Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

– Каго гэта вас?

– Ну каторых дамоў пусьцiлi.

– Многа было?

Дзяцюк задумаўся.

– Мусiць былi сотнi, нi лiчыў.

– Алi каторых гэта пушчалi?

– Тых, знацца, каторыя пад Расеяй цяперака. Нi пушчалi Палякаў, толька Бiларусаў i Ўкраiнцаў.

– Гэта, мусiць, цi ня тое, ягодка, што казалi бальшавiкi: немцу яго шпiёнаў аддалi, а за тое немiц нiкаторых нашых дамоў пусьцiў, - паясьнiла суседцы Аўдоля.

– А калi так многа пусьцiлi, дык нiкога з нашых нi было?

Мiхалюк з адказам не сьпяшыў. Ён уважна зiрнуў на зацiкаўленыя, нецярплiвасьцю насычаныя твары.

– Нiкагусiнькi, - сказаў коратка.

– От гэты Маршалкаў i наабяцаў. Казаў, што сам Сталiн паможыць, заключыў Уладзiмер Пятух.

33

На дзень куцьцi крыху папусьцiў мароз i дзесь пад полудзень за гарбом Гараваткi навет нясьмела вызiрнула сонца. Калi падкая да лыжнага й санкавага спорту малеча абсыпала сугор ды гулкiмi галасамi напоўнiла лiтоўскiя начоўкi, пажвавела тэмпа падрыхтоўкi да сьвята ў вясковых хатах, хлявох i гумнах. Традыцыя наказвала, што Збавiцель радзiўся ў хлеве й таму ўсей хатняй жывёле ў гэты дзень трэба было асаблiва пасобiць. Мужчыны ня скупiлiся з посьцiлкай i кормам. Жанчыны прыбiралi хаты, рыхтавалi стравы для стала куцьцi й вялiкага Дня Нараджэньня.

Калi-б лiтоўскiя "народнай улады" паслухалi, куцьцю й Каляды давялося-б зь вялiкай нiшчэмнiцай сустракаць. "Народная ўлада" ў асобе Сымона Пятуха й гэнага бурклiвага зьнекуль маскаля, перапiсвала-перлаiчвала ўсю вясковую маёмасьць. Гэтта-ж на хвасьце пярэпiсi прыйшоў зь сельсавету загад, што бязь ведама ўлады нiякi селянiн ня мае права браць для свайго ўжытку мяса-яйкi-сала-нарыхтоўкi. Загад той, пераказаны вуснамi старшынi камбеду кагадзе на сходзе, спачатку выклiкаў вялiкую няўцямнасьць, пасьля-ж злосьць i лаянку. Вядома-ж, людзi лiтоўскiя ня ўчора ад соскi адвыклi, таму гэтта на сходзе, цi, як яго зьверху модна называлi, - мiцiнгу, трымалiся назьдзiў асьцярожна.

– Дык калi свайго, што выгадаваў, казаў той, цяперака нi закалоць i нi зарэзаць, дык як тады быць, што есьцi?
– спытаў звычайна маўклiвы Якубаў сын Васiль.

– Я-ж... гэта самае, - заiкаўся Пятух, - кажу вам тое, што мне сказалi. Ну самi разьбiрайцеся.

Старшыня камбеду зiрнуў на прысланага Саладухам з Гацяў маладжавага, гадоў пад трыццаць ураднiка Яўхiма Скаруповiча. Вясковыя ведалi яго здалёку, а тыя, каторым ўжо ўрад сельсавету наведаць собiла, казалi, што называлi яго яшчэ фiнансавым цi ўзносавым агентам, значыцца якраз тым, каму грашовыя й натуральныя падаткi сьцягваць даверылi. Дзяцюк устаў, сьмелым зрокам узяў усiх "наўчот" ды прачысьцiў горла.

– Вы спрашываiця, таварыш, што есьлi нiльзя нi закалоць, нi зарэзаць, дык, гэта самае, як тады жыць, што есьцi. Ну а я от вапросам на вапрос атвечу: есьлi, прыблiзiцiльна, кажды з вас, ды ня толькi з вас, ну i з другiх дзярэўняў тожа будзiць распараджацца сваiм iмушчаствам так, як яму ўздумаiцца, так разрашыця спрасiць вас: як тады будзя жыць наша савецкая гасударства вапшчэ? Га? А дзiлi таво, штоб i гасударства было давольна i граждане тожа, цi як тутака ў нас кажуць, - каб воўк быў сыты й авечкi цэлыя, - так далжна быць нейкая сiсьцема? Есьлi нi панiмаiця, так я вам сiчас паясьню.

Дзяцюк затрымаўся, пiльна агледзеў "мiцiнгоўцаў".

– Гасударсьцьвiнная сiсьцема, - гэта закон, парадак. Усё iмушчаства й вапшчэ налiчнае бярэцца на ўчот i тады людзi, каторых паставiлi тым iмушчаствам заведаваць, сагласна ўказу правiцiльства распараджаюцца сколька з таго даць гасударству на нарыхтоўкi, а сколька гражданам для iх собсьцьвiннага ўпатрабленiя. Гэта значыць, што далжон быць i ёсьцiка такi законны распадзел вапшчэ што iдзець гасударству на налог, а што людзям на iх пiтанiе i упатрабленiя. Сiчас панiмаiця?

– Ну калi так, - адважыўся Васiль, - дык тады, мусiць, дабро прадукуюць зьнiзу, а дзеляць зьверху. Ну алi скажыце, таварыш Скаруповiч, калi хто сваю авечку зарэзаць цi от якую сьвiньню перад Калядамi закалоць захочыць, дык тады як гэта быць? Гэта-ж як вы самi пра гэну сiсьцему кажаце, дык, мусiць, трэба некага пытацца, цi сваё калоць цi рэзаць можна. Як так?

– Ну да, верна. Вапшчэ есьлi хто хочыць што са свайго iмушчаства ды на сваё ўпатрабленiя дык нужна заяўка на гэта. Панiмаiця?

– Заяўку тую каму?
– спытаў доктар Зянькевiч.

– Ды каму-ж... нам, - адказаў малады ўраднiк.

– Ага, ну а як-жа... пэўне-ж вам, - буркнуў лекар.

Далей Скаруповiч паведамiў, што цяпер дзяржава бярэ "налогi" натурай адно ў залiк, што неўзабаве зьявяцца гэтак званыя "павесткi аб налогах" i тады ўжо кажны будзе ведаць колькi зь яго належыцца "гасударству", а колькi на свой пажытак застанецца.

Каб свой жывот дарма ня бурчэў, ды каб i "сiсьцему" нi ўквялiць, пасьпяшылi людзi з заявамi ў сельсавет. Ды тая "сiсьцема" глухое вуха на сялянскiя заявы наставiла. Ураднiкi прымалi заявы, абяцаючы, што скора парупяцца пра iх. Гэнае скора расьцягнулася зь дзён на тыднi й выглядала, як нехта ў вёсцы трапна сказаў, што "чакай, дурань, зь неба манны".

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: