Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Рака тут рабіла вялікі паварот направа, таму ён згубіў яе ў цемры і наткнуўся на лес. Але наўрад ці была такая патрэба агінаць усе яе павароткі, напэўна, разумней было ўзяць адразу на поўдзень і тым зрэзаць немалы крук. Праўда, без ракі будзе трудней арыентавацца ўначы, тым болей што карта мела свае недакладнасці. Хвойны лес, які яны абышлі, зусім не быў азначаны на ёй, тапографы нанеслі тут толькі некалькі дробных кружочкаў, якія азначалі кустоўе. Калісьці, можа, гэта і было кустоўе, а цяпер вунь разросся лес — на добрыя два кіламетры ўдоўжкі, — які ледзьве не ўвёў яго ў зман.

Зразумеўшы, дзе знаходзяцца, лейтэнант скінуў з сябе палатку.

— Старшыны няма?

— Няма яшчэ. Можа, пачакаем? — спытаўся Лукашоў.

З апошняй надзеяй Іваноўскі ўгледзеўся ў ноч, прыслухаўся, але ззаду нікога не было чуваць. Доўгая адсутнасць старшыны пачала не на жарт трывожыць, з’явіліся розныя благія меркаванні, але ён гнаў іх, бо хацеў верыць, што Дзюбін дагоніць. Цяпер жа трэба было ісці далей, і патрэбны быў замыкаючы. Старшым у групе па званні пасля камандзіра быў сяржант Лукашоў, і лейтэнант сказаў:

— Лукашоў, пойдзеш замыкаючым. I каб ніякіх адставак. Паняў?

— Панятна, — цвёрда адказаў сяржант і саступіў з лыжні, каб прапусціць наперад астатніх.

— Тады марш! Яшчэ пару рыўкоў — і сініца ў шапцы.

Тады таксама сініца ледзьве не апынулася ў шапцы.

Яшчэ не сцямнела, як на мокрую зямлю пачаў падаць мокры сняжок. Было ціха. Спярша ён ішоў рэдзенькі, пухнаты — прыгожыя сняжынкі раздумна кружыліся ў паветры, плаўна асядаючы долу. Пасля снег пагусцеў і на змярканні паваліў так густа, што за пяць крокаў нічога не было відаць. Разведчыкі цярпліва сядзелі ў кустоўі і чакалі. За некалькі гадзін усе дужа азяблі. Параненага Фіха накрылі мокрай палаткай, і ён ціха пад ёй стагнаў. Калі крышку сцямнела, Болах і сяржант Балаенка пайшлі паназіраць за складам: з кустоў ужо нямнога было відаць.

Праз якую чвэрць гадзіны ўзрушаны Балаенка вярнуўся і перадаў загад капітана: Фіха з Рукавіцыным пакінуць на месцы, а астатнім бегчы на ўзлесак. Яны ўскочылі і хутка прыбеглі да свайго камандзіра. Да склада адсюль было зусім блізка, але снегапад і вечаровае сутонне не давалі нічога згледзець. Ажыўлены капітан рашуча аб’явіў, што дзейнічаць пачнуць зараз жа, не чакаючы ночы, бо пільнасць нямецкіх вартавых яшчэ аслаблена няўлёглай мітуснёй разгрузкі. Ніхто не запярэчыў капітану, разведчыкі заўжды слухаліся першага яго слова і ўсё выконвалі моўчкі і дакладна. Іваноўскаму ж у гэтай дыверсіі ўсё было новае і незвычайнае, ва ўсім ён спадзяваўся на Волаха і стараўся як мага дакладней выконваць яго загады.

— Якраз дарэчы сняжок, — сказаў лейтэнант, апускаючыся ля камандзіра.

Той павярнуў незадаволены, заклапочаны твар.

— Не дужа дарэчы. Нас не відно, але і мы ні д’ябла не бачым. А база вялікая.

Цяжка было ўгадаць, як лепш, аднак снег не пераставаў, і капітан рашыў пачынаць. Чацвярых з трафейным МГ пад камандай Іваноўскага ён пакінуў на ўзлеску з задачай прыкрыць на выпадак адходу, а сам з двума разведчыкамі, забраўшы ўсе гранаты, накіраваўся да базы. Не было ніякага развітання, проста Іваноўскі правёў іх даўгаватым позіркам, счакаўшы, пакуль усе трое адзін за адным не зніклі ў густых, белых ад снегу прыцемках. Ціхенька зарадзіўшы кулямёт, лейтэнант пачаў чакаць на ўзлеску.

Нейкі час наперадзе было цёмна і ціха, марудна цягнуліся хвіліны самотнага, напружанага чакання. У думках Іваноўскі ішоў за капітанам, уяўляючы сабе, як той пераадолеў адкрыты ўчастак поля, набліжаўся да ўзлеску. Пасля ён павінен, напэўна, спыніцца, каб агледзецца. Але што гэта?..

З ветранай снегавой цемры раптам даляцеў нейкі дзіўны спалоханы крык, за ім следам наступны, і перш чым Іваноўскі паспеў што падумаць, бахнуў блізкі вінтовачны стрэл. Тут жа над вяршынямі сосен пырхнула ракета, яна не шмат асвяціла на белым, затканым завеяй прасцягу, але Іваноўскі сцяміў: задума капітана сарвалася.

Напэўна, трэба было прыкрываць адыход, можа, пераняць агонь на сябе, але ён не ведаў, дзе капітан і чаму той ніводным стрэлам не адказаў на агонь вартавых. Аднак калі ад дарогі ўздоўж ля ўзлеску секанулі трасіруючыя кулямётныя трасы, ён не стрываў і ўдарыў з МГ насустрач, — наўздагад у тое месца ў цемры, дзе яны ўзнікалі. Ён з нецярпеннем чакаў паяўлення Волаха і выпусціў толькі адну чаргу па нямецкім кулямётчыку. Наўрад ці яго чарга дасягнула мэты, але ў іх малавата было патронаў, усяго адна стужка, трэба было эканоміць. Увесь час лейтэнанту здавалася, што вось-вось тры знаёмыя постаці выскачаць з цемры, і тады ўсе яны кінуцца прэч ад гэтай праклятай базы. Але мінаў час, а з цемры ніхто не выскокваў, і лейтэнант змушаны быў чакаць. Побач у снезе ляжаў яго баец Таўкачоў. Гукнуўшы да яго, Іваноўскі махнуў у бок базы, і той ускочыў і паслухмяна пабег у поле.

Ракеты над сасоннікам гарэлі не перастаючы, флангавыя трасы несліся кудысь у адно пэўнае месца — мабыць, нямецкі кулямётчык ведаў, куды цаляў. Іваноўскі з калена выпусціў другую чаргу наўздагад, і тады ўвесь гэты недалёкі ўзлесак сасонніку загрукатаў стрэламі, — мабыць, ахова заняла абарону і на поўным сур’ёзе адбівала напад. У такім выпадку трэба было хутка змывацца. Але капітана ўсё не было, і нядобрае прадчуванне сцяла Іваноўскаму горла.

Ён не адразу заўважыў, як нехта з’явіўся ў полі, у дрыготкім святле ракет праз завею наперадзе мільгануў хісткі цень. У той час як другі цень упаў, гэты імгненна вырас да гіганцкіх, на ўсё поле, памераў; абмінаючы яго, з двух бакоў на ўзлесак ляцелі кулямётныя трасы. У некалькі скачкоў Цень дасяг іхняга ўзлеску, і праз грукат страляніны Іваноўскі пачуў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: