Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

Азадачаны Косьцiкаў на хвiлiну змоўчаў, шырока расставiўшы ля буды ногi, каб ня ўлезьцi ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалi iншыя. Фэлiкс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папiхаць з тванi. Нарэшце Сурвiла сказаў:

– Ды залiвае ён! Нiякай пра гэта стацьцi няма...

– Хай i няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавiцеся! Прысудзiлi расстраляць, дык будзьце любезныя даставiць у цэласьцi i сахраннасьцi да месца казьнi. Панятна?

– Зараз я табе пакажу месца казьнi!
– ускiпеў Косьцiкаў i дастаў з кабуры пiсталет.
– Будзеш у мяне ў гразi валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда!
– страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез - усё баяўся трапiць у глыбокае месца багны.

– А што табе начальства скажа?
– чулася з машыны.
– Вёз - не давёз...

Падобна, становiшча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскi пакуль заставаўся недасяжны.

– Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

– Давай, дуй! Пасьледавацельна...

Апошнiя словы Зайкоўскага Косьцiкаў пакiнуў, аднак, без увагi - яго турбавала iншае. Ён моўчкi агледзеў у цемры змакрэлыя постацi асуджаных, нiбы палiчыў iх.

– А там буржуй гэты, - падказаў Шастак.

– Белагвардзеец, - удакладнiў Косьцiкаў.
– Ану вылазь, гражданiн Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкi галава Валяр'янава, якi сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперцiся нагамi, нерашуча перабраў побач рукамi.

– Сiгай, ня трусь!
– падбадзёрыў яго Сурвiла. Белагвардзеец, аднак, не сiгануў, а, ухапiўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьцiўся ў лужыну.

– Ну - узялi! Раз, два - узялi!
– трохi адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцiкаў, усё размахваючы пiсталетам.

Яны зноў узялiся пiхаць. Шафёр газаваў рыўкамi, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламi ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакiнутага ў адзiноце Зайкоўскага.

– Пiхайце, пiхайце! Дружней пiхайце, жалкiя рабы сацыялiзму! Гнюсныя прыслужнiкi трацкiстаў! Пiхайце на сваю пагiбель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ i вышэ!..

– Ты глядзi!
– цяжка соп ля буды Шастак.
– Тут кiшкi рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

– Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавiцкаю куляй!..

– Замоўкнi! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, - гразiўся Косьцiкаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскi не сунiмаўся i яшчэ крычаў штось - нядобрае i абразьлiвае. Тады Сурвiла першы адарваўся ад вугла буды i параiў:

– Ды стралянi ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

– Лiчу да трох i выпускаю ўсю абойму!

– Выпускай! Калi казённай машыны ня жалка...
– неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцiкаў пачаць свой адлiк, як матор дужа стрэльнуў выхлапам i заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сiнiм дымком, зрабiлася зусiм цiха.

– Што такое?
– зьнерухомеў Косьцiкаў.

– Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, - глуха азваўся з кабiны шафёр. Косьцiкаў вылаяўся.

Усе стаялi моўчкi, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьцi. Сапраўды, гэтак старалiся, столькi патрацiлi высiлкаў, i ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.

– Так!
– пасьля нядоўгай маўклiвай паўзы вызначыў Косьцiкаў.
– Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.

– Хай Чысьцякову скажа, - параiў Сурвiла.
– Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.

– I далажы дзяжурнаму, - удакладнiў памкамэнданта.
– Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволi выбралiся з гразi на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалi, што далей закамандуе iхны начальнiк. Той аднаруч расшпiлiў шынэлак, з другой рукi не выпускаючы пiсталета.

– Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалi ў багну i зноў уперлiся рукамi ў запэцканы гразёй зад машыны - Сурвiла i Шастак - па вуглах, Аўтух i Фэлiкс побач. Валяр'янаву дасталося самае гiблае месца - пасярэдзiне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбiнi лужыны, i, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцiкаў, размахваючы пiсталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамi багну, пiхалi i пiхалi.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусiм нiзка, i, падобна, нiякая сiла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкi час уладны голас памкамэнданта заглух, i яны расслабiлi рукi.

– Так ня пойдзе!
– з горыччу загаманiў Шастак.
– Калi пiхаць, дык трэба ўсiм пiхаць. А то як у брыгадзе - адзiн укалвае, а другi адлыньвае.

– Хто гэта адлыньвае?
– насьцярожыўся Сурвiла.

– А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькi за борт трымаецца.

Валяр'янаў нiякавата сьцепануў плячыма.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: