Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Дырэктар саўгаса сустрэў іх, калі яны вярталіся назад. Безумоўна, зрабіў выгляд, што сустрэў выпадкова, ідучы з работы. Антанюк ведаў гэтага чалавека (на прозвішча, калі яго назвалі, хоць і каларытнае яно, не звярнуў увагі — ці мала Сівалобаў!). А так — здалёк пазнаў і нават імя, па бацьку прыгадаў: Гардзей Лукіч.
Сівалоб некалі працаваў намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення. Праўда, займаліся яны рознымі галінамі, і Антанюк непасрэдна не кіраваў ім, не сутыкаўся па рабоце. Але страчаліся часта — на калегіях, нарадах. З першага знаёмства Гардзей Лукіч, высокі, сутулы, з лысінай, але заўсёды паголены, у беласнежнай сарочцы і з акуратна завязаным гальштукам, хоць і ў пакамечаным касцюме — прыкметна, што чалавек многа часу праводзіць у машыне, — рабіў уражанне. Знешне больш падобны на прафесара, чым на сельскагаспадарчага кіраўніка. І трымацца ўмеў — паважны, спакойны, немнагаслоўны. Гэтым браў. Праз гэтыя і некаторыя іншыя якасці пэўны час лез па службовай лесвіцы. Пакуль не зразумелі, што, каб кіраваць такой складанай галіной гаспадаркі ў абласным маштабе, трэба мець нешта большае. Але доўга яшчэ трымалі — па інерцыі: куды дзенеш наменклатурнага таварыша? Гады тры назад мусілі-такі спусціць на раённае ўпраўленне. Не ўтрымаўся, выходзіць, і ў раёне. Вось дзе вынырнуў Гардзей Лукіч! Але дырэктар цяпер — фігура!
Узрадаваўся, задаволена засмяяўся, шырока развёў доўгія рукі, нібы сабраўся падляцець насустрач, як той гусак. Загудзеў:
— О-о, каго бачу! Іван Васільевіч! Якія вятры занеслі ў нашы балоты? У камандзіроўцы? — доўга трос руку.
— Не… У гасцях.
— У каго? У яго? — працягнуў руку Алегу Гаўрылавічу.
— Не. У яе, — кіўнуў Антанюк на Віталію, якая збоку са скептычнай усмешкай назірала за іх сустрэчай, за прытворнай радасцю гаспадара абшараў.
— У яе? — здзівіўся, але тут жа спахапіўся, павярнуўся, каб павітацца, сказаў галантна: — Маю гонар, дарагая Віталія… Віталія…
— Іванаўна, — падказаў Антанюк.
— Помню, помню… Як жа! Але часам такія простыя імёны баішся пераблытаць. Гады, ведаеце… Склероз. Сваякі?
— Сваякі,— хутка адказала Віталія, магчыма, не жадаючы, каб Іван Васільевіч тлумачыў, што з маці яе разам партызанілі.
— То прашу быць і маім госцем, Іван Васільевіч! Дом вунь побач. Дзякуй, збудаваў папярэднік. Нішто хаціна.
— Ды не, дзякуй. Толькі ад стала.
— Ды хіба пагасціць — то абавязкова да стала. Можна — па шклянцы кавы. Мая жонка ўмее гатаваць цудоўную каву. І паглядзець у мяне ёсць што.
— Не будзем крыўдзіць гаспадара, — сказаў Алег Гаўрылавіч: яму хацелася зайсці.
Іван Васільевіч падумаў, што Сівалоб прыкметна змяніўся: менш стала паважнасці, уяўнай незалежнасці, больш — ліслівай мітуслівасці.
«Не ведае, пэўна, што я на пенсіі», — гэта развесяліла.
Паглядзець у доме сапраўды было што. Музей. Сцены пакояў завешаны карцінамі. Палотны мастакоў невядомых, пэўна невысокага таленту, але ж — арыгіналы. Больш — пейзажы. На дзвюх-трох карцінах Іван Васільевіч пазнаў знаёмыя мясціны, якімі не аднойчы любаваўся сам. Асабліва многа было Нёмана і Гродна.
Але раней, чым карціны, уразіла гаспадыня, якая сустрэла іх на прасторнай верандзе. Маленькая, але зграбная жанчына з прывабнымі ямачкамі на шчоках, з малінавымі вуснамі, як бы прыпухлымі ці капрызна надзьмутымі, што надавала яе твару міла-дзіцячы выраз. Была яна на добрых гадоў пятнаццаць маладзейшая за свайго лысага мужа. Проста, але не без густу адзетая — шарсцяны шэры касцюм, зялёная нейлонавая куртка на «бліцы». Куртку гэтую яна адразу ж зняла, завёўшы гасцей у цёплы дом.
І яшчэ адно ўразіла Івана Васільевіча — мэбля. Тут, у палескай глушы, стаялі стыльныя гарнітуры не бабруйскай, не мазырскай фабрыкі, а імпартныя, чэшскія ці нямецкія. Адкуль узяліся грошы, каб купіць усё гэта? Тры апошнія гады Сівалоб — на раённых пасадах. Ды і раней не такі ўжо высокі меў аклад. Ён, Антанюк, атрымоўваў у два разы больш, але каб і захацеў, то наўрад ці накапіў бы (як заклікаюць рэкламы ашчадных кас: «Деньги накопил — мебель купил»), каб набыць такую мэблю, а тым больш карціны. Чорт яго ведае, можа чалавек, які не ўмеў кіраваць саўгасамі, — мастак, мастак у душы і прызванне яго — збіраць карціны, рабіць прыгожыя інтэр’еры, любавацца імі. Можа гэта яго хобі. Ёсць жа ў яго, Антанюка, сваё хобі — паляванне.
Гаспадыня знікла — пайшла на кухню. Гаспадар паказваў гасцям карціны.
— Гэта Нёман ля Мастоў. Помніце, Іван Васільевіч? Дубы ля ракі. Гэта від з Нёмана — на Каложскую царкву. Друскенікі. Парк. Іван Васільевіч помніць. Мы з ім адпачывалі там. А гэта ўжо Дзвіна, Полацк. У сучасным пейзажы мастак шукаў прыкметы старажытнасці. Звярніце ўвагу…
Высокі, сутулы, лысы, ступаў ён мякка, як кот, і тут, у сваім доме, паважна, немітусліва, і ў голасе з’явіліся ранейшыя ноткі. Чалавек іграў глыбокага эрудыта.
Іван Васільевіч успомніў голас, паставу, першае ўражанне ад знаёмства з Сівалобам і ўсю эвалюцыю свайго стаўлення да гэтага дзеяча і цяпер не верыў нават таму, што ён расказваў пра карціны, не верыў глыбакадумнасці знаўцы мастацтва. Усумніўся нават, што гэта — страсць, захапленне?.. Хіба можа не яго захапленне, а той прывабнай жанчыны?
Віталія — Іван Васільевіч сачыў за ёй — спачатку глядзела на карціны з амаль дзіцячым захапленнем, а потым каля вуснаў яе з’явілася скептычна-насмешлівая маршчынка і пачала паглыбляцца, пакуль не зрабілася іранічнай усмешкай, зусім адкрытай.
— Гэта вы купілі ўсё, ці вам падаравалі? — спытала дзяўчына.
— І купляў, і дарылі. Таму, хто купляе, мастакі любяць дарыць. Пачала Маша. Яна жыла сярод мастакоў. А пасля і я загарэўся. Пазнаёміўся. Вазіў мастакоў на рыбную лоўлю. Я лавіў рыбу, варыў юшку, а яны пісалі эцюды і дарылі мне. — Сівалоб задаволена засмяяўся і пагладзіў лысіну: маўляў, разумная галава.
— Падарылі б вы школе гэтыя карціны, — сказала Віталія.
Сівалоб на міг застыў ад нечаканасці. Потым з натугай, з сутаргамі на твары выдавіў з сябе басавіты рагаток: