Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

Празь якiх паўгадзiны на падворку паявiўся Снайпер-Iван, за iм нетаропка ступаў Саўчанка, якi моўчкi дастаў з кiшэняў пiнжака дзьве паўлiтры, з важнасьцю паставiў на стол.

– Ого!
– мiжволi вырвалася ў гаспадара.

– Вось табе i ого!
– перадражнiў яго Снайпер-Iван.
– Дубчык, а ну, давай, нарвi цыбулi. I гэта - хлеба! Што ў цябе, вучыцель, хлеба няма?

– Хлеб ёсьць. Зараз...

– Дык налiвай!

Пакуль гаспадар хадзiў у хату, шукаў хлеб i надзяваў пiнжак, Снайпер-Iван з Саўчанкам налiлi па шклянцы i выпiлi. Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулi. Затым настала iхная з гаспадаром чарга выпiць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося няшмат.

Выпiваць зручна было i стоячы, але каб курыць, мабыць, трэба было сесьцi. На гэты раз за столiкам уладкавалiся Снайпер-Iван з Саўчанкам, гаспадар прымасьцiўся пад грушай, а Дубчык на водшыбе ля вугла, на краi падмурку. Ён не курыў i ў гутарцы амаль ня ўдзельнiчаў. Так, калi запытаюць, адкажа. Але цяпер у яго нi пра што не пыталiся, трое дбалi аб сваiм, i Снайпер-Iван усё ня мог супакоiцца.

– Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго забылiся. Не, я яму, падлу, таго не дарую...

– А што ты яму зробiш?
– спакойна запытаўся Ляплеўскi.
– Солi на хвост насыплеш?

– Ды ўжо адпомшчу, сабаку.

– Як? У газэтку напiшаш?
– зьедлiва дапытваўся Ляплеўскi.
– Вунь адзiн напiсаў, дык з партыi выключылi. За паклёп!

– Не, я пiсаць ня буду! Я яго заб'ю!
– нечакана для сябе вырашыў Снайпер-Iван.
– А што? Што так гледзiцё?

– Такi рашучы! Глядзi, каб штаны ня ўпалi.

– А i праўда, - стрымана азваўся Саўчанка.
– Такому адпомсьцiць - ня грэх. Было ў Сiбiры, аднога вертухая да кедра ў тайзе прывязалi. Празь месяц знайшлi - адзiн шкiлет. Камары заелi.

– Ага, то ў Сiбiры!
– з зайздрасьцю вымавiў Снайпер-Iван.
– А тут дзе прывяжаш? Свае ж i адвяжуць. Каторыя сексоты.

– Ня ўсе ж сексоты, - цiха зазначыў Ляплеўскi.

– Хапае. I ў нас таксама.

Ляплеўскi не запярэчыў, толькi прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскi заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека цi яе блiзкi сыгнал. Тое, што некалi пасобiла яму ў жыцьцi, дало магчымасьць скончыць iнстытут i нават уступiць у партыю, цяпер вельмi проста магло ўсё спляжыць. Настала iншая пара, пачалася новая палiтыка, i невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да iнстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць i адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна i неспакойна. Нарабiў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькi з кукурузай...

Спакваля зусiм зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод i падворак, накрыў дрэвы i дахi. Усё навокал сьцiхла, стаiлася насустрач летняй кароткай начы. Толькi пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпiтых людзей, ды мiльгалi ў змроку чырвоныя агеньчыкi цыгарэтаў. Адзiн, выгнуўшы крутую дугу, зьнiк у гародзе за плотам. Снайпер-Iван са злосным мацюгом вырашыў:

– Годзе пiць! Мальцы мы цi засранцы! Гайда помсьцiць!

– Яшчэ бутэлька засталася, - напомнiў Ляплеўскi.

– Тады налiвай! Але па апошняй. Вунь Дубчыку, а то ён мала выпiў.

– Ды выпiў я. Можа, годзе?
– няпэўна азваўся Дубчык, аднак, пасоўваючыся блiжэй да стала.

– Выпi. I ты, сусед, выпi, - запрапанаваў Снайпер-Iван Саўчанку.
– Там, брат, сiла спатрэбiцца.

– Ад гарэлкi сiла?
– усумнiўся Саўчанка.

– А ты думаеш - не? Выпiўшы заўжды дужэйшы за цьвярозага. Навука гаворыць, чытаў.

– Але ноччу нядобра. Нiбы бандыты, - сказаў Ляплеўскi. Яму, пэўна, ня надта хацелася лезьцi ў даволi сумнеўную справу, ды ён ня мог устаяць ад напору Снайпера-Iвана.

– Нам, значыць, па начы нельга? Ага? А iм дык было лацьвей. Заўжды ноччу шчыравалi, каб сьведкаў не было. Я ж памятаю, мне iшоў пятнаццаты год. Прыехалi трох: гэты Вусаў i зь iм яшчэ два мiлiцыянты. Касаты - за панятога. Паднялi ўсiх апоўначы, толькi заснулi. Бацька якраз пастаўкi вазiў на станцыю, прыехаў азяблы, змораны, толькi чунi разуў, анучы ля грубкi разьвесiў. Уставай, ты арыштаваны. I вобыск. Усё перавярнулi, у дзежку з капустай шампалом шпыралi - контррэвалюцыю мацалi. Польскi шпiён! А я, панiмаеш, ня дужа й спалохаўся, бо ведаю ж: не шпiён, мяне яны ня возьмуць. Чаму так думаў, дурань безгаловы? Вунь жа вас, Саўчанка, усiх пабралi, табе ж таксама было няшмат гадоў...

– Дык то ж у трыццаць трэцiм, - азваўся з-за столiка Саўчанка.
– На ссылку ўсiх бралi: i старых, i малых.

– А я скуль ведаў: на ссылку цi на расстрэл? Сядзеў зь дзецьмi ў запеччы, каб вобыску не мяшаць, а бацьку яны ля парога з узьнятымi рукамi пад вiнтоўкай трымалi. Бачу, гэты Вусаў выцягвае з куфэрка маю будзёнаўку з чырвонай зоркай. Скажу вам, неяк увосень бацька прывез з кiрмашу, дужа яна мне падабалася, тая будзёнаўка з маленькiмi такiмi гузiчкамi, таксама з зорачкамi. Я ж змалку да вайсковага прыхiльнасьць меў, шкада, праз калецтва не давялося нават да сяржанта выслужыцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: