Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ракета патухла, і на ягонай душы палягчэла — здаецца, самае цяжкае адолена. Гэта было так прыемна адчуць — кароценька і стрымана радасна, але не паспеў ён зноў выкінуць наперад сваю звязку лыж, як у той жа час вымушаны быў тыцнуцца галавой у снег. Зусім блізка ззаду недарэчна і неверагодна гулка бахнуў вінтовачны стрэл. Амаль жахнуўшыся, Іваноўскі ў наступнае імгненне порстка вертануўся на бок, рука звыкла схапілася за аўтамат, але ні ззаду, ні па баках ён не згледзеў ніякага руху. Усё наваколле нібы абмерла, адзін толькі стрэл — і болей ні гуку, і нідзе нікога паблізу. Праз момант, аднак, ярка засвяціла над хмызнякамі адразу ў двух месцах. Лейтэнант прасачыў за палётам ракет — яны, як і папярэднія, упалі ззаду, але тут жа ўзляцелі яшчэ дзве, абапал рачулкі. Пры іх яркім святле густым імпэтным трэскатам загаманіў кулямёт ад пунькі, вогненныя яго пісягі сцебанулі па кустоўі ля рэчкі. Некалькі куль зрыкашэціла ад узмежка, за якім яны толькі нядаўна хаваліся, і агнянымі пырскамі разляцеліся ў бакі. Кулямёт быццам намацваў іх у начы, ды так блізка мацаў, што іх ратавала адно толькі цемра. Іваноўскі ляжаў і скрыгаў зубамі ад нямой роспачнай лютасці: так усё ішло добра — і на табе, некага ўбачылі. Ці ўчулі.

Мусіць, яны так праляжалі доўга, бо лейтэнант пачаў ужо ўздрыгваць ад сцюжы, мокрая бялізна ледзяным панцырам абліпала цела. Угары згарэла з дзесятак ракет, кулямёт ля пунькі пакрысе замоўк. I тады ззаду раз і другі яго пакратаў за бок Лукашоў. Іваноўскі павярнуўся на снезе тварам назад.

— Кудраўца паранілі.

— Як?

Сяржант замест адказу цепнуў плячыма і таксама павярнуўся назад, мусіць, чакаючы адтуль тлумачэння.

Было ад чаго вылаяцца, але лейтэнант толькі сударгава сцяў у рукавіцах па жменьцы снегу. Што і казаць — пачатак быў сапсаваны, а неўзабаве магло здарыцца і самае горшае: іх убачаць у полі. Тым не менш разбірацца, паўзці назад цяпер зусім не было калі, і ён загадаў першаму, каго згледзеў у змроку:

— Шалудзяк! Марш назад! Забраць параненага і назад!

Па твары байца ў паўзмроку слізганула штосьці разгублена-заклапочанае, але ён разгроб целам снег і знік у начы. Іваноўскі тут жа спахапіўся ад думкі, што за параненым лепш было б паслаць не яго, а каго-небудзь больш спрытнага, але вяртаць Шалудзяка ўжо не стаў. «Хай жыве», — з пачуццём нечаканага велікадушна падумаў ён. Не кожнаму выпадае такое, але гэты стары, напэўна, болей за іншых мае права, каб выжыць, — усё ж бацька, дома трое дзяцей, а гэта нешта ды значыць.

Немцы каля пунькі маўчалі, пэўна, так нічога і не ўбачыўшы; зрабілася ціха, толькі за лесам усё гурчэла, варочалася і стагнала далёкая гарматная калатнеча. Іваноўскага зноў ахапіў непакой за марна растрачаны час, які, не зважаючы ні на што, бег сваім чынам, і лейтэнант нават спалохаўся, што зусім спозніцца. Папраўдзе, ён не прадбачыў столькі нечаканасцяў у самым пачатку і цяпер падумаў нявесела: «А што яшчэ будзе!»

Іваноўскі рвануўся наперад, але не прапоўз і дзесяці крокаў, як зноў прыпаў да зямлі, ратуючыся ад патоку імклівых трас, што мільганулі наўкола. Распластаны на снезе, лейтэнант угледзеўся ў той бок, дзе ледзьве прыкметным бугорчыкам цямнела на снезе будыніна, і жвава памкнуўся назад пад ахову ўсё таго ж маленькага, ледзьве прыкметнага ўначы ўзмежка. Усё ж такі, напэўна, іх згледзелі. Угары з шыпеннем і трэскам шматалі неба ракеты, а кулямётныя трасы, агняна бліскаючы ў цемры, секлі, нізалі, узбівалі снег якраз на іхнім шляху з-за ўзмежка. У што б там ні стала трэба было выслізнуць з гэтае пасткі, але па ярка асветленым полі гэта было немагчыма.

Здаецца, яны папаліся як мае быць і надоўга. Добра яшчэ, што ім трапіўся гэты ўзмежачак, нібы пасланы Богам для іх паратунку, — ён хаваў іх ад кулямётнага агню з пагорка. Але колькі можна хавацца?..

Тым часам усе нерухома і моўчкі ляжалі, чакаючы яго рашэння і яго камандзірскага дзеяння. I ён надумаў адзіна магчымае: гранатамі закідаць кулямёт. Мабыць, лепш за ўсё падпаўзці да яго з боку фронту, ад рэчкі, і зрабіць гэта з найбольшым поспехам, вядома, мог толькі ён сам. Толькі аднаму, у крайнім выпадку, двум яшчэ можна падабрацца да яго незаўважанымі.

— Перадайце: старшыну — ка мне!

Па ланцужку перадалі яго каманду, і Дзюбін, хутка прыпоўзшы, моўчкі лёг побач.

— Во што. Трэба зняць кулямёт, — сказаў Іваноўскі і, сустрэўшы ў адказ маўчанне, вытлумачыў: — Інакш не вылезем. У выпадку чаго вазьмі карту, павядзеш групу.

— Не гадзіцца так, — памаўчаўшы, сказаў Дзюбін. — Трэба другога каго.

— Каго другога? — сказаў лейтэнант. — Паспрабую сам.

Адхінуўшыся на бок, ён расшпіліў ватоўку, дастаў з-за пазухі пакамечаны аркуш карты, пасунуў бліжэй да старшыны свае лыжы. Кулямёт маўчаў, дагарала на снезе насцільна кінутая немцамі ракета, стала цёмна і ціха. Але ён ведаў, што варта толькі высунуцца з-за ўзмежка, як немцы зноў распачнуць свой тарарам; відаць, яны нешта ўсё ж бачаць.

— Лукашоў, за мной, — ціха гукнуў лейтэнант і не азірнуўся — ведаў, Лукашоў не адстане.

У суцэльнай цемры, якая неўзабаве агарнула іх, ён з аўтаматам у руцэ і трыма гранатамі ў кішэнях папоўз назад пад узмежкам. Трэба было спяшацца, інакш уся ягоная вылазка траціла свой сэнс. Гэта было не самае лепшае, можа, наадварот нават, але іншага выйсця са свайго становішча ён не знаходзіў. Іншым было хіба што вяртацца назад, што, зрэшты, таксама было няпроста. Ён злосна, роспачна лаяўся і паўтараў, грабучы снег: «Ну бі ж, гад! Бі! Шумі болей…»

Яму патрэбна было, каб кулямёт страляў. Калі кулямёт страляе, тады кулямётчык глухі і сляпы, тады б ужо лейтэнант як-небудзь падкраўся да яго. I кулямёт сапраўды хутка ўдарыў — адразу, як толькі засвяціла ракета. Але, на сваё здзіўленне, у першы момант Іваноўскі не ўбачыў ніводнай з ягоных трас. Кароткае недаўменне лейтэнанта, аднак, тут жа і знікла — кулямётныя чэргі кіравалі ў іх тыл, у бок поплаву і рэчкі, у тое месца, дзе яны нядаўна перапаўзалі яе ў кустоўі. На гэты раз немцы ўстрывожыліся надоўга і не на жарты. Над поплавам узгарэўся сапраўдны ракетны пажар, вакол стала відна, бы ўдзень, на лугавіну з пагорка несліся, скрыжоўваліся і разыходзіліся густыя вееры куль; некалькі кулямётаў з розных мясцін здзічэла секлі кустоўе. Спярша Іваноўскі інстынктыўна ўціснуўся ў снег, няшмат бачачы з свае баразны і толькі напружана ўслухоўваючыся ў густы мігатлівы скрыгат угары. Але і не гледзячы, ён хутка сцяміў, што гэта не так сабе, што гэта ўсё — Шалудзяк. Значыцца, усё ж заўважылі, высвецілі і цяпер расстрэльваюць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: