Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Замяняемасць нумароў, што ж ты хочаш! — казаў Іваноў, беручыся за другую кварту кавы. — Агнявая падрыхтоўка.

— Падрыхтовачка яшчэ тая, гэта я ведаю. Пад Звонавам мае ўзялі ў палон іхняга снайпера. Два крыжы на кіцелі, можаш уявіць, колькі настраляў нашага брата. I ўсяго месячныя курсы скончыў. Пытаюся, як вучыліся? Проста, кажа. Кожны дзень шэсць гадзін агнявой падрыхтоўкі на палігоне. Во практыка! А ў нас?

— А ў нас чорт ведае чаго толькі няма ў праграмах. Вунь артылерыстаў вучаць. I ПХЗ, і абавязкова страявая. Быццам на фронце — парады.

— Нягожа хваліць ворага, але так, — пагадзіўся Валошын.

Ён ужо ведаў у характары Іванова ягоную рысу да самакрытычнасці ў адносінах ці артылерыі, ці нашых парадкаў, ці нават самога сябе і прывык да яе. Яна не калола іх вайсковага гонару і толькі сведчыла пра назіральнасць сябра і яго смеласць, ні на кога не зважаючы, выказаць праўду. Валошын жа так выказацца мог толькі ў крайнім выпадку.

— А чаму — нягожа? Наконт вайны яны майстры. Нічога не скажаш.

— Так, — без асаблівай ахвоты пагадзіўся Валошын. — Асабліва што датычыць пяхоты. Вунь колькі ў нас было да вайны статутаў па тактыцы, і ўсе насмарку. Цяпер у пажарным парадку напісалі новыя: і БУП-1, і БУП-2. I ўсё на аснове, якую яны нам навязалі ў вайне.

— Так, так. Хаця гэта ў вас, у царыцы палёў. У нас, у артылерыі, амаль усё па-ранейшаму. Па-даваеннаму.

— У вас што — у вас матэматыка. Функцыі ўглоў адны і тыя ж, у нас і ў немцаў.

— Калі б яшчэ да гэтай матэматыкі болей снарадаў,— уздыхнуў Іваноў.— А то ну што за работа — на кожны стрэл дазвол у камандзіра дывізіёна прасіць! I так ужо ашчаджаеш, як скупы рыцар. Над кожным снарадам трасешся.

— Гэта так. Ну што ж, дружа, добра ў цябе, але трэба ісці. Паслаў разведчыкаў — чакаю выніку. Хоць бы касагор не замініравалі. А то заўтра будзе нечаканка.

Валошын угледзеўся ў свой швейцарскі гадзіннік — было два трыццаць.

— Не дай бог — міны, — сказаў Іваноў — Ведаю.

— Пад агнём паспрабуй тады, размініруй.

— «Шпрынгены» гэтыя — чорт бы іх узяў. У мяне ж во камандзір узвода ўпраўлення на міне падарваўся. Цяпер узводам Мацяйчук камандуе.

Валошын устаў, зашчапіў на кручок каўнер шыняля. Томік вершаў Ясеніна з заламанай старонкай ляжаў на лапніку, і ён раптам згроб яго вялікай рукой.

— Знаеш, ты ўсё роўна спаць будзеш, а мне не да сну. Хоць, можа, душу адвяду, — прабачліва сказаў ён. Іваноў паморшчыўся, але не запярэчыў.

— Толькі з умовай: вярнуць. А то тут у мяне чарга…

Яны абодва выйшлі з зямлянкі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.

— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку, — сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра. — Заўтра іншая гутарка будзе.

— Заўтра іншая, — пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.

10

3 НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам пачуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.

— Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.

— Не трэба на КП, — сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей. — Усе вярнуліся?

— Усе, таварыш камбат, — ціха азваўся Муратаў.— На фланговым пагорку нашы.

Валошын падышоў бліжай, трое байцоў у шапках з адтапыранымі вушамі насцярожана стаялі з вінтоўкамі ля нагі.

— Былі на вышыні? — запытаў ён.

— Не, таварыш камбат. Да вышыні не далезлі, дрыгва там. I так во па калена, — сказаў адзін з байцоў і, расхінуўшы полы шыняля, паказаў цёмныя, мусіць, мокрыя, сцёгны. — Але мы чулі.

— Што вы чулі?

— Нашыя там. Капаюць акоп. Чулі, лаюцца, і ўсё такое. Па-нашаму, па-руску.

Валошын прымоўк. Тое, што там нашы, а не немцы, было няблага, але такі метад разведкі гэтых разведчыкаў — на слых — яўна не задавольваў яго. Мусіць, заўважыўшы недавер камбата да вынікаў свае работы, усё той жа баец з жывасцю расказаў:

— Улезлі ў кусты, сядзім, чуем, яны там зямлю дзяўбуць. Хацелі ўжо вылезці па вадзе, ды чуем, па-нашаму размаўляюць: «Валодзя, куды ты, кажа, падсумкі дзяваў?» — «На шынялі, кажа, мае і твае». Ну, ведама ж, нашы, — з упэўненасцю скончыў баец.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: