Быкаў Васіль
Шрифт:
Сцішаны ветрык зноў лёгкім шолахам прабег па вяршынах, перабраў лісточкі і на момант развеяў іх санлівы спакой. У гэты час чуйны ў цішыні слых чалавека злавіў у лясным шэпце глухі, быццам з зямлі вынікшы гул. Спачатку незразумела было, з якога боку пачаўся ён, але потым, па меры таго, як ён мацнеў і шырыўся, можна было вызначыць напрамак яго з’яўлення. Гул нарастаў, усё больш запаўняў сабою прастор і паступова ператвараўся ў грукат.
Вочы чалавека акругліліся. У іх з’явіўся слабы бляск, які адбіваў насцярожаную ўвагу і намаганне зразумець сэнс новай з’явы. На твары першы раз адлюстравалася напружанне думкі, яно ажывіла змучаныя пакутамі рысы, і ў глыбіні вачэй нарадзілася нейкае жаданне.
Чалавек з хвіліну ўслухоўваўся. Ён не мог успомніць як далёка, але ведаў, што дзесьці побач павінна быць дарога, якую абараняла іх рота. Відаць, цяпер там нікога не было, і фашысцкія танкі калонамі паўзлі на ўсход — усё далей па захопленай здратаванай зямлі. Мімаволі ўваччу паўсталі бачаныя нядаўна фанабэрлівыя твары захопнікаў, і нянавісць зноў хлынула ў аслабелае сэрца.
Няўхільны прыступ смерці, здаецца, затрымаў сваё развіццё, саступіўшы месца мацнейшым за яго праявам жывога.
Непрыкметна абарвалася недзе і зусім знікла думка аб уласным няшчасці, І ўмомант нарадзіўся новы намер. Зразумеўшы, што азначае грукат, чалавек забыўся нават пра сваё бяссілле і памкнуўся ўзняцца. Калі ж гэта яму не ўдалося, ён, учапіўшыся за куст папараці, перакаціўся на бок.
Неадольнае жаданне дзейнічаць усё болей авалодвала ім. У цяперашнім яго стане ён ужо не адчуваў звычайнага чалавечага страху. Ён толькі прагнуў сыйсціся з ворагам, каб адпомсціць яму за тысячы бед, за людскія пакуты і за сваю заўчасную смерць.
Прага да змагання ўзгарэлася ў ім так моцна, што чалавек, здаецца, адчуў, як у целе прыбавілася сілы, якой не было хвіліну назад.
Чалавек запхнуў у кішэню гранату і марудна, пераадольваючы ўсеабдымную слабасць, працягнуў уперад руку, каб ухапіцца за нятоўсты альховы камель. У пальцах не ставала моцы абхапіць яго, і скручаная пяцярня слаба зачапілася за гладкую кару дрэва. Потым таксама павольна і няўпэўнена працягнуў ён да алешыны другую руку — яна была такая ж слабая і дрыжала. Сутаргава торгаючыся, чалавек падцягнуў сваё важкае цела, затым, узняўшыся з травы, перанёс рукі вышэй па ствале, каб устаць на ногі. Крохкае дрэўца размашыста гайдала верхавінай, але трымалася і, як магло, дапамагала чалавеку.
Грукат тым часам усё мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, заглушыўшы ўсе іншыя гукі, але, здавалася, пранік у глыб зямлі, і тая дробна несціхана дрыжала. У чалавека ад слабасці таксама дрыжалі калені, а яму здавалася, нібы гэта нагам перадаецца ліхаманка зямлі.
У першы момант чалавек ледзь зноў не страціў прытомнасць. Галава неяк згубіла раўнавагу, зрабілася важкай і ўвесь час хілілася ўніз. Абапёршыся на алешыну, чалавек хістаўся разам з дрэўцам, а ў вачах яго гайдаліся лес, неба і хвалямі разыходзіліся чорна-барвовыя кругі. Не маючы надзейнай апоры ўгары, ён не мог трывала стаяць на зямлі — яна здавалася няцвёрдай, угіналася пад нагамі і ўладарна цягнула яго да сябе.
Пачакаўшы і крыху прызвычаіўшыся да новага стану, чалавек, усё яшчэ не выпускаючы з рук выратавальнай алешынкі, зрабіў крок наперад. Тады дрэвы і светлыя плямы неба, што віднеліся скрозь лісце, нечакана хіснуліся ўбок, разам з імі гайданулася зямля, і чалавек, раней чым паспеў зразумець, што адбылося, зноў адчуў гаркаваты цвілы пах долу.
Першая няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш чым сілы было жадання дабрацца да дарогі. Чалавек і ў жыцці быў упарты, і цяпер, у апошнія хвіліны, упартасць гэтая ўдзесяцярыла яго фізічную здольнасць.
Звычным рухам чалавек падцягнуў пад сябе нагу, праз густую траву прасунуў наперад руку і падаўся сам. Потым — другую нагу і другую руку. Праз гімнасцёрку на баку выступіла шырокая мокрая пляма — гэта недзе адкрылася рана.
Чалавек папоўз. Цяжка дыхаючы, губляючы долу згусткі крыві, ён упарта разгортваў траву і прасоўваў наперад сваё цела. На травяністым шляху яго спалохана ўзляталі матылі, разбягаліся прэч устрывожаныя жукі і кузуркі. Ззаду за чалавекам цягнуўся няроўны шырокі след.
Дзесьці, ужо зусім побач, скрыгочучы гусеніцамі і люта равучы маторамі, грукацелі танкі. Зямля, не стрымліваючыся, абурана дрыжала, нібы не ў стане была сцярпець на сабе сталёвыя страшыдлы чужынцаў.
Яны былі блізка, і чалавек спяшаўся, каб паспець у час. Пасля доўгіх хвілін руху ён выпаўз на край невялічкай прагаліны, і нечакана яго абыякавы ўжо да смерці розум быў збянтэжаны страшным відовішчам.
У густой сакавітай траве на краі прагаліны працягнутая рука чалавека раптам напаткала перашкоду, і ён, далёкі ад страху, знячэўку ўздрыгнуў. Перад ім, неяк незвычайна закінуўшы галаву і задраўшы ўгору моцныя пашчэнкі, ляжаў забіты. Раскіданыя вакол галавы светлыя валасы пераблыталіся з травою, расплюшчаныя вочы застылым невідушчым позіркам углядаліся ў вячэрняе неба.
У чалавека тупым болем зашчымела ўнутры, калі ён пазнаў у забітым таго, хто дагэтуль камандаваў імі, вёў праз баі, між смерцяў, падтрымліваючы ў людзях веру ў перамогу. Узняўшы з травы галаву, чалавек убачыў і астатняе, што без слоў растлумачыла зыход страшных падзей на гэтай ціхай лясной прагаліне.
Праз дзесятак крокаў адсюль, расцягнуўшы за сабой гусеніцы, нібы кішкі, скасабочыўся нямецкі танк. Звернуты на бок і апушчаны ў бяссіллі ствол яго гарматы бездапаможна глядзеў у гушчар, правае вядучае кола ўпіралася ў корпус другой машыны, ад якой засталася бязладная куча абгарэлага жалеза. Воддаль, у паламаным алешніку, нібы гіганцкі палонік, ляжала вежа з гарматай, адкінутая выбухам. Прагаліна ва ўсіх напрамках была ўзарана гусеніцамі, травяністы дзірван разрыты на шматлікіх паваротах. А вакол танкаў на ўтаптанай траве ў ненатуральных позах ляжалі людзі — нашы савецкія байцы. Іх было шмат, і ўсе яны былі мёртвыя. Пэўна, не засталося ў іх ніводнага жывога таварыша, каб у роднай зямлі пахаваць іх целы. I яны ляжалі цяпер, як нямыя сведкі лютай сутычкі, у якой яны прыдбалі сабе салдацкую смерць.