Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Разумеў: наступае восень. «Отшумела роща золотая». Але, мабыць, адшумела. Што ж, Іване, ты няблага пашумеў. Ва ўсякім разе, перад дзецьмі не сорамна. Перад дзецьмі…

Хвілін колькі назад было жаданне забрацца глыбей у пушчу, недзе на першабытнай палянцы паміж векавых сосен раскласці маленькае цяпельца і да вечара сядзець, каб надоўга задаволіць прагу адзіноцтва, каб на цэлыя месяцы — да наступнага «прыступу» — насіць у сабе шум лесу і дыханне восені.

А тут раптам — пасля стрэчы з зубрам, ці што? — захацелася да людзей. Раней такое жаданне не з’яўлялася гэтак хутка. Пераход у новую стадыю старасці, ці што?

Іван Васільевіч здагадаўся, хто страляў. У пушчы можна страляць толькі з дазволу, а дазвол такі не кожнаму даецца. Яшчэ ўчора ўвечары ведаў, хто прыехаў сюды на кароткі адпачынак. Дырэктар запаведніка прапаноўваў далучыцца да гасцей.

— А то там адны тэарэтыкі, гаваруны, як наш сябра Будыка. Без цябе ды без мяне — а ў мяне заўтра справы — яны ногі заб’юць, а не дзіка.

— Не, брат, не той узровень, — ён, Антанюк, адказаў проста так, каб адмахнуцца ад паляўнічай спакусы і пабыць у лесе аднаму. А дырэктару, напэўна, здалося, што сказаў ён гэта з горыччу за сваё становішча, і той з разумнай далікатнасцю скіраваў размову ў другі бок.

Цяпер ён не думаў ні пра якія ўзроўні і спяшаўся туды, дзе прагучалі стрэлы, каб далучыцца да людзей.

Як учора хацелася адзіноты, так цяпер, невядома чаму, пацягнула ў кампанію, дзе будуць «высокія навіны», жарты, добры абед.

Незвычайная здольнасць арыентавацца ў лесе — сябры па паляванні называлі гэтую яго здольнасць «сабачым нюхам» — вывела дакладна, нібы па азімуце. Выйшаў на прасеку і ўбачыў іх, вясёлых, узбуджаных удачай.

Будыка згледзеў яго здалёк, здзівіўся, спытаў спачатку быццам бы і не надта прыхільна:

— О, і ты тут? — І раптам узрадаваўся: падхапіўся, пайшоў насустрач, накульгваючы — нацёр нагу.

— Таварышы! Старэйшына нашай паляўнічай карпарацыі — Іван Васільевіч. Ён павінен зарэгістраваць ваш рэкорд, Сяргей Пятровіч. Прашу знаёміцца. Мой партызанскі камандзір. Не, ты паглядзі, якога мы вепрука ўхадзілі. А зваліў Сяргей Пятровіч! Паляўнічае шчасце — як тыя грошы: ёсць — дык ёсць, а няма — дык няма. У Сяргея Пятровіча яно ёсць. Не, ты паглядзі, які звер! А-а! Што? Зайздросціш? Гляньце, як у Антанюка блішчаць вочы!

Будыка павітаўся і, не выпускаючы рукі, цягнуў Івана Васільевіча да кампаніі, нібы той упіраўся і не хацеў ісці.

Госці, відаць, добра набілі ногі, бо ўсе да аднаго сядзелі ці ляжалі на сырой і халоднай ужо зямлі вакол забітага дзіка — як тыя тубыльцы, што застываюць у нецярплівым чаканні, калі старэйшы пачне дзяліць здабычу. Ніхто, безумоўна, не адгукнуўся порстка на заклік Будыкі знаёміцца, толькі лена павярнулі галовы. Свае, Сіротка і Кляпнёў, заўсміхаліся. Госці ацэньвалі новага чалавека — пэўна, вызначалі, што за ён, якога рангу. Партызанскі камандзір — праз дваццаць гадоў гэта мала ўжо што гаворыць. А іншага тытулу Будыка не называў.

Іван Васільевіч падумаў: «Не спадзявайцеся, што я пайду па кругу і буду знаёміцца з вамі, буду першы працягваць руку. Не дачакаецеся, шаноўныя госці».

І паколькі Будыка цягнуў яго да паляўнічага трафея і, па сутнасці, заклікаў у першую чаргу пазнаёміцца з ім, то Антанюк так і зрабіў — аддаў усю ўвагу забітаму зверу.

Дзік ляжаў пад дубам, ашчэрыўшы жоўтыя клыкі, з рота сачыўся струменьчык яшчэ свежай крыві. Але забіты ён быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох, пакінуўшы вузенькую стужку ўжо не чырвонай, a рудой, як іржа, крыві.

— Прызнайся, што зайздросціш! Скажы праўду! Сяргей Пятровіч, зайздросціць? Паглядзіце на яго! А калі зайздросціць такі стралок, як Анташок… — Будыка ляпаў дзіка па баку. — Не, ты ацані. З двух стрэлаў зваліць такога! І не зблізку. Высунуўся з тых кустоў, а Сяргей Пятровіч стаяў за тым дубам. Вунь там. Колькі метраў? Прыкінь!

Антанюк прыкінуў. Усё. З аднаго позірку спрактыкаванага паляўнічага і яшчэ больш вопытнага чалавека, які ўсё бачыў, сам быў у розных абставінах — і гаспадаром і госцем. Здзівіць яго чым-небудзь цяжка было. Але здзівіўся — спрыту і ўменню сябра свайго.

Бачыў Антанюк арганізаваныя паляванні, у якіх загадзя распісваўся кожны стрэл — дзе, калі, з якой адлегласці — і звяроў трохі што не прывязвалі. Таму заключыў, што шмат якія з тых паляванняў, у наладжванні якіх і ён часам удзельнічаў, былі, мякка кажучы, бяздарныя ў параўнанні з гэтым. Там арганізацыя ўсюды вылазіла, і пра яе самі ж наладжвальнікі расказвалі пасля анекдоты. Пра гэтае ж паляванне анекдота, бадай, не раскажаш. Аднак Іван Васільевіч не стрымаўся — спытаў:

— Колькі егераў ганяла?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: