Быкаў Васіль
Шрифт:
— Кантузіла, ці што?
— Нічога не кантузіла, — буркнуў хлопец.
Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:
— Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!
Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставата-радаснай ухмылкай твар.
— Ну.
— Парадак у танкавых вайсках!
Яны радаваліся — што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў рванулі мост — хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.
Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін таксама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі — кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае — паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.
Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала пакутай. На правай назе, да таго ж, даўно ўжо балела пята — мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.
Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.
— Гы! Што ты ўдумаў?
Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так», — падумаў ён з невясёлай палёгкай.
Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партызан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.
— Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?
— Ідзі вазьмі!
I Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.
— Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!
— Ты навошта гэта? — пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.
— Бо рваныя. Не бачылі?
Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.
— Падрамантаваць каб, дык насіць можна.
Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.
— Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.
— Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?
— Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.
Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.
17
Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес — знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.
Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком — акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.
На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі:
— Прывал!
— Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам, сунуўся ў засень над штабелем. Брытвін спярша зняўдзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.
Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў над штабель.
— Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.
— Не так, каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.
— Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?
— Кіламетраў? Каб не салгаць… Не многа засталося. Брытвін асуджальна пакруціў галавой.
— Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.
Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць, дзе ручай.