сябе і амаль бадзёра зазначыў:

— Глупства. Прастое супадзенне — не болей.

Сам сабе ён падумаў, што колькі ўжо загінула ў батальёне і з гадзіннікамі, якія не спыняліся, і без гадзіннікаў наогул, і з дрэнным прадчуваннем, і з самым лепшым. Аднак ён не паспеў колькі-небудзь пераканаўча супакоіць ротнага, калі непадалёк ля светлае плямы свежанакапанай зямлі заварушылася знаёмая сутулаватая постаць у паўшубку. Гэта быў камандзір дзевятай Кізевіч. Той таксама пазнаў камбата і, павярнуўшыся да яго, прычакаў.

— Ці не ў пяць ужо атака? — запытаў ён хрыплавата-іранічным басам.

— Атака ў свой час, — суха сказаў камбат, прыпыняючыся, — Як вы забяспечылі фланг?

— Фланг? — перапытаў Кізевіч і пераступіў ля бруствера.

Можна было падумаць, што ён толькі цяпер успомніў пра гэтае ліха — фланг, які быў для яго роты адкрыты ва ўвесь белы свет, і не ведаў, як бы яму адказаць.

— Ну так, фланг, — пацвердзіў Валошын і цярпліва счакаў паўхвіліны, звыклы да медзведзяватай нетаропкасці і камроты-9.

— Павярнуў два ўзводы, і капаюць.

— А папаўненне?

— I папаўненне капае. А што ж яму — спаць?

— Папаўненню дайце адпачыць. Хай старыя папрацуюць.

Кізевіч змоўчаў, і Валошын падумаў, што ўвогуле, калі мець на ўвазе заўтрашнюю задачу, дык капаць адсечную пазіцыю на фланзе, можа, і не было патрэбы. Але хай. Можа так здарыцца, што спатрэбіцца і адсечная, тым болей што і Кізевіч таксама пра тое вось не забыўся.

— Вазьміце для ўзмацнення ўзвод ДШК.

— Гэта всягда пажаласта, — дабрадушна азваўся Кізевіч.

— I глядзіце мне фланг. Атака само сабой. А фланг — ваша асобая задача.

— Будзе забяспечана, — усё з той жа іранічнай лёгкасцю запэўніў Кізевіч.

Штосьці западозрыўшы ў паводзінах камроты, Валошын зрабіў крок наперад і ледзьве не ўпрытык стаў перад ім. Кізевіч, блажэнна ўсміхаючыся ў цемры, нават не саступіў убок.

— Зноў? — са сцішанай злосцю запытаў камбат.

— Наркомаўскія. Дальбог, не болей.

— Здаецца, вы ў мяне дастукаецеся, — пасля паўзы ціха зазначыў Валошын.

Кізевіч паспрабаваў пакрыўдзіцца.

— Ну, скажаце тоже. Што я — маленькі? На сцюжы толькі, абы для сугрэўкі.

Гэтае тлумачэнне ён чуў ужо не першы раз, як ні ўпершыню папярэджваў Кізевіча, які ўвогуле быў не благі камроты, каб вось не гэтая трошкі празмерная схільнасць да «наркомаўскіх».

Нехта ў цемры кідаў цераз бруствер зямлю, разы два яе ацяробкі абсыпалі боты камбата. Ззаду стаяў, чагось чакаючы, маўклівы лейтэнант Муратаў, і насупраць лена перамінаўся з нагі на нагу відавочна задаволены сваім хмельнаватым адчуваннем Кізевіч. Валошына амаль раздражняла гэтая яго задаволеная саманадзейнасць — столькі невядомага чакала батальён заўтра на ранку, а гэты, глядзі, якая лагоднасць!

— Вось што, — сказаў ён, падумаўшы. — Вазьміце адзін ДШК. Другі пойдзе ў роту Самохіна. Кізевіч адразу знерухомеў.

— Ну, гэта ўжо… Таварыш капітан: у мяне ж фланг. Самі казалі…

— Вось адным кулямётам і забяспечыце фланг, — незгаворліва адрэзаў камбат і павярнуўся да тылавога пагорка. — Дзе Ярашчук? Здаецца, недзе тут быў…

9

Кулямётны ўзвод Ярашчука размяшчаўся недзе ў старых варонках між дзевятай і лесам, але цяпер, у глухім цемрыве ночы, камбат скалясіў уздоўж і ўпоперак амаль увесь схіл пагорка, і марна: Ярашчук нібы скрозь зямлю праваліўся. Валошын ужо гатовы быў напалохацца: ці не здарылася што з прыдадзеным яму ўзводам, як успомніў, што непадалёк ад Ярашчука быў невялічкі хамлак алешніку на ўзмежку, які цяпер таксама недзе прапаў уначы. Значыць, ён заблудзіўся. Памеркаваўшы, камбат узяў вышай, пад лес, улез у нейкае хмыззё, паабдзіраў рукі і твар, пакуль выбраўся з яго, перайшоў у раўку падталы язык хрупасткага на марозе, шызага ў цемры снегу і, рызыкуючы павывіхваць у костачках ногі, са сляпой таропкасцю перайшоў клін змерзлай раллі. I тады ён пачуў ціхі голас убаку, неўзабаве яго аклікнулі, і ён ужо падумаў, што знайшоў прапажу, як аклікнулі зноў:

— Стой! Хто ідзе?

— Свае.

— Пропуск?

— Баёк.

— Стой!

— У чым справа?

— Пропуск?

Што за ліха, падумаў камбат, здаецца, зайшоў не туды, ці не на ўчастак суседняга батальёна, дзе, ведама, на сёння быў іншы пропуск. Ён спыніўся, з непрыемнасцю адчуваючы ў цемры настаўлены на яго аўтамат чалавека ў плашч-палатцы, які неўзабаве крыкнуў у цемру:

— Таварыш сяржант Мацяйчук!

— Што такое?

Камбат ледзьве не вылаяўся з прыкрасці, гэта была батарэя Іванова. Ён пазнаў голас ягонага ардынарца, які ўжо выбіраўся аднекуль у цемры, мабыць, з зямлянкі.

— Хто такі?

— Гэта я, Мацяйчук.

— А, таварыш капітан? Праходзьце, — пазнаў яго Мацяйчук, які ў адной гімнасцёрцы падышоў да камбата, данёсшы да яго пах дыму і яшчэ нечага прыемна-харчовага.

Вартавы з маўклівай незадаволенасцю ўзяў аўтамат на плячо.

— Капітан тут?

— Тут. Праходзьце.

Ён праціснуўся праз вузкі праход у зямлянку, у якой было цёпла да гарачыні і ля ўвахода на зямлі імклівым полымем сіпела пад кафейнікам паяльная лямпа. Насупраць на засланых лапнікам нарах з нейкаю кніжкай у руках ляжаў камандзір батарэі Іваноў. У зямлянцы пахла бензінавым чадам і кавай. Маленькая акумулятарная лямпачка з-пад столі няблага асвятляла гэта ўтульнае жытло.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: