Вход/Регистрация
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
вернуться

Быков Василий Владимирович

Шрифт:

– Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай!

Дубчык моўчкi палез у гарод, поўзаў там пад плотам i ў градках, але знайсьцi ня мог. Тады Снайпер-Iван выламаў блiжнi кол з плоту, адкiнуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў.

– Пайшлi!

Ён быў ужо на добрым падпiтку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнiя, вiдаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталi разумець сур'ёзнасьць сытуацыi i не адразу кiнулiся за самазваным камандзiрам. Хоць i не стрымлiвалi яго. Першым з гатоўнасьцю скiраваў за Снайперам-Iванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскi спрабаваў нешта намацаць на газэцiне, ды кiнуў i таксама падаўся сьледам за ўсiмi.

– Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!

Яны выйшлi з падворку на пустэльную ранiшнюю вулiцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацiлася з-за лесу, але навокал было ўжо добра вiдаць. Недзе ў хляве паблiзу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вулiцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак i прыхапiў навостраную зьвечара касу - прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвiлася сiвая каза Баранiхi, яна толькi азiрнулася на мужыкоў i працягвала сваю традыцыйную справу. Баранiхi паблiзу не было вiдаць, затое ў сваiм двары Снайпер-Iван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калi гаспадар дзе-небудзь бавiўся, i цяпер стаяла ў варотцах.

– Куды гэта вы?

Снайпер-Iван зрабiў выгляд, што ня бачыць жонкi i важна пратупаў мiма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да iншых.

– Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?

– Чакiстага бiць, - не адразу патлумачыў Дубчык.

– Ай, Божа, здурнелi, цi што! Жонка зусiм выскачыла з варотцаў на вулiцу i аж залемантавала ў прадчуваньнi хуткага злачынства.

– Спынiцеся, не чапайце яго! Не рабiце таго, вы сябе пагубiце, не хадзiце туды!

– Цiха, цётка!
– прыкрыкнуў на яе Ляплеўскi.

Жанчына засталася ззаду, а болей iх нiхто не спыняў, i яны ня надта хуткай хадою iшлi па вулiцы.

Сядзiба Касатага была на канцы вёскi, i чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валаклiся туды. Iмi кiравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквiтацца. Ляплеўскi трымаўся трохi ў баку ад Снайпера-Iвана, ягонай рашучасьцi на вулiцы пачало бракаваць. Хоць ён i быў ня меней за iншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку iхнай задумы, асаблiва яе наступствы. Мусiць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, i ён iшоў разам з усiмi - цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сiлу свае праваты i гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асаблiва калi разам з мальцамi, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Iванам.

Так яны прывалаклiся нарэшце ў канец вёскi. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзiбы Касатага з вулiцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткi завулак. Прайсьцi ў той завулак мальцы чамусь асьцерагалiся. Снайпер-Iван спынiўся, за iм спынiлiся астатнiя.

– А калi ён з нагана праз вакно...
– сказаў Ляплеўскi.

Усе на хвiлiну змоўклi, прыслухоўваючыся, але нi на падворку, нi ў хаце нiчога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьцiны, мусiць, там яшчэ спалi.

– Я ж казаў: трэба было ўначы, - сказаў Снайпер-Iван.

– Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, - патлумачыў Саўчанка.

Снайпер-Iван пагадзiўся:

– Правiльна! Бы пры шашы ў засадзе.

Яны адышлiся на другi бок пыльнай дарогi i спынiлiся ля канавы. Нядоўгая вулiчная праходка, падобна, стамiла iх пасьля бяссоннае ночы, i Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За iм на дробную, запэцканую курамi траўку апусьцiлiся Снайпер-Iван i астатнiя. Побач Снайпер паклаў iнструмэнт забойства - кол.

– Я яму як урэжу!
– гразiўся ён.
– А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьцi. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсiю... А закурыць? Цi ёсьць у каго закурыць?

Усе, аднак, маўчалi, здаецца, курава нi ў кога не было. Тады Снайпер-Iван вылаяўся i сьцiх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабiць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава цi яшчэ што.

З-за саламяных i шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нiзкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла зацiснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калi б яны зьдзейсьнiлi тое, на што наважылiся, яму была б палёгка. Толькi во гэты Снайпер... Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзiра-завадатара, i ўсё болей стаў пазiраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявiлася з касой раньняя кабета Баранiха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзiраючыся з-пад рукi на iхную купку на выгане. Яна iшла касiць пайку, тым напомнiўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, i ён затурбаваўся:

– Ну, дзе ён там? Мне тожа касiць трэба.

– Ды чакай ты! У Сiбiры не накасiўся!
– груба папракнуў яго Снайпер-Iван.
– Заб'ем, тады i скосiш.

Яны i яшчэ пасядзелi моўчкi. Напружана ўзiраючыся ў ненавiсны падворак, якi працягваў мiрна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, i ўначы. Але пачынаўся дзень, i ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалi людзей. За парканамi суседнiх падворкаў замiльгалi жаночыя хусткi - гаспадынi распачыналi ранiшнюю дойку, выглядвалi на вулiцу, калi пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволi наблiжалася памаўзьлiвая Баранiшына каза. За ёй паявiлiся на вулiцы тры хлапчукi, - зь цiкаўнасьцi да таго, што тут мела адбыцца. Паселi непадалёк пад плотам, моўчкi пазiраючы на мужчын.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: