Шрифт:
Задаволеная грамада доўга яшчэ не разыходзiлася дамоў. Адно не хапала музыкi. Нехта раней прапанаваў, каб пасьля ўрачыстасьцi патанцаваць пад сваю школьную аркестру, але замiнаў гэтаму вялiкi пост i забарона хадзiць вечарамi. Хаця-нехаця людзi разыйшлiся. А Дунiн пацалунак падарозе дадому доўга помнiўся Януку.
21
Асьвеньцым, Гулаг, Бухэнвальд, Дрэздэн i Ковэнтры, Катынь, Хатынь i Лiдычэ… Гiрашыма… Нагасакi… Апэрацыя «Кiлгол»…
Пералiк можна прадоўжыць…
Выдатныя помнiкi варварства цывiлiзаванага, «прагрэсыўнага» чалавека 20-га Стагодзьдзя. Помнiкi, што так цi накш у нашу сьведамасьць уелiся. Вобразы пакут, суцэльнага зьнiшчэньня, нэгацыя Бога й Ягонае навукi. А дзе ў параўнаньнi з гэтымi гiстарычнымi гiгантамi дробненькая макулiнка попелу, што звалася Залатухай?
Гэта не праслаўленыя Лiдычэ й не разбарабаненая лiхой варожай прапагандай Хатынь. I ў тэй Хатынi, у сьпiску ймёнаў вёсак, спаленых на нашай бацькаўшчыне двума напасьнiкамi разам з жыхарамi iх, Залатусе памiну няма. Здавалася-б, гiсторыя з памяцi яе вымазала. Ня згадваецца яна i ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыi, што называе зьнiшчаныя вайной акупантамi мясцовасьцi, у якiх было больш чымся па пяцьдзесят жыхароў.
Пацiкаўцеся раёнам, дзе Залатуха была. Спытайцеся старых. I там Залатуху на першае месца не паставяць. Хутчэй пачуеце пра вялiкiя Азярцы, што па дарозе з Докшыц у Пархвенава былi. Удзень на гасьцiнцы ля вёскi пад нямецкай ваеннай аўтамашынай мiна ўзарвалася. Акупант пастанавiў, што ўдзень бальшавiцкая банда мiны не магла падлажыць. Сьцягнутыя карнiкi мэтадычна вымардавалi ўсiх жыхароў вёскi й спалiлi ўсе будынкi. Яшчэ пачуеце пра Шунеўку, а нехта iншы згадае як карнiкi Латышы палiлi Торгуны цi Ластавiчы.
Гэта ўсё было, але куды пазьней. Спачатку-ж у тым раёне спалiлi, разам з жыхарамi, Залатуху i ў той раньнi пэрыяд лiквiдацыя яе голасным рэхам расплылася па ваколiцы, урэзалася й назаўсёды асталася ў памяцi асобаў з нашага апавяданьня.
Ляжала яна ў суседзтве вёскi Вярэнькi, на поўдзень ад двухшляховай чыгункi мiж Пархвенавам i Будславам, блiжэй да апошняга, дзе стаялi немалыя вайсковыя адзьдзелы Немцаў i Ўкраiнцаў. Апошнiх мясцовыя жыхары называлi ўкраiнскай палiцыяй. У вадрозьненьне ад мясцовай, чорнай палiцыi, якой у Будславе тады ня было, Украiнцы насiлi зялёную вопратку.
У Залатусе было ўсяго сем гаспадарак, усе жыхары каталiкi. У той вясеньнi вечар залатускi селянiн думкамi да касавiцы рыхтаваўся, пазiраў на свае мазолiстыя рукi, мяркаваў зь якога кута, яшчэ перад усходам сонца, войстрая каса пачне ў сакавiтую асаку ўядацца. I якiм чынам мог спанатрыць, старанна клепячы на бабцы зьлiзанае лязо касы, што заўтра ўпоперак дарогi на сенажаць стане вогненная, што ўсё да тла спалiць, Садома?
У гэны лагодны, цёплы вясеньнi вечар перагукалiся ў калiшнiм панскiм лесе нястомна-галасiстыя зязюлi й лiчыла залатуская малеча дый старэйшыя колькi адна цi другая шэрая, нявыглядная птушка накукуе гадоў…
У той дзень на захад сонца ля бусьлянкi кружыў прыгожы птах. Бусьлiха на яйках драмала. I цi нейкiм няведамым спосабам магло памясьцiцца ў бусловай галаве, што заўтра й бусьлянку, што на баране, дый самае гумно, на страсе якога яна знаходзiлася, спалiць пражорлiвы агонь, а яму з абсмаленай бусьлiхай няведама куды ўпрочкi трэба будзе з гэнага папялiшча адлятаць?
I шмат звычайных i простых, нармальнага будзённага парадку, рэчаў адбывалася ў гэны вечар у невялiкай вёсцы Залатусе. Навокал буйнела й красавалася шматколерная сакавiтая прырода. Неадкладнае ўвагi вымагалi нiкiм непалiчаныя дробязi пярэстага сялянскага жыцьцця. Каму было ведаць, што iхная маленькая мясьцiна, у сiлу нейкiх чужых iдыёцкiх правоў, апынулася на мапе мясцовых уладаў у так званай чырвонай зоне?
Верхам i бокам рынула й мiма прайшла на ўсход вайна. Туды ёй i дарога. Праўда, яшчэ раней, напярэдаднi гэтай навалы, што абрушылася й сюды але, на вялiкае шчасьце, iх мiнула, змабiлiзавалi з Залатухi ў войска Палякi пару дзяцюкоў. Унармаванага кроку вясковага жыцьця не зьмянiлi за куртаты час свае акупацыi i ўсходнiя «вызвольнiкi».
Няхай сабе й гэта надта вялiкая, ужо куды, як выглядала, большая за папярэднiя войны. I м, да зямлi ад веку прывязаным, адно араць, сеяць, плёны зьбiраць, статак гадаваць, сем'i даглядаць, сыноў жанiць i дачок замуж аддаваць ды памагаць iм на свае ногi станавiцца. Дзiва няма, што i ў гэны вечар адно ўмеру пра вайну думалася.
Праўда, побач чыгунка. Па ёй едуць гарматы, танкi, амунiцыя, харчы, войска. Яе вартуюць i ў роўных прамежках часу ходзяць па ёй у шлёмах узброеныя вартавыя. Не бяз прычыны. Кагадзе побач цягнiк на мiну наехаў, загарэўўся, былi ахвяры. Але-ж i раней, калi iх тыя з усходу «вызвалiлi», надта часта йшлi па чыгунцы цягнiкi. Тыя валаклi ўсякае дабро й зброю на захад, а гэтыя на ўсход.
Ведама-ж, вайна. Чуваць было, што ў Будславе ад войска аж кiшэла. Цi раз ужо й сюды заглядалi. Дзiву даешся, зьявiлiся нейкiя, у зялёным, Украiнцы. Гаварылi-ж неяк у нос, нацiскалi на «i» i «лы», але-ж зразумець нешта можна было.