Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.

— Зарабілі,— ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што. Брытвін варухнуў сумку.

— А там жа і закусь была. А ну даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.

Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.

Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.

— Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?

Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.

Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.

— Атрава! I як яе паліцаі п’юць?

— А п’юць! I нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.

— Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, — сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок. Сцяпан перастаў жаваць.

— Хто малы, а хто стары. Давай сюды!

— Сап’ешся яшчэ. П’яніцам будзеш.

— Не тваё дзела. Дай бутэльку!

— Гэта хай камандзіру, — раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!

— Ладна, дай і яму, — махнуў рукой Брытвін. Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.

— Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла!

Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.

— Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.

— Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рззка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!

Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.

— А ты нам не указ! Не камандзір, каб указваць.

— Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось, без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!

— Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!

— Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін. — Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!

Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур’ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую тайную прынаду яго не возьмуць.

— Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?

— Гэта каго?

— Міцю, каго!

Брытвін выразна хмыкнуў.

— Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.

— А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? — хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.

— А ты што, недавольны?

— Давольны!

— Слава богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?

«Ах, вось што!» — мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада сэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: