Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Сяргей Пятровіч і Будыка чакалі іх з налітымі чаркамі.

— Супраць каго вы змаўляецеся? — спытаў Будыка.

— Супраць цябе, — Івана Васільевіча кляпнёўскае папярэджанне моцна ўзлавала, і ён увайшоў у більярдную з рашучым намерам прадоўжыць размову пра аўтаматычныя лініі ўжо не ў жарт, а выказаць водгукі, якія пачуў ад спецыялістаў. Але Валянцін глядзеў на яго такімі добрымі вачамі і ўсміхаўся… не, зусім не лісліва — спакойна, па-сяброўску, хораша так, што Антанюку зрабілася няёмка за сваё жаданне сапсаваць сябру настрой.

«Стары певень! Мала цябе дзяўбла жонка, што з-за свайго характару ты растраціў сяброў. І гарэў. Не аднойчы. Але што Вальку за дзве мінуты так змяніла? Словы міністра? Якія? Дзядзька гэты, здаецца, не з тых, хто раздае абяцанні. Здагадаўся, пра што сказаў Кляпнёў? Ну, чорт з вамі! На якое ліха мне, заўчаснаму пенсіянеру, заядацца!»

Сяргей Пятровіч сказаў, звяртаючыся да Антанюка і Будыкі:

— За вашу дружбу, — і хітра неяк усміхнуўся.

— За нашу дружбу! — расшырыў Кляпнёў і паведаміў, крыўляючыся: — Зануда-кухар нарэшце паабяцаў праз паўгадзіны «даць першы выхад блюдаў». Разляніўся, падла. А каньяк жлукціць, як вярблюд. Шклянку вылупіў — падабрэў. Я не спускаю з яго вока.

Будыка засмяяўся, мабыць, задаволены, што мае такога памочніка. Чокнуўся з госцем другі раз.

— Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Але не магу не падзякаваць вам за дапамогу… ад імя інстытута…

— Я нічога яшчэ не зрабіў для інстытута.

— Сам ваш прыезд… — падхапіў Кляпнёў.

— Паехалі,— перапыніў іх госць і, выплеснуўшы каньяк у рот, укінуў следам скрылёк лімона. Зморшчыўся. Спытаў у Антанюка: — Чый удар?

— Мой.

Кляпнёў наліў яшчэ па адной, выпіў сваю і памчаў націскаць на кухара.

— Трэба нам неяк дабіць да вячэры.

— Падмацаваўшы сілы душэўныя і фізічныя, як сказаў вялікі камбінатар Кляпнёў, мы не можам іграць па-ранейшаму. Не маем права. Не, не маем.

Зайшоўшы з другога боку стала, Антанюк, не доўга цэлячыся, паклаў вельмі нялёгкі шар.

— О-о! Гэта работа! Нічога не скажаш, — ухваліў міністр, вымаючы шар з лузы.

— Што значыць добры каньячок! Дае пільнасць воку, цвёрдасць руцэ. Ай-яй-яй. Ты глядзі. Зусім не той удар!

Антанюк блазнаваў. Другі шар з трэскам лёг у тую ж самую лузу.

У Будыкі выцягнуўся твар. Госць нахмурыўся, зразумеўшы, што гэты нізкі і рухавы чалавек, востры на слова, здзекліва забаўляўся з ім, як з няўмекам.

Сяргей Пятровіч, чалавек спакойны і разважлівы, быў абыякавы і да праяў падхалімажу і да той задзірыстай няўвагі, якую часам выяўлялі некаторыя здольныя маладыя спецыялісты: маўляў, нам напляваць на тое, што ты міністр. Але такая гульня пакрыўдзіла, нават абразіла. Як ні стараўся ён быць простым і аб’ектыўным, шматгадовае карыстанне ўладай і ўсім тым, што яна дае, зрабілі міністра чулым да таго, як яго прымаюць. Не ў сэнсе знешняга прыёму. Можна пасмяяцца з дурной і разумнай угодлівасці, з любога падхалімства, з бравады маладых… Але і ў тым і ў другім выпадку нельга, маючы розум, не ўбачыць, што ўсё ідзе ад таго, што прымаюць цябе з высокай сур’ёзнасцю, з разуменнем тваіх правоў, улады, магчымасцей.

