Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

* Свепет — борць, або пчаліны бортны рой.

Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.

— Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?

Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:

— Гу-у. Блохі… Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы… Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння… як гарэлачная пляшка.

— Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля… І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.

— Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.

— Не буду. Як там у цябе хаця гандаль, рыбны кардынал?

— Ну-ну, не нюхаў доказнай інквізіцыі?

— Хай жыве царква святая. То як?

— Аман. Дзярмова. Запасаў няма.

— У абодвух у нас тых запасаў няма. Ні ў каго няма.

— Ану, дай слухаць. Нешта там юроды загарлалі, ды мешчанота наша туды пабегла.

Там, дзе адзін з бакоў плошчы ледзь не абрываўся ў роў, непадалёку ад замкавага моста, сапраўды ўзахапы і наперабой (аж напіналіся на лбах і шыях жылы) лямантавалі два чалавекі — юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца, і здаравенны звераваты чалавечына ў шкурах і ў скураным поясе на палову жывата, з голымі рукамі і нагамі. Грыва валасоў, шалёныя вочы, сківіцы, што маглі б раструшчыць і камень. Расстрыга ад Спасаіконапрэабражэння, а цяперашні гарадскі прарок Іллюк. Уздымаў лапы, падобныя на звязкі тоўстых карэнняў:

— І прыйдзе за мною — праява мне была — нехта, як за Янам Ксціцелем… Езекііля* ведаеце?

* Езекііль — біблейскі прарок.

— Не! Не!

— То яму, як і мне, сказана было: па грахах вашых і памаўзліваму юрадзейству тужыць па вас нябесны Ерусалім. Воды вашы горкія, бо гарэлка, што выпілі вы, — тут расстрыга заплюшчыў вочы і правёў далонню па пузе, — па-айшла-а па жылах зямных. І сказаў мне з Езекііля: «Еш ячменныя праснакі і пячы іх на чалавечым кале».

Бабы вакол плакалі. Мяшчане і рамеснікі змрочна глядзелі ў адверстую пашчу. А тут яшчэ паддаваў жару юрод, крычаў аб зямлі, якая згарэла, аб коршаках, якія судзяць мышэй, аб небе, што вось-вось саўецца ў світак.

Тужліва было слухаць яго — хоч ты плач. І адначасова трохі і памысна. Бо ўсё ж абяцаў і ён нейкае прасвятленне.

— Але прыйдзе, прыйдзе муж нейкі і вызваліць вас! Блізка! Блізка! Блізка!

Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну.

— Што гэта там дурань пра суд крычаў?

— Судзяць сёння сіх-тых у замку царкоўным судом.

— Што, можа, тых, што псоту пускалі? Ад каго голад?

— Голад — ад Бога.

З самага заканчэння пабудовы Старога Замка суд часцей за ўсё засядаў у вялікай суднай зале. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Аддавалі вялікую залу і царкоўнаму суду, калі гэты апошні не баяўся вынесці смецця са сваёй хаты. Тайныя ж допыты ён праводзіў звычайна ў сутарэннях дамініканскай капліцы, калі судзілі католікі. А калі судзілі праваслаўныя, то ў падземнай турме ля трохкупальнай Ганны або ў адным з мітрапалічных дамоў — камяніц тых, што ля Каложы*.

* «Трохкупальная Ганна» і «Каложа» — цэрквы ў Гародні.

Сёння дастаслаўны сінедрыён поседам сядзеў у вялікай суднай. Адпачыўшы пасля палявання, добра такі выпіўшы напярэдадні (а Лотр яшчэ і разгавеўшыся), айцы непасрэдна прыступілі да важлівай справы, дзеля якой жылі ў гэтай зямной юдолі і насілі мантыі і расы рознага колеру, у залежнасці ад таго, як каму пашанцавала.

Зала была, уласна, верхняй паловай усходняга нефа*. Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў** падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім — прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.

* Неф (або карабель) — выцягнутая ў даўжыню, прамакутная частка будынка.

** 1405 г.

На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, — катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавечы і адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі. Аб іхніх жыхарах проста забывалі і, калі спушчаны ўніз гарлач з вадою праз тры дні поўны вяртаўся назад — закрывалі дзірку ў столі мяшка каменем, бы запячатвалі збан з віном, а праз паўгода, калі пераставала смярдзець, спускалі туды ж на вяроўцы новага вязня. З-за таго, што судная зала была ў верхняй частцы нефа, вострыя гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў* віселі ледзь не над самай галавою, папярочна-паласатыя, у чырвоную і белую палосы. Вузкія, як шчыліны, верхнія часткі вокан былі ля самай падлогі, і таму святло падала на твары членаў суда ненатуральна, асвятляючы толькі ніжнюю частку падбароддзя, там, дзе яно пераходзіць у шыю, лапік пад ніжняй губой, ноздры і верхнюю частку верхніх павек з бровамі. Насы кідалі шырокую паласу ценю на лоб, непрасвяцімая цемра ляжала ў вачніцах, і твары суддзяў здаваліся таму злавеснымі, незвычайнымі, такімі, якіх не бывае ў людзей.

* Нярвюра — выпуклае рабро звода, ягоны каркас.

Суддзі сядзелі на ўзвышэнні, ля самага ўваходу ў катоўню, за сталом, што быў завалены скруткамі паперы, фаліянтамі спраў, пер'ямі. Акрамя Басяцкага, Камара і Лотра, сёння, як на ўсіх працэсах, што былі царкоўнымі па юрысдыкцыі, але датычыліся ўсяго горада, сядзелі ў суднай зале войт горада Цыкмун Жаба, шырокі брухам, грудзьмі і ўсім іншым магнат, апрануты ў залататканую чугу і з пячаткаю неверагоднай тупасці і такога ж неверагоднага самаўзвышэння на твары; бурмістр горада Юстын, якога ўжо трэці год выбіралі на гадавы тэрмін: мяшчане — таму, што быў адносна справядлівы, купцы — таму, што быў багаты, а царква хаця і не выбірала, але не пярэчыла, бо толькі яны адны ведалі, колькі ўсяго рознага ўдалося ім і магнацтву выдраць ад Юстына, рады і горада за гэтыя тры гады.

Сядзеў, акрамя іх, схізмат (дармо, што Гародня тады была пераважна праваслаўнай), правялебны Рыгор Гародзенскі, а ў міры Гіляр Балвановіч, а для непачцівых і цяпер проста Грынь. Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт.

Акрамя іх, было яшчэ некалькі духоўных за судзейскім сталом, а ў другім канцы залы вяшчальнікі, якія за пачаткам суда выйдуць за муры і абвесцяць аб усім гораду, і дзесяткі тры цікаўных са шляхты і іхніх кабет.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: