Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Калі нашы, тады трэба ўстанавіць з імі сувязь, — сказаў камбат. — Дамовіцца пра ўзаемадзеянне на заўтра. Паклічце мне лейтэнанта Кізевіча.

— Ёсць!

Баец пабег у кірунку да дзевятай роты, а Валошын задуменна паўзіраўся ў той бок, за балотца. Ведама, у цемры ён нічога не ўбачыў, але ён ведаў, што пагорак там быў маленькі, сілу на ім вялікую не размесціш, хіба які ўзвод мог бы там акапацца і памагчы батальёну агнём па вышыні «Вялікай». Толькі хто яго мог заняць — няўжо падышоў авангард суседняй арміі? Гэта было б здорава.

Чакаючы Кізевіча, Валошын прысеў на цвёрдыя камякі бруствера адзіночнай ячэйкі, некалькі байцоў, што стаялі каля яго, пачалі стукаць ціхенька, але настойліва чаравікамі — грэць ногі.

— Што там, сапраўды нельга прайсці? — запытаў камбат.

— Вада там, таварыш капітан. Не ўмерзла. Мы пайшлі — праваліліся, насілу вылезлі.

— А як жа тыя прайшлі?

— А хто знае? Можа, дзе і ёсць праход. А ўночы як знойдзеш?

«Так, так, — думаў камбат. — Наўрад ці іх там многа. Можа, сакрэт ад суседзяў? Але ўсё роўна трэба звязацца. Трэба кагось паслаць».

Калі валюхастым крокам падышоў з цемры Кізевіч, Валошын сказаў:

— У вас ёсць талковы сяржант?

— Гэта навошта?

— Устанавіць сувязь з вышынёй «Малой». За балотцам.

— Што ўстанаўліваць! — цепнуў плячом Кізевіч — Там нікога няма.

— Як няма? Во людзі прыйшлі, чулі — галасы. Нашых, рускіх.

— Што яны маглі чуць? Я да вечара туды глядзеў — ніводнай жывой душы. Можа, яны ў цемры не на той бугор вылезлі? Можа, правей узялі, там праўда нехта поўзаў увечары.

Камбат памаўчаў, не ведаючы, што рашыць. Упэўнены тон камандзіра роты яго бянтэжыў, але і хлопцы таксама былі ўпэўнены, што ішлі правільна.

— Мы ж прама ішлі. Цераз кусты. Пад самы бугор. Але ж там вада, не ўмерзла. Балота.

— Вось іменна балота. Залезеш — не вылезеш, — сказаў Кізевіч і адвярнуўся.

— Тым не менш пашліце сяржанта з байцом. Хай дакладна ўстановіць: хто і колькі.

— Сяржанта! У мяне іх зашмат?

— Самахвалаў у вас ёсць? Яго і пашліце.

Кізевіч пастаяў моўчкі і пайшоў у ноч, несучы незадаволенасць новым загадам. Валошыну гэта не дужа спадабалася, але камандзір дзевятай меў асобны характар і рабіў так не першы ўжо раз. Да таго ж ён гадоў на пяць быў старэйшы за Валошына, і гэтая акалічнасць трохі стрымлівала камбата ў падобных сітуацыях.

Валошын коратка развітаўся з маўклівым, заклапочаным сёння Муратавым і пайшоў у роту Самохіна — важна было дазнацца наконт мінаў на той, галоўнай іх, вышыні. Хоць ён і разумеў, што ўночы сілай двух байцоў не шмат чаго разведаеш на даволі шырокім умерзлым схіле, але ўсё ж. Па крайняй меры, хоць адна знойдзеная там міна дала б камандзіру батальёна знак, што вышыня замініравана і што без яе размініравання нельга пачынаць атакі. Горш, калі яны там нічога не знойдуць і ён заўтра налезе з батальёнам на міннае поле.

На гэты раз камбат лёгка знайшоў у цемры па-над балотцам маленькі бліндаж Самохіна, ля якога яго, аднак, сустрэў старшына Грак. Ён сказаў, што лейтэнант прылёг адпачыць і пакінуў яго, Грака, дачакацца разведчыкаў з вышыні, якія ўсё яшчэ не вярнуліся. Камбат хвіліну маўкліва пастаяў разам са старшыной, паслухаў, але на вышыні па-ранейшаму было глуха і цёмна, ніводзін гук адтуль не далятаў супраць ветру, і Валошын рашыў вярнуцца на свой КП.

— Прыйдуць разведчыкі,— адразу ка мне.

— Ёсць, таварыш камбат!

Справа з разведкай неспадзявана затрымлівалася на абодвух напрамках, і гэта не магло не турбаваць камбата. Асабліва непакоіла вышыня — нешта дужа доўга не было сяржанта, хоць бы ён там дзе не наткнуўся на баявое ахраненне немцаў, думаў Валошын. Ідучы ў цемры на свой пагорак з НП, ён некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Аднойчы яму здалося, што ён чуе нейкі голас, які даляцеў з вышыні. Але, мусіць, гэта быў голас немцаў, бо калі б яны заўважылі яго разведчыкаў, дык напэўна пачалася б страляніна — без страляніны ўжо не абышлося б. Але пакуль было ціха, і можна было спадзявацца на ўдачу разведкі.

На НП у траншэі дзяжурыў ужо не Прыгуноў, а Ціток, ён таксама пазнаў камбата і не аклікнуў яго, а толькі паціху затупацеў ботамі, даючы тым знак, што не спіць, назірае і грэецца.

— Ну як — усё ціха? — запытаў Валошын.

— Ціха, таварыш камбат. Толькі машыны гурчаць.

— Дзе гурчаць?

— Ды там, на гарбу гэтым.

— На гарбу і будуць гурчаць. Умацоўваюцца.

Ён прайшоў па траншэі і падняў край палаткі на ўваходзе ў сваё жытла. Цяпер тут было не шмат цяплей, чым знадворку, печка-бітон, мусіць, ужо не гарэла. На яго ўваход у куце ля тэлефоннага апарата заварушыўся, пачаў дзьмухаць у трубку заспаны, з паднятым каўняром Чарнаручанка, побач пад паўшубкам спаў, выцягнуўшы ногі, Гутман, а ля ягонага боку сцяўся намерзлы за сваё дзяжурства Прыгуноў. Ад скрынак падняў санлявы твар Маркін.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: