Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

23

Ноччу зазiмак пацярушыў сьнегам, мароз кволымi жылкамi-нэрвамi выпрабоўваў сваё майстэрства на тонкiх скарынках лёду ў лужынах, канавах i сажалках. Ранiца прыйшла ясная, сьвежая, спакойная. Каб хоць адной галiнкай паварушыў маестатычны гаравацкi Архiп. Яшчэ блiжэй, здавалася, прыхiлiлiся да сябе зьбялеўшыя сёстры-сосны на могiльнiку. У Гаравацкай пушчы й лiпавiцкiх гаёх на дэманстрацыю прыбралiся ў новым бельлi стройныя сосны й хвойкi. Яны зьзялi ў сонцы й маглi хвалiцца сваей пышнай прыгажосьцю перад голымi бярозамi, клёнамi й асiнамi.

Далёка чуваць былi галасы пеўняў над ранкам. Слупамi выпрасталiся над комiнамi дымы. Асьцеражней хадзiла ў пушчы розная жывёльная малеча. Мёртвая маўклiня спрыяла большым дзяруном, што цяпер на помач носу паклiкалi й свае вушы.

Вялiкая грамада лiтоўскiх сялян наблiжалася да лiпавiцкага поля. Радасьцю зьзялi вочы й далёка над бельлю прыцярушанымi роўнымi нiвамi сягала вясёлая, нястрыманая гамонка.

– Зямля наша! Во калi зажывём!

– Дачакалiся! Цяперака, як свой кусок зямлi мець будзеш, дык нiякi прыблуда з твайго мазаля ня будзiць жыць. Сам сабе будзеш пан!

– А як-жа!

– Ды i во яшчо што: казаў Косьцiк, што кажны можа мець зямлi колька захочыць! Ого!

– Нi колька захочыць, а колька абрабiць можыць.

– Ну яно-ж сябе так...

– Дык цi-ж ты думаеш, што каторы паквапiцца каб мець болi зямлi чымся абрабiць будзiць магчы?

– Нашто-ж яна тады яму?

– Нiбыта па шэсьць актараў на аднаго каня...

– Ну а як каторы нi маiць каня?

– Дык дадуць...

– Толька-ж i глядзi, рот настаўляй, каб нi праваронiў як будуць даваць.

– Усё дадуць, усiм хопiць. Вунь дзе колька ўсякага дабра на маёнтках i хвальварках...

– Ну паглядзiм.

– Што тамака глядзець... ужо вiдаць.

Бадзёра сьлядзiлi прысыпаны сьвежым белым пухам гасьцiнец сялянскiя ногi. Грамада кiравалася на прасторныя, урадлiвыя гонi, што за чыгункай суседзiлi зь лiтоўскiмi начоўкамi, а з захаду канчалiся сьцяной гонкага гаю. Пракоп з Алесям маўклiва ў хвасьце валаклiся. Новы грамадзкi тэрмамэтар выпхнуў iх цi не на самае чало "прыгнечаных i эксплуацiруемых" масаў, значыцца тых, пра каторых найбольш барабанiла й быццам клапацiлася "народная ўлада". I будучыня перад iмi можа прасьцерлася проста й прывабна, як тыя ўрадлiвыя гонi, калi-б не мясцовыя "косткi ў горле". А косткi гэныя - Бурак Косьцiк i Шпунт Лявон - дзесьцi ўрачыста й фанабэрыста крочылi на самым перадзе грамады.

Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку - вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.

I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?

Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве "косткi" пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, - насамперш Маршалкаў - i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.

Затуканаму-загуканаму мужыку, якога чужыя й свае паны стагодзьдзямi абскубалi, можыш нагаварыць мiльёны прыгожых слоў i яны нiчога ня будуць значыць у параўнаньнi з прыгоршчамi ягонай уласнай урадлiвай зямлi. Няхай яго сабе зь няверным Тамашам побач паставяць: не дакранецца рука зямлi дык i не паверыць.

Лёгка пераплюнеш бiблiйнага недаверка, калi брату твайму сярмяжнаму зь няпамятных гадоў розныя прыблуды сёмае неба абяцалi, а ўсё да гвалтаў i рабункаў зводзiлi. Дзiва няма, што й абяцаньнi "улады народнай" сяляне адразу пад абстрэл узялi. Вывялася-ж яна з таго самага кодла, дзе некалi спачатку ўзбуйнеў i растучнеў, а пасьля прадзедаў iхных у прыгон загнаў сама ненажэрны й прагавiты "самадзержац". Праўда, тупее гадамi памяць людзкая й мала дзе ў краiне пагвалчанай жылi яшчэ сьветкi таго найбольшага й найжахлiвейшага народнага паўстаньня. Лiтоўскi-ж патрыярх Якуб - атожалак часоў сiвых-бурлiвых, звычайна маўчаў, але пры нагодзе патрапiў раскалупаць балючую рану народную. I за што тады змагалiся? За волю, за кавалак зямлi свае, за тое, каб маскаля пазбыцца... Колькi яшчэ песьняў з тых часоў датрывала...

Мо й прыйшоў нарэшце зьдзекам канец? Мо й запраўды перамянiлася на лепшае? Мо й сам згрыбелы дзед лiтоўскi дачакаўся адплаты за ахвяры паўстанцаў Калiноўскага, мо й нарадзiлася тое вечна чаканае, нiколi неасягальнае "сьветлае заўтра"? А можа гэта ўсё - стары хвальш i абман у новай хворме?

Разважаючы такую магчымасьць, - а была яна надзiва рэальная, - аблiваў Пракопа пот сьцюдзёны, цяжка валачылiся наперад ногi i ў вачох цямнела. Кволае здароўе ледзь давала вытрымку такiм духовым выпрабаваньням. Калi-б не насеў Алесь, не пайшоў-бы, мусiць, на падзел зямлi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: