Быкаў Васіль
Шрифт:
Пэўна, гэта было тое, дзеля чаго абудзілася свядомасць, бо за ім наступіў супакой.
Хутка прыйшло забыццё, і смерць, канчаткова перамогшы, назаўсёды спыніла жыццё.
Было далёка за поўнач. Ужо прастыў дарожны пясок і закалянела цела нябожчыка. Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў.
З-за павароткі, асвяціўшы бліжнія дрэвы і дарогу, з моцным бязладным трэскатам выкаціў атрад матацыклістаў. Пук яркага святла з фары пярэдняга, праразаючы цемру, роўна слізгаў па дарозе. Нечакана, угледзеўшы перашкоду, матацыкліст крутнуў убок і спыніўся. За ім прыпынілася калона.
— Агледзець! — скамандаваў ён.
Двое падначаленых ускочылі з матацыклаў і кінуліся выконваць загад. Яркае святло з фар кінула па адхоне іх галінастыя, хісткія цені.
— Рус, — сказаў немец, які раней за іншых падбег да цела. Моцным штуршком нагі ён перавярнуў труп на спіну.
— Рус зальдат, — дадаў гітлеравец.
Пярэдні схапіўся за рычаг, каб уключыць газ, але не паспеў. Ярка-чырвоная бліскавіца рванулася з-пад нябожчыка, аглушыла, люта пырснуўшы ў бакі мноствам гарачых смертаносных асколкаў…
Так памёр Чалавек.
1951 г.
Абознік
Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні.
Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе.
Максім Корань — ездавы сёмай роты. Гэтую вайсковую пасаду заняў ён нядаўна, і прычынай таму быў яго ўзрост — Корань лічыўся самым старым салдатам у роце. Максім цяпер разумеў, што з такімі гадамі хоць і давялося трапіць на фронт, але ваяваць ужо наўрад ці прыйдзецца. Есць у войску старшыны, якія заўсёды цікуюць старога, каб са строю забраць яго да коней або да кухні ці яшчэ куды, дзе патрэбны дбайны, надзейны гаспадар. Праўда, Максім не вельмі і нудзіўся па тым стралковым узводзе, у якім ён нядоўга служыў дагэтуль. «Эт, — разважаў ён, — калі нягож у страі, дык і няма чаго лезці туды. Начальству лепш відаць, дзе тваё месца». Нядаўна па загадзе старшыны прыняў ён пару спраўных трафейных коней і цяжкую, акутую жалезам вайсковую каламажку.
Так пачалася яго служба на новай пасадзе, служба спакойная і аднастайная, мала чым падобная да вайсковай. Максім ведаў толькі клопаты пра коней ды паклажу, выконваў старшыновы загады, асцерагаўся бамбёжкі ды баяўся часам задрамаць на возе, каб не адстаць ад абозу. Пад бамбёжку, праўда, трапіць не давялося, а адстаць вось здарыўся выпадак.
«і як недарэчна выйшла, — думаў Максім. — Каб ён згарэў, той вобад. Трэба ж было яму збракаваць у цемры. Даганяй цяпер батальён, шукай сярод ночы».
— Нэ-нэ, любыя, варушыся, — упаўголаса, лагодна падганяе Максім коней, седзячы на перадку, і немаладымі вачыма імкнецца разгледзець што-небудзь наперадзе. Але ноч выдалася не палетняму цёмная, у ёй і з добрым зрокам нічога нельга было ўбачыць. Зямля да раніцы старанна схавала сваё аблічча, каб заўтра сустрэць сонца новым, пасвяжэлым хараством. Толькі высокае зорнае неба, уладарна ўзнёсшыся над ёю, поўнілася бляскам і няспыннай мітуснёю зор.
Злёгку варушачы лейцамі, Максім з непрыемнасцю думаў, што цяпер, пэўна, пападзе ад старшыны. Аднойчы між імі ўжо была сутычка: старшына задаў перцу ездавому, не абышлося, вядома, і без моцнага слова.
Яно крыўдна, праўда, але, бадай, справядліва.
Максім і сам невялікай думкі аб уласных якасцях. Дый якія там якасці, калі чалавеку з паўсотні год, маладосць пражыў цёмным мужыком, без пісьменнасці, у працы ды нястачы. Нават і чыгункі не бачыў ніколі, і дзе яе ўбачыш, калі да найбліжэйшай станцыі было дзевяноста вёрст. Так, у лясной глушы, пад панскай уладай і ішло жыццё. Толькі ў 39-м з’явілася надзея, акрыяў духам, ды ненадоўга. Зноў жыццё пайшло вірам, у вайну загінуў старэйшы сын, памерла старая… Дый сам пастарэў да часу, знік былы спрыт у працы, надламаўся характар. Дзе яму цяпер раўняцца з маладымі ды разумнымі. «Ну і хай, — суцяшае сябе Максім, — хоць бы і абознік. Усё ж трэба камусьці быць і пры возе…»
А коні Максіму спадабаліся. У сваім жыцці не давялося мець добрых, дык цяпер вайсковыя не на жарт захапілі сялянскую душу байца. Што і казаць: добрыя былі коні, у гаспадарку б такіх, у плуг з накаваным новым лемехам, на ўрадлівую зямлю…
Так, крыху паспакайнеўшы, думаў ездавы, а коні ішлі як самі хацелі — дзе трушком, а дзе і крокам. Яны ўжо мінулі поле і дасягнулі хваёвага ўзлеску, які змрочнай сцяной паўстаў на Максімавым шляху. Дарога стала пясчанай, і фурманка амаль не скрыпела і не стукала. Толькі зрэдку, трапіўшы на карнявішча, яна аднабока перавальвалася пярэднімі і заднімі коламі. У гэтай таемнай лясной прыцішанасці Максіму зноў зрабілася ніякавата, і ён, сілячыся не бразнуць чым, каб не парушыць цішыні, узяў з воза вінтоўку.