Быкаў Васіль
Шрифт:
— Піць… Піць дайце…
— Што? Піць? Зараз, зараз, браток. Зараз мы цябе напоім, — спачувальна азваўся Ляўчук. — Грыбаед, ану схадзі паглядзі, мо ручай дзе.
Грыбаед уставіў у вінтоўку затвор і нетаропка завалюхаў у тумане берагам, а Ляўчук зірнуў на Клаву, якая ціхенька дрыжала на пожні. Зачатак нейкага жалю ўшчыкнуў яго адчуванне, і ён скінуў з мокрага пляча падмочаную сваю ватоўку.
— На, ахініся. А то…
Клава ахінулася і зноў лягла бокам на травяны пракос.
— Піць! — зноў патрабавальна прамовіў паранены і ўсхапіўся, нібы спалохаўся чагось, Клава, прыўстаўшы, прытрымала яго.
— Ціха, ціха! Зараз прынясе піць.
— Клава? — па голасе пазнаў дзяўчыну дэсантнік. — Клава, дзе мы?
— Ды тут, за балотам. Ляжы, ляжы…
— Мы прарваліся?
— Амаль што. Ты не бойся.
— Дзе доктар Пайкін?
— Пайкін?
— Нашто табе Пайкін? — сказаў Ляўчук. — Пайкіна няма тут.
Ціханаў памаўчаў і раптам, нібы штось западозрыўшы, спалохана залапаў вакол па пожні.
— Аўтамат! Дзе мой аўтамат?
— Тут твой аўтамат. Куды дзенецца, — сказаў Ляўчук. Але паранены патрабавальна працягнуў руку.
— Дай аўтамат!
— На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш? Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:
— Я памру, ага?
— Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.
— Куды… Куды вы мяне несяце?
— У адно харошае месца.
Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:
— Паклічце доктара!
— Каго?
— Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!
— Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў, — знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.
Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам:
— Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я… Нашто я сляпы? Я не хачу жыць…
— Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.
— Мне трэба… Мне трэба ведаць…
Паранены заціх на паўслове, Ляўчук з Клавай пераглянуліся — во яшчэ клопату! I Клава ціха сказала:
— Не пашэнціла Ціханаву.
— Яшчэ як сказаць, — не згадзіўся Ляўчук. — Вайна не скончылася, яшчэ невядома, каму пашэнціла, каму не.
Неўзабаве Грыбаед прынёс у шапцы вады, але дэсантнік ляжаў нерухома і не азваўся на яго прапанову напіцца.
Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках, з якой па пальцах лілася вада, потым выліў яе на траву.
— Кацялка няма? — запытаў Ляўчук. — Няма.
— Эх ты, дзед-Грыбаед! Не запаслівы ты.
— Я такі дзед, як ты ўнук. Мне сорак пяць гадоў усяго! — здаецца, пакрыўдзіўся ездавы.
— Табе? Сорак пяць?
— Ну.
— Глядзі! А я думаў, што шэсцьдзесят. Чаго ж ты такі стары?
— Таго, — крыўдліва ўхіліўся ад адказу Грыбаед.
— Ну ладна, — уздыхнуў Ляўчук. — Трэба б паглядзець, мо дзе вёска якая?
— Залоззе тут недзе, — стрымана, быццам усё крыўдуючы, адказаў ездавы. — Ну. Недзе Залоззе павінна быць. Не спалена яшчэ было.
— Тады пойдзем.
— А калі гэта самае… А калі там немцы? Мусіць жа, іх тут налезла, як тараканаў. Хай іх чорт дзярэ!
Калі там немцы, дык ісці, вядома, не выпадала, напэўна, лепш было б разведаць спярша аднаму, а астатнім пачакаць дзе ў кустах. А то ў выпадку чаго з іхняю ношай не надта спрытна будзе, каб выкруціцца. Толькі чакаць тут, ля гэтай макрэдзі, было пакутай, да таго ж на пакошы заварушылася Клава.
— Ляўчук, трэба ісці, — са стрыманай, але пільнай патрэбай сказала яна.
— Ну во, бачыш! Трэба, значыць, ісці.
Яны памалу, па адным паўставалі на ногі, узвалілі на каня параненага, які і цяпер не выпускаў з рук аўтамата. Трымаючы зброю, Ціханаў супакоена аблёгся грудзямі на слізкую, выпацканую тванню конскую грыву і звесіў долу рудую, у бінтах галаву. Абапал прытрымліваючы яго, яны павялі каня па пракосе на край пожні, дзе, здаецца, пачыналася поле — кустоўе там меншала. Ззаду за канём, неяк квола і асцярожна ступаючы, ішла Клава.
Неўзабаве між чэзлых альховых кустоў і ляшчынніку яны выбіліся на адкрыты ўзлесак у нейкім лагу і павярнулі ўбок, па-над кусцікамі, каб не надта вылазіць на адкрытае месца. Згаладнелы конь раз за разам угінаў галаву і на хаду хапаў з-пад ног хамлакі травы, паранены тады ледзь не падаў з яго спіны, і яны як-кольвечы ўтрымлівалі яго. Грыбаед злосна піхаў каня кулаком у бок.
— Ціха ты, ваўкарэзіна. Не нажарэшся…
Ну нашто так? — пярэчыў Ляўчук. — Ён жа жывы, есці хоча.
Тым часам развіднела. Тут, зводдаль ад балота, туману ўжо амаль не было відаць далей; убаку, над лесам, барвовым пажарам запалаў край неба, вось-вось павінна было ўзысці сонца. У суцэльнай ранішняй засені намоклых людзей люта прабірала золкасць і калацілі дрыжыкі. У мокрай вопратцы ісці было дужа нязручна, чвякалі ногі ў раскіслых ботах. У Леўчука да таго ж балела плячо. Стараючыся як мага меней ім кратаць, ён левай рукой прытрымліваў пад паху дэсантніка, а сам усё шарыў позіркам па баках, чакаючы, калі пакажацца тое Залоззе.