Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты — у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды.

Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.

— Чаго табе, чаго? — спытаў нявінным голасам.

Дудар ужо кінуў сена коніку.

— Еш, Божая худоба, — і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.

— Сена шкадуеш, куражэр? — спытаў Кірык. — От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.

— Сам у пекле будзеш, дысыдэнт*, — сказаў бернардынец.

* Хрысціянін, не каталік.

— За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.

— Блюзнер! — круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.

— Скубі яшчэ ахапак! — скамандаваў Кірык.

Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:

— А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.

Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.

— Вось так, — Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. — І вось так, — мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. — А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер — левы.

І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.

— Блюзнерства гэта, Кірык, — няўхвальна сказаў дудар. — Гарэзаванне.

— Кінь, — плюнуў каваль. — Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.

Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.

Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.

Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.

— Бачыў? — з рогатам спытаў Кірык. — Вось табе і скубанулі.

— Вачам не веру, — палез у патыліцу дудар.

Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.

«Трэба будзе з кавалём пагаварыць», — падумаў Зянон.

Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:

— Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.

Зянон убачыў клуначак.

— Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.

— Уздаражэла збожжа, — пазяхнуў той. — Ну і… потым… табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.

— А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?

— Шкадуй пасля гэтага людзей, — сказаў рыбнік.

— Слухай, ты, — засіпеў хлебнік. — Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?

— Ну, мой.

— Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі… І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць*, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?…», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць — тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.

* Кіпаць — зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.

Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: