Шрифт:
Янук забрыў аж на Гараватку, спынiўся пад дубам Архiпам. Магутны дуб самы надзейны сябра. Пад iм так добра думаецца. Зiрнi ты, Архiп, як сэрца юнака поўнiцца горычай, зрок ягоны блудзiць у цемры, а розум нiяк ня можа натрапiць на нiтачку, каб разматаць прыказачны клубок. Патрэбны новы падыход. Адносна аднаго ня было сумлеву: зьнiшчэньне Залатухi не прыпадковае. Злачынная рука дзеяла ў сiлу нейкага закону. Якога? Трэба, здаецца, пачаць разважаць ад элемэнтарнага. Значыцца, перш за ўсё трэба адказаць на пытаньне: на якiм практычным праве аснована жыцьцё? Гэта ведама ўжо кажнаму дзiцяцi, хаця й не асэнсавана яшчэ iм. Права сiлы бачыш на кажным кроку; яно тарнуецца ўсюды, ад найменшай да найбольшай iстоты, што ходзiць, лётае, поўзае цi плавае. Чалавек, спрабаваў замянiць гэтае прыроднае права сiлы правам маралi, значыцца душы й сумленьня. Вядома, на помач тут прыйшла рэлiгiя, няважна цi хрысьцiянства, мусульманства, буддызму цi гэбрайства. Усе яны блiзкiя ў сваiх прынцыпах. Але колькi людзей карыстаецца iмi?
А нагласьць сiлы вiдаць на кожным кроку, асаблiва-ж вайной, бо вайна ёсьць ня што iншае, як паядынак дзьвюх цi некалькiх фiзычных сiлаў. Гэтта выяўляецца максымальнае практычнае права жыцьця й суадносiнаў мiж людзьмi: хто дужэйшы, той возьме. Дарма, што церпяць нявiнныя. Як права, дзе два дужыя б'юцца, там абавязкова слабому пападзецца.
Янук паставiў пытаньне накш: калi той, што мае сiлу, стараецца яе ўжываць, дык цi-ж ня кiруе ён ею? Ён-жа ня зьнiшчае ўсё i ўсiх безаглядна; ужыцьцё сiлы мае сваю мэту й накiраванасьць. Згода. Дык калi ўзяць, што Немцы лiчаць Беларусаў нейкiмi сваймi хаўрусьнiкамi, даюць iм мясцовую ўладу й свае школы, дык навошта яны спалiлi Залатуху? У вёсцы-ж жылi iхныя хаўрусьнiкi, што прыязна да iх адносiлiся, плацiлi падаткi, старалiся памагчы як мага. Дык пытаньне практычна зводзiлася да наступнага: чаму Немцы, хоць у даным выпадку й рукамi ўкраiнскiх наймiтаў, паляць сваiх хаўрусьнiкаў, мардуюць прыяцеляў?
I вось перад такiм, здавалася зусiм ясным, пытаньнем Янук стануў у тупiку. Пакуль дайсцi да найважнейшага, мусiў узважыць, абмяркаваць i адкiнуць шмат другараднага й наiўнага. Дый запраўды ў ягоных гадох навет дабрацца да такога галоўнага пытаньня ўжо было немалым асягненьнем. Ягоныя равесьнiкi, хаця-б гэны Стась цi навет старэйшы Ўладзiк, нiколi-б такiмi катэгорыямi не патрапiлi думаць. I м навет у галаве не мясьцiлася думка пра нейкiя глыбейшыя разважаньнi. Працэс сялянскае думкi быў просты: калi аднекуль зьяўлялася вестка, перш за ўсё чалавек хацеў дакладна ведаць «што», а ўжо радзей каторы селянiн запраўды намагаўся адказаць на пытаньне, як сьлед грунтоўна, «чаму» нешта збылося цi здарылася. А гэтта Янук разважаў пра адну з найцяжэйшых праблемаў жыцьця: суадносiны сiлы з мараляй, дабра iз злом i з гэтага выводныя. Дык канкрэтна: чаму Немцы мардуюць i паляць сваiх прыяцеляў i хаўрусьнiкаў?
Калi гэта запраўды так, дык выходзiць, што Немцы або павар'яцелi, або зусiм ня ведаюць, што яны робяць. I адно й другое выключалася. Калектыўна Немцы ня былi вар'ятамi дый ведалi яны, вiдаць, што рабiць. На пытаньне анiяк нельга было адказаць. А можа пытаньне дрэннае? Давай, разваж па слоўцу: Немцы мардуюць сваiх прыяцеляў… Два ключовыя словы: Немцы й прыяцелi…
Янук пачаў з заклапочаньня церабiць свае вясной ужо пабялеўшыя валосы, прадчуваючы, што блiжэй да карэньня дабiраецца. Немцы й прыяцелi, Немцы й прыяцелi… Немцы i… Нешта тут не ў прадку. Немцы абапiраюцца на безагляднай сiле. А цi чалавеку, цi народу, якi базуе ўсё на сiле, надта на прыяцелях залежыць? Скарэй слабому сябра патрэбны, а моцны, значыцца дужы, ён сам чуецца як Бог. Згода. Дык цi адпавядае гэтта слова прыяцель цi навет хаўрусьнiк? I хто яму сказаў, што Немцы прыяцелi цi хаўрусьнiкi Беларусаў?
Раптам нарадзiлася думка. Падсьведама адчуваў Бахмач, што гэта й быў той асноўны, галоўны адказ, да якога вобманцкам, саматугам дабiраўся. Запраўды, калi прыняць мяркаваньне, што Немцы, як Палякi цi Маскалi, прыйшлi на гэтую пакрыўджаную зямлю як рабаўнiкi, новыя паны, махляры, прыгнятальнiкi, дык усё, што навокал адбывалася становiцца ясным, як сьветлы сонечны дзень. Немцы ў лiку ворагаў! Жахлiвая, але праўдападобна добра абаснованая, думка. Адно якая-ж будучыня? Цяпер во спалiлi, разам з жывымi людзьмi, Залатуху. А можа гэткiх злачынаў будуць яшчэ сотнi цi тысячы?
Жах, жах!
У ваблiччы такога нячуванага варварства якое значэньне мае тое, што народ атрымаў права навучаць дзетак у школах у сваей мове, цi тое, што ёсьць пару газэтаў цi часопiсаў беларускiх? Якую вагу мае беларуская нiжэйшая адмiнiстрацыя? Цi калi якi шваб зьбярэ сваюэ здысцыплiнаваную банду, возьме на прыпрэжку якiх Украiнцаў, як у Будславе, ды задумае паехаць i спалiць цэлую вёску разам з жыхарамi, у тым лiку дзеткамi, жанчынамi й старымi, усiмi зусiм безбароннымi й нявiннымi людзьмi, — дык цi яго спынiць якi старшыня вёскi цi старшыня воласьцi зь беларускай адмiнiстрацыi? Няхай адно пiкне, сам першы кулю ў лоб дастане. Гэта хто калi чуў цi бачыў, каб Немец слухаў якога чужога задрыпанага старшыню воласьцi?
А калi так, дык значыцца гэта мясцовая, свая адмiнiстрацыя ня мела ў вачох акупанта зусiм нiякая вагi. Ды не, пачакай-жа. Нейкую вагу мела бо для нечага-ж яму была патрэбная. А для чаго? Зусiм ясна: яна памагала акупанту зьбiраць харчы, падаткi, гнаць людзей на працу, iншымi словамi — ссаць жывыя сокi з паняволенага народу. Няйнакш, так яно й было.
I на пацьверджаньне гэткiх сваiх выснаваў Янук пачаў згадваць нямецкiя зьдзекi над сваймi людзьмi, якiя ён сам бачыў. Амаль ня было чаго згадваць, адно хiба той вуж хурманак, што на гару глыбоцкага пяшчанага гасьцiнцу ня мог з наладаванымi вазамi ўзабрацца, а ён iз Дуняй задалёку прыглядалiся як Немцы сялянаў лупцавалi. Мо й шчасьлiвы, што большага ня бачыў. Ня дай, Божа, бачыць якую Залатуху, цi трапiць у рукi польскай, пад нямецкай камандай, палiцыi, ды стануць перад руляй стрэльбы на расстрэл. Або цярпець цi гiнуць разам з Жыдамi. Жыды, якiя-б яны ня былi, усё-ж гэта людзi. I калi гэта праўда, што Немцы пагалоўна iх вынiшчаюць, дык ганьба Немцам! Што гэта за народ такi? Немец — вораг! Немец — кат беларускага й iншых народаў. Значыцца, як выглядала, найбольш зьдзеклiвая сiла на сьвеце ўзьлезла нам на плечы. Вось адкрыцьцё!
Янук i задаволены быў з таго, што ён сам, бязь нiчыя помачы, дайшоў да разгадкi такое тайны. Не сказаў яму пра гэта простымi словамi анi Антось Дзяркач, анi Кастусь Падгайскi, анi хто iншы. Пэўне-ж, яны пра гэта ведалi, але чамусьцi яму, проста ў рот, пажваўшы, улажыць не хацелi. Хто-ж iх ведае… Цяжка было сумлявацца, што такiя разумныя й пранырлiвыя дзядзькi ня бачылi таго, што яму, як-нiяк, наiўнаму юнаку, раптам стала зусiм зразумелым. Трэба будзе калi, як кажуць, проста з мосту спытацца iх пра гэта.