Шрифт:
– Я не трымаюся...
– Ну як жа! Хiба ня бачыў! Яшчэ адпiраецца, - не сьцiхаў Шастак.
– Дзеля прылiку толькi...
– Хто яшчэ бачыў?
– насупiўся Косьцiкаў. Астатнiя, аднак, маўчалi, i памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:
– Аднаасобнiк, бачыў?
– Не, не. Нiчога ня бачыў.
– А ты, паэт?
Фэлiкс Гром нiякавата пераступiў у лужыне, каламуцячы i без таго скаламучаную твань.
– Ну, можа, i ня дужа... Усё ж чалавек у гадах, - няпэўна адказаў ён.
– Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзiць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кiну пад колы. Тады вылезем.
Фэлiкс Гром сам пiхаў, лiчы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пiльны Шастак цi нават сам памкамэнданта Косьцiкаў. Што яму перашкодзiць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэлiць i кiне ў гэтую багну. Ад аднае думкi пра тое Фэлiкс здрыгануўся i страхавiта зiрнуў на цьмяную постаць у шынялi на ўзбочыне.
Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр'янаў, - мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы - у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Цi адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напiсаць верш, баляду цi сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохi...
– Раз, два - узялi!... Ану - рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ!
– дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў.
– Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...
Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва - машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне Гром i Валяр'янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.
– Ну во, такую вашу маць!
– амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта.
– Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то - аслабелi, сiлы мала... Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур!
– аб'явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.
За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.
– Частуйся...
Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.
– За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб'яўляю благадарнасьць, - з фальшывай урачыстасьцю аб'явiў Косьцiкаў.
Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.
Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.
– Дзякуй, таварыш... Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася...
– Залiчыцца, залiчыцца, - няпэўна паабяцаў памкамэнданта.
– На тым сьвеце, - ухмыльнуўся Сурвiла.
– Чаму на тым?
– не пагадзiўся ягоны калега.
– I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.
Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.
– Ну але ж во я - невiнаваты, - ступiў наперад Шастак.
– Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.
Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.
– Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго... Калi б быў вiнаваты. А так - спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй?
– раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.