Шрифт:
Пракоп пакорна зiрнуў на абразы, перахрысьцiўся, акiнуў вачмi сыноў сваiх задуманых i маўклiвых.
– Гэта, тата, вялiкая праўда, што той Полацкi табе казаў. Толька што мала хто, вiдаць, сам сабой такую сьцежку пратопчыць. А гэта-ж, вiдаць, трэба i пратоптываць самому, бо я ня чуў, каб калi якi поп дзе такое сказаў, - падтрымаў бацькавы развагi Янук.
– Разумны дзяцюк гэны самы Мiкалай быў, - уставiў, перажоўваючы страву ў роце, Мiкола.
– Мусiў быць. Я пасьля часта яшчо зь iм вiдзiўся,. Ён так, як у тым царкоўным, так i ў другiм жыцьцi саматугам добра пасвойму разьбiраўся. Хоць навукi ня меў, алi галаву во якую! Гэта-ж як падумаiш, нiкаторыя вунь якiя высокiя школы за сабой маюць, а цi можна сказаць, што каб самi яны думаць умелi?
– зрабiў выснаву Пракоп.
У куце, перад пабiтым абразом Прадславы паволi тлела полымя ў лямпадцы. Урачыстая сьведамасьць адкрыцьця новай i блiзкай