Шрифт:
У камэры раптам настала пакутная напружаная цiшыня, у якой важка i нават злавесна раздалося з-пад вакна:
– Скаты!
– Што?
– падняўся i сеў на доле Блатняк.
– Хто скаты?
– Вы!
– кiнуў забойца Маўчун.
– Вы чулi? Чаму гэта мы скаты?
– Трэба сьпярша падумаць, чым гаварыць, - пакрыўджана прашамкаў Эсэр.
Але Маўчун толькi аднойчы няспрытна варухнуўся ў шэрым сьвятле з вакна сваёй крутаплечай паставай i зноў схаваўся ў ценю - павярнуўся на другi бок.
– За ахвiцэра, цi што, заступаесься?
– прыдзiраўся да яго Блатняк.
– Дык ахвiцэр не крыўдуе. Праўда, ахвiцэр?
Паручнiк ва ўпор, не маргнуўшы, паўзiраўся ў ягоны нахабны твар, i той, мабыць, нешта адчуў.
– Ахвiцэр ня згодны!
– аб'явiў Блатняк.
– Ён заадно з бандытам. Во дзьве контры!
– Мала, што скаты! Дык яшчэ й падлюгi, - з раптоўнай рашучасьцю сказаў паручнiк, адчуўшы, як нешта назаўжды адразае ў сваiм жыцьцi. Паправiць цi перайначыцць што ўжо ня будзе магчымасьцi, i ён пайшоў напралом.
– Ну во, я ж казаў! I гэты таксама - контра! А тыя сумняваюцца - гэтыя дурнi з ЧК.
– Iдзi, закладзi!
– сказаў паручнiк.
– Iсьцi нягожа, - зашмакаў Эсэр.
– Але калi запытаюць, што ж... пакрываць ня трэба. Клясавы вораг!
– пырскаючы сьлiнкамi, крыклiва скончыў Эсэр. Перад iм спалохана ўскочыў на каленi Стары.
– Цiха, ды цiха вы! Учуюць жа... Яны ж усiх нас...
Але ягоныя ўгаворы яшчэ болей злавалi разьюшанага Блатняка, якi, ужо не стрымлiваючыся, крычаў:
– Што цiха! Гэта ён хай цiха! Ён змоўшчык! А той бандыт! Яны ворагi! Яны сабралiся канвой душыць...
– Змоўкнiце! Што ж вы робiце? Адумайцеся, - роспачна ўпрошваў Стары. Ды марна.
– А, i ты? I ты тожа за iх! I ты контра, за Бога, процiў рэвалюцыi...
I тады з-пад змрочнай сьцяны насупраць неяк марудна, бы перасiльваючы сябе, падняўся Маўчун, босымi нагамi перажыргнуў выцягнутыя ў доле боты Эсэра. Ён яўна кiраваў кудысь-марудна, але з адчайнай рашучасьцю на чорным, аброслым шырокай барадой твары. I Блатняк, учуўшы нядобрае, вiсклiва закрычаў ля парога:
– Не падхадзi! Не падхадзi... Не падхадзi...
I задыхнуўся, захроп, як Маўчун вялiзнаю рукой ушчаперыў яго за грудкi, згроб, пераламаў пасярэдзiне i павалiў пад сябе. Слабасiльны Эсэр засьцярожлiва адхiснуўся, стары вучыцель напружыўся ў нерашучасьцi, i паручнiк адчуў, што зараз здарыцца кепскае.
– Стой!
– загадаў ён строга, як прывык загадваць салдатам.
– Стой! Адставiць...
– Прыкончу, скацiна...
– Ня трэба. Адпусьцi!
Iх крыкi i валтузьню ў камэры, мабыць, пачулi з калiдора, там бразнуў замок, i рэзка расчынiлiся дзьверы.
– В чом дзела? Што такое?
У дзьвярох стаялi двое чэкiстаў, яны не пераступалi парог, але, мабыць, i без таго ўсё зразумелi.
– Устаць! Всем устаць!
Першы хуценька ўскочыў Эсэр, за iм з натугай падняўся Стары, падумаўшы, устаў паручнiк. Маўчун у доле зь яўнай неахвотай выпусьцiў з рук Блатняка i таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногi. Блатняк застаўся ляжаць, змусiўшы астатнiх падумаць, што канае. Але раптам ён залямантаваў, перабiраючы нагамi ў стаптаных, з глiнай на сподзе, гамашах:
– Ратуйце мяне ад яго, ратуйце! Ён бандыт, ён хацеў мяне задушыць. Каб я iх ня выдаў... Во бандыта i таго, ахвiцэра...
Гэта было жахлiва, але паручнiк ня вымавiў i слова. Ды i што тут можна было сказаць, чым запярэчыць? Ён толькi адчуў злосны дакор сабе - каму ён даверыўся? Тады было цёмна, ён нiкога ня бачыў. Але ж чуў! I цi ён ня ведаў гэтых i да iх падобных людзей - з войска, з вайны, хоць бы зь пяхотнай роты, якой камандаваў. I гэта - за паўвядра пярлоўкi.
– Так, выхадзi!
– коратка загадаў пярэднi чэкiст, плячысты чалавек у пакамечаным скураным картузе. З-за ягонай сьпiны выглядвалi двое, i паручнiк зразумеў, што трэба iсьцi.
Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калiдор i спынiўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымi нагамi, няўклюдна вылазiў з камэры забойца Маўчун, i ў паручнiка мiльганула думка: "Трэба аддаць боты". Але ў той жа час яго штурханулi па калiдоры, i ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкiстаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля:
– Людзi, што ж гэта робiце, людзi!..
Стары i яшчэ нешта голасна гаманiў там, але паручнiк ужо ня слухаў. Ён зь нясьцерпнаю горыччу думаў: трэба ж так памылiцца ў жыцьцi! Вядома, ня першы раз. Ды, мабыць, апошнi. Толькi гэта i суцяшала яго перад непазьбежным канцом.