А гэты тып, які сам быў на вышыні і дажыў да сівых валасоў, прымае яго несур’ёзна, блазнуе. Смяецца, безумоўна, з палявання. З гульні гэтай. З вячэры, якую так урачыста гатуюць у яго, міністраў, гонар. Але захоўвае пры гэтым тактоўнасць і этыкет. Такое адкрыццё спачатку моцна ўразіла госця. Ён паспрабаваў супакоіць сябе думкай, што Антанюк проста помсціць за сваю крыўду і таму лепш не звяртаць на яго ўвагі, бо такія пакрыўджаныя толькі прыніжаюць гэтым саміх сябе. Але ўменне разбірацца ў людзях падказвала, што Антанюк глыбейшы і разумнейшы шмат за каго з тых, каго па розных прычынах, правільна і няправільна спусцілі з высокіх пасад на ніжэйшыя ці паслалі на пенсію. Кароткае знаёмства, інфармацыя, за што ён «пагарэў», пераконвалі, што гэта не той чалавек, на якога можна не звяртаць увагі і на другі дзень забыць пра сустрэчу, пра яго існаванне.

«Дык чаму ж ён не прыняў мяне сур’ёзна?»

Думка гэта псавала настрой.

Міністр пачаў насвістваць арыю тарэадора.

Будыку расказвалі работнікі Камітэта, што калі Сяргей Пятровіч не ў настроі, незадаволены, узлаваны, то заўсёды насвіствае гэтую бадзёра-ваяўнічую мелодыю. Валянцін Адамавіч занепакоіўся і ўжо не проста злаваўся на Антанюка — гарэў гневам: «Чакай, я табе прыпомню ўсё!»

Але потым супакоіўся, бо разважыў, што яму, бадай, выгадна, каб госць настроіўся супраць Антанюка, зразумеў, што за птах перад ім: тады ён наўрад ці зверне ўвагу на словы пра аўтаматы. Мала што мог такі крыўляка балбатаць у час більярднай гульні! Але праз колькі хвілін міністр спалохаў Валянціна Адамавіча. Калі партыю скончылі, госць згадзіўся на Антанюкову прапанову згуляць яшчэ раз і, ставячы шары ў трохкутнік, весела сказаў Івану Васільевічу:

— Я ўзяў бы вас сваім намеснікам.

Антанюк засмяяўся.

— Па більярду?

Міністр адказаў сур’ёзна:

— Вядома, каб вы былі спецыялістам нашай галіны.

Будыка нічога не мог зразумець і з падазронай насцярожанасцю сачыў за кожным: ударам, быццам у іх мог быць пэўны сэнс, лавіў чуйна кожнае слова.

Нарэшце Кляпнёў, задаволены перш за ўсё самім сабой, зусім цёпленькі ўжо, запрасіў у сталоўку.

Пра такую вячэру звычайна кажуць: стол царскі. Не, той стол нельга было назваць царскім — так хораша, з выдумкай паклапаціліся, каб ён быў сялянскі, беларускі. Былі, безумоўна, і далікатэсы — ікра, крабы. Але кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя, блішчалі бурштынавай масляністасцю; салёныя рыжыкі проста гарэлі ў салатніцах, адборныя гурочкі, здавалася, самі прасіліся ў рот; пасярод стала з вялізнай глінянай міскі дыхала пахучай парай бялюткая рассыпчатая бульба, а побач на патэльні яшчэ сквірчэла крывянка, у чысценькай каструлі яшчэ булькаў адмысловы паляўнічы кулеш з дзічыных вантробаў, рэцэпт прыгатавання якога ведалі толькі Сіротка і Антанюк. Іван Васільевіч нават забаяўся, што Сіротка па прастаце сваёй мог выдаць рэцэпт кухару, які часцей за ўсё гатуе не сапраўдным паляўнічым, а такім вось арганізатарам, як Будыка, і такім стралкам, як сённяшні госць.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: