Вход/Регистрация
Справа Вiктара Лукашэвiча
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

Iшоў у той дзень веснавы вецер, i голыя дрэвы на скверчыку гойдалiся i стукалiся голлем. Маргарыта бачыла праз акно iх пнi ля самай зямлi. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: "Якая ж я стала худая i страшная".

Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калi ў суд хадзiла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былi тады ў яе думкi, усё расказвала мне, як прыехала, дзе i як спынiлася, як з каша ў гандляркi абаранкi купляла, як нейкую труну везлi папярок вулiцы. Пра ўсю гэтую драбязу старалася гаварыць, абы не маўчаць, бо маўчанка была б вельмi цяжкаю. А нам хоць i было пра што пагаварыць (не бачылiся ж мы чуць не год, ад таго, калi ён яе завёз i пакiнуў там), але ў тую хвiлiну не гаварылася. Я цяпер як бачу, як чую той дзень, калi яна прыехала, як i дзе паварочвалася. I яе перад люстэркам, i сквер увечары, i вецер у голых дрэвах, i вясну... А з якiм замiлаваннем глядзеў я тады з канца калiдора ў судзе на яе постаць, калi яна гаварыла з iм! Як ён злаваў, у яго зелянелi вочы i трэслiся скiвiцы! Не, яна не спавядалася перад iм. Не спавядалася! Маладзец, Маргарыта!

– Я не прыехала перад табою спавядацца!

А як жа ён скрыгiтаў зубамi i ледзьве стрымлiваў сябе, сам пераняўшы яе слова:

– I я перад табою спавядацца не буду, як я жыву i як я хачу жыць. Усё, што было ў нас, гэта былi нашы памылкi... Чаго ты прыехала?

– Я прыехала ў суд.

– Можна было ўсё зрабiць завочна. Не канешне нам без патрэбы мучыць адно аднаго.

– А з патрэбаю тваёю дык можна i памучыць?

– Я не слухаю тваiх пустых слоў... Я табе пiсаў тады, што буду без усялякiх судоў выплачваць тое, што з мяне належыць. I ты не можаш скардзiцца, што я сваiх абавязкаў не выконваю.

– А ты ведаеш свае абавязкi?

– Ведаю... Чаго ты хочаш дайсцi гэтым судом? Я i без судоў ведаю закон.

– Але цi закон цябе ведае?

– Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!

– Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!

– Дык не табе ж судзiць i караць мяне! Годзе! Нiчога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз i назаўсёды! Калi ты па добрасцi не можаш!..

– Не крычы, не хвалiся, што крычаць умееш.

– Дык буду маўчаць.

Ён адышоўся ад акна i закурыў. Дастаў з кiшэнi маленькi, на ланцужку, гадзiннiк. I зноў падышоў:

– Спынi гэтую справу i едзь адгэтуль.

– Не, я запiшуся на бiржу працы.

– Ты хочаш тут заставацца?

– Хачу.

Яна памаўчала. I зноў старалася не заiкацца ад сваёй трывогi:

– Застануся тут... Табе не хочацца гэтага?

– Як хочаш. Мы чужыя людзi.

– Чужыя?! А чатыры гады мы не былi чужыя? Пэўна ж, што я цяпер табе чужая стала, на чорта я табе цяпер, хворая. Пану трэба не гэтакая жонка.

– Якi гэта пан?

– Табе цяпер не гэтакая, як я, трэба, вядома.

– Я яшчэ раз кажу табе, прашу цябе - годзе нам адно аднаго мучыць. Я гэтак знерваваўся i стрывожыўся за ўвесь гэты цяжкi i паскудны час.

– Нiчога, паедзеш на курорт, палечышся.

– Не ўсмiхайся гэтак, ты мяне ўпiкаеш яшчэ i курортам?!

– Ага, ты ўжо голас збавiў. Сцiшэў? Жывi сабе, едзь сабе, упоперак дарогi я табе не стану. Гавары сабе пра свайго новага чалавека, гавары, трубi ўсюды, дзе толькi льга... Новы чалавек павiнен, кажаш, быць прыгожым i вольным? А я адабрала ў цябе волю? От прыйшла да цябе, стала ўпоперак дарогi, завязала табе свет, i хоць страцiла сама здароўе, жывучы з табою, але ўсё для таго, каб ты не быў нi вольным, нi прыгожым?

– К чорту гэты твой смех.

– На злосць гэта я табе ўсё зрабiла! На злосць! Каб звязаць цябе, каб адабраць ад цябе волю, каб ты быў не новым чалавекам, а старым!.. Старым!.. Нягодным!.. Брыдкiм!.. А ты ўсё не паддаешся i застаешся добрым!.. Прыгожым!.. Разумным!.. Патрэбным на свеце!.. А гэта я гэтакая нягодная, гэтакае злачынства з табою зрабiла!.. Гэта я!.. Гэта я адна вiнавата!.. Гэта я!..

– Не плач i не крычы, не ззывай людзей!

Заклапочаны твар глянуў з прычыненых дзвярэй у пусты калiдор. Голас у чалавека быў нецярплiвы:

– Справа Маргарыты i Аляксандра Марынковiчаў. Хто да гэтай справы, заходзьце!

– Я спыняю справу, - сказала Маргарыта судоваму чалавеку.

– Зайдзiце заявiць пра гэта ў суд.

А якi лiст паказала мне i пакiнула на памяць перад ад'ездам! Якi дакуменцiк! "Паважаная Маргарыта! Ты разумная жанчына i сама павiнна ведаць, што нам жыць разам больш немагчыма. Жывi там i не прыязджай. Я табе буду належачую па закону долю высылаць на хлопчыка. Ведай, што мы адно аднаго толькi звязваем. У нашу хвалюючуюся эпоху, калi мы няўхiльна змагаемся за новага чалавека, мы павiнны ўжо i цяпер даваць расткi гэтага новага, iдучага ў жыццё чалавека. А ён павiнен быць вольным, прыгожым, не звязаным нiчым, у яго павiнна быць мiнiмум няволi i максiмум волi. Мы, змагаючыяся i будуючыя, а таксама маючыя перспектыву на светлае заўтра, цяпер павiнны адкiнуць ад сябе старыя мяшчанскiя традыцыi... Жывi там i не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць. Марынковiч".

"Новы чалавек" яму спакою не дае! Якая гадзiна!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Старыя мае запiскi трывожаць мяне. Якуб цяпер вялiкiм вырас... Не, не мог бы цяпер дакончыць лiста Марынковiчу. I не варт ён таго. Ды i нашто я пiсаў яму? Як гэта мне магло ў галаву ўзбрысцi гэта? Не да яго ж апеляваць з гэтаю справаю.

А якi прававерны грамадзянiн i партыец! Надпiс яго на картачцы сваёй Маргарыце, даўней, калi яшчэ яна дзяўчынаю была: "Тов. Маргарите от близкого, может быть, товарища. Общественность и общественная работа должны жить в вас. Маринкович". Тады ён яшчэ не быў "балгарынам". Не было яшчэ загаду пра беларусiзацыю.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: