Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Узняў яе. І без таго ненатуральна вялікія вочы нібыта яшчэ павялічыліся.

— Вось што, — сказаў Пятро. — Там, у яры, якраз трынаццаць коней.

— Чыіхсьці коней, — удакладніў цыганаваты Сымон Кананіт.

— Знікнем, — сказаў Пятро. — Кінем гэта.

— Ну вось, — сказаў Хрыстос. — Пятро — гэта камень. Паспрабуй ствары нешта на гэтым камені.

Тумаш здымаў са свечкі пальцамі нагар. Цені скакалі на абліччы, па заліхвацкіх вусах, па вуснах аматара выпіць і закусіць.

— Я не пайду, — сказаў Тумаш. І растлумачыў не вельмі разумна: — Вы тут усе хамы, а ў мяне — гонар.

Мацей зірнуў на мора агнёў за акном і сцепануўся:

— Ну, мы дык пойдзем. Мытарам яно спакайней. Я яшчэ дзіваў хацеў, дурань. Даруй нам даўгі нашыя. Зроду мы не плацілі іх. — І раптам буйныя жорсткія зморшчыны ля рота склаліся ў сквапную, просьбітна-нахабную ўсмешку. — Толькі… евангелле б сваё няхай Іуда нам аддаў.

— Ты ж непісьменны! — залямантаваў Раввуні.

— Малаважна. А я евангеліст. Мы вось з Іаанам яго раздзелім, падчысцім, дзе небяспечна, і добра. А Іудзе евангелля нельга. Не заведзена.

Раввуні паказаў яму шыш.

У Іаана Алфеева часта і незалежна ад яго мяняўся настрой. Вось і тут яму раптам шкада стала Хрыста.

— А я б з табою, Божа, пайшоў. Толькі каб без зброі гэтай. Мы б з табою ўдаліліся ад свету ды духоўныя віршы пісалі.

— Не хавайся ў вежу з слановай косці, — сказаў Хрыстос. — Хутчэй знойдуць.

Усім было няёмка. І, відаць, каб перарваць гэтую няёмкасць, усе пачалі выказваць свае незадавальненні, кепскія прароцтвы на будучае. Узнялася гамана, пасля галас. Мацей лез да Іуды і крычаў нешта малазразумелае бязглузда-страсным голасам. Той лямантаваў у адказ. Сварыліся і гарлалі астатнія.

Ад падзей сённяшняга дня і гэтага крыку Братчык ледзь не вар'яцеў. Устаў над сталом:

— Маўчыце!

Затросся ад удару кулаком стол. І тады Фама, у захапленні, што можна паказаць сябе, з бразганнем вытаргнуў меч і секануў ім па сталешніцы. Стол разваліўся напалам. Стала ціха і цёмна. Раввуні нашарыў свечку, выбіў крэсівам іскру, запаліў.

Апосталы, сціснуўшыся, глядзелі на Хрыста.

— Вось што, — сказаў ён. — Я гэта не дзеля сябе. Патрэбныя вы мне дужа. Я гэта для вас, святыя душы. Шкодзілі — замольвайце грахі. Хто пойдзе адсюль — аддам мужыкам. Вось як.

— Вось як, — сказаў Тумаш.

— Вось як, — паўтарыў Раввуні.

Апосталы вінавата, як пабітыя, пераглянуліся.

— Ды што, — сказаў Сымон. — І мне карціцца ў Гародню ўвайсці. Паглядзець, як там, коні там якія. Я ўжо быў і адвучыўся…

— Дый праўда, — сказаў Пятро. — Кінуць на парозе…

— Гэта… Грэх.

— Хто крок зробіць — таго я мячом, — сказаў Фама.

— Таго я мячом, — рашуча сказаў Раввуні.

— Добра, — за ўсіх сказаў Андрэй.

— Мы ў ісціне хочам хадзіць, — падтакнуў Ян. — Ты нам вер.

— Паспрабую. У апошні раз. — І Хрыстос убачыў твар Фамы, нейкі сабраны, дзіўны твар. — Ты чаго, Тумаш?

— Абрыдлі мне гэтыя паганцы. Вось паклічу ўсю сваю веру, і палова іх з хаты знікне. Хай ля агню ходзяць.

— Валі, — сказаў Хрыстос.

Фама прыжмурыўся, сціснуў кулакі. Твар з нібы незнарок надзьмутымі шчокамі стаў яшчэ чырванейшы…

…Ляснулі дзверы. У хату зайшоў сівавусы:

— Паслы з Гародні. Басяцкі.

Фама моцна аддзьмуў паветра і залыпаў вачыма. Пасля плюнуў:

— Вось табе маеш. Яшчэ і нават больш стала… Не, брат. Як брыду нейкую наклікаць — гэта ў мяне лёгка. А як добрага чаго — гэта не.

Басяцкі ўвайшоў у хату і ўсміхнуўся ўсмешкай старога знаёмага.

— Вітаю цябе, Хрыстос. І вас, апосталы.

Убачыў рассечаны напалам стол. Плоскія вочы пашырыліся.

— Ды гэта так, — прысаромлена растлумачыў Юрась. — Трохі забаўляліся.

— Практыкаваліся трохі, — сказаў Фама.

— Тлумач, нашто тут? — сурова спытаў Братчык.

…Дамініканец скончыў. Усе сядзелі моўчкі. Стомлены цень ляжаў у вачніцах Юрася.

— Што ж, я выслухаў, — сказаў ён. — Дзякуй за выкуп.

У некаторых загарэліся вочы. Толькі Фама непаразумела і грэбліва склаў вусны, ды Раввуні ўскінуў галаву.

Хрыстос цяпер глядзеў у вочы Басяцкаму. І доктар ганорыс каўза са здзіўленнем убачыў, што зараз з гэтых вялізных вачэй не плыве тое, што няўлоўна падпарадкоўвала чалавека, нібыта робячы яго больш добрым. Вочы былі разважлівыя і сухія.

— Бачыш, — сказаў Хрыстос. — Гэта як палічыць, колькі на Белай Русі простых, ды падзяліць, дык на адзін залаты — сорак чалавек.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: