Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.

— Мне ўранку малако на сепаратар везці.

— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.

Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.

— Да, а куды ты малако возіш?

— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.

— У Кругляны?

— Ну.

Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.

— Цераз мост ездзіш?

— Цераз мост. А як жа.

— Ага! I ўчора вазіў?

— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.

— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку, — А што ж у іх, ахрана стаіць?

— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.

— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! А ну ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.

Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.

— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?

— Міця.

— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?

— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.

Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.

— Так-так, — штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі…— ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, а ну, па сакрэту.

Абое яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.

— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?

Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.

— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.

— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?

— Ну.

— Слухай, трэба падскочыць.

Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.

— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту. Брытвін, аднак, абарваў:

— Нічога! Сядай на каня і скачы.

Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця. Даніла на хаду гучней ужо сказаў:

— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!

— Бяры вінтар!

— Што вінтар! Аўтамат каб. Брытвін спыніўся.

— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!

— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.

Брытвін нецярпліва настояў:

— Кажу: дай аўтамат!

Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.

Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:

— I давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.

Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.

— Кажух мокры… Калі б вы далі ватоўку.

— На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.

З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: