Шрифт:
– Лявей, лявей бяры ты, ахламон!
– раздражнёна гукаў ён да шафёра, якi старанна газаваў маторам. Але машына толькi тузалася на месцы, камякi гразi ляскаталi па яе жалезным днiшчы.
– Дай я...
Пачаў газаваць Косьцiкаў - i дужа, i цiшай, але, падобна, дарма, - яны толькi глыбей садзiлiся ў багну.
Некалi гэтага Косьцiкава, тады маладога хлопца, якi толькi пачынаў службу ў органах, перавялi з раёну ў iхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвiла, якi тады заступiў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцiкаў уважна слухаў аповед пра заведзеныя ў турме парадкi, абавязковыя строгасьцi з арыштантамi. Усё тут было яму новае, Сурвiла ж ужо меў сякi-такi досьвед. Тады ён параiў маладому чэкiсту, дзе пашукаць кватэру, i той сапраўды знайшоў ладны дамок ля Кальварыйскiх могiлак; неўзабаве запрасiў Сурвiлу на госьцi, i яны добра там выпiлi. Празь нейкi час Сурвiла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а Косьцiкаў застаўся ў камэндатуры на ягонай пасадзе памочнiка камэнданта. Цяпер, калi чэкiсцкая служба Сурвiлы гэтак трагiчна канчалася, як бы той самы Косьцiкаў не заняў ягонае месца ў сьледчым аддзеле. Што ж, Сурвiла ня меў падставы пярэчыць: Косьцiкаў хлопец талковы, сапраўдны чэкiст, не глядзi, што малады гадамi.
Урэшце памкамэнданта, вiдаць, зразумеў, што сiлаю рухавiка з багны ня вылезьцi. Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабiны i забразгаў засовам машыны.
– Ану - падпiхнём! Ты, Мiкалай, i ты, Казёл, вылазьце!
Яны сядзелi блiзка ля дзьвярэй i згодна паднялiся. Сурвiла рашуча скочыў ботамi ў твань, а Аўтух замарудзiў, ня ведаючы, куды тут ступiць. Але Косьцiкаў зноў злосна прыкрыкнуў, i Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямi ў ваду.
– Давай! Як я скажу, - камандаваў Косьцiкаў, стоячы на ўзбочыне.
– Шафёр, паддай газу! Ну, раз, два - узялi!
Што было сiлы яны пачалi пiхаць у зад нiзка аселай буды - Сурвiла з аднаго боку, Аўтух - з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогi чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранiшняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кiдалi ў iх ашмёткамi гразi. Сурвiлава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як i руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа старалiся, упiраючыся нагамi ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусiць, села, як трэба. Калi Косьцiкаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, па-дурному палiць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвiла з Аўтухом выпрасталiся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:
– Дык гэта... Пусьцiце i мяне. Пасаблю...
– Давай!
– сказаў Косьцiкаў i, ступiўшы адною нагой у багну, адчынiў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцiкаў зноў прычынiў дзьверы.
– А цi трэба?
– цiха сказаў да яго Сурвiла.
– Нiчога!
– махнуў рукой памочнiк камэнданта.
– Не ўцякуць...
Ужо ўтрох яны зноў пачалi пiхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугi, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсiм целам тузаўся ў будзе паэт Фэлiкс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б i яму вылезьцi i памагчы, усё ж няёмка сядзець, калi побач надрываюцца людзi. Але яго ня клiчуць i, мабыць, не паклiчуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух цi рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкiста Сурвiлу. Чаго тут гэты Сурвiла, Фэлiкс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалi асобна ад iхнай, i, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цiкавiў паэта. Зрэшты, як i лёсы астатнiх, апроч хiба ягонага земляка Аўтуха. Дзiўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалi з асобаю аднаасобнiка, зь якiм ён нiчым зьвязаны ня быў, апроч хiба таго, што паходзiў з той самай вёскi. Фэлiкс Гром быў ужо заўважаны ў лiтаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапiсьменнасьцi, наўрад цi чытаў нават газэты. Але во зьвязалi абодвух. Не адразу i, мабыць, толькi тут, у турме, Фэлiкс зразумеў, што трапiў у пастку не таму, што пачаў пiсаць вершы, а што пачаў iх пiсаць па-беларуску. Расейскiя вершы не выклiкалi да сябе i дзясятай долi тае ўвагi з боку рэдактараў i крытыкаў, якую выклiкалi беларускiя. I ён думаў цяпер, якi д'ябал падбiў яго да паэзii, тым больш - беларускай. Калi папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую - Пушкiна, Лермантава i асаблiва Фета. Але пiсаць так, як некалi пiсаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялi б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, якi зусiм не падабаўся Фэлiксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня "Маладняк", у якi дружна паўступалi iншыя маладыя паэты, i пачаў пiсаць, як яны, - знарок прыўзьнята, задзiрыста, "бурапенна". Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскiя схiльнасьцi i густы - усю гэтую любасьць да бору i лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоiць iншую эстэтыку, iнакшы слоўнiк, напоўнены грымотай заводзкiх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнiкоў камунiзму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлiвацца. Газэта "Савецкая Беларусь" у аглядзе паэзii памянула ягонае прозьвiшча ў лiку маладых пралетарскiх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай "Майскiя радзiны":
Грымяць i стукаюць машыны,
турбiны радасна гудуць,
спраўляюць майскiя радзiны,
гэта ўдарнiкi iдуць.
Акрылены афiцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлiкс напiсаў яшчэ з тузiн падобных вершаў i адчуў сябе запраўскiм песьняром пралетарыяту.
Усё ў яго iшло добра, i раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п'янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалi толькi пра вершы ды размовы ў асяродзьдзi паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцямiўшы, што з таго будзе невялiкi набытак, зьвязалi ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом - прызнавайся, што польскi шпiён! Здаецца, таго ж дамагалiся i ад Аўтуха. I дамаглiся. Па сваёй сялянскай дурноце цi, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпiсаў паказаньнi, нiбыта Фэлiкс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзiў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфiкаваць усё тое органам?
Штурханiна i ляскат колаў знадворку раптам спынiлiся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкiста абвясьцiў:
– Ну што? Селi?
– Селi на дзiфер, - сказаў Шастак.
Фэлiкс Гром далiкатна пастукаў у дзьверы.
– Можа, i я памагу? Усё ж учатырох...
Адтуль, знадворку, нiхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчынiлiся.
– Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I пiхаць! Дружна, усе разам!
– закамандаваў памочнiк камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.
Менавiта такая яго злосьць не палохала i не абражала. I Фэлiкс падумаў, што, можа, гэты чэкiст i не такi ўжо благi чалавек. За два месяцы турмы, допытаў i катаваньняў ён натрываўся рознага i ўжо думаў, што сярод iх няма нiводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, якi б паставiўся да небаракi калi не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць i паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.
Фэлiкс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапiўшы ў каламутную багну дарогi. Аднак астатнiя двое за iм не пасьпяшалiся, i памкамэнданта Косьцiкаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлiвы крык:
– Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!
– А скульля табе!
– пачулася з буды, - гэта спакойна азваўся грабежнiк Зайкоўскi.
– Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.
– Як гэта - не паложана?
– апешыў Косьцiкаў.
– А так! Крымiнальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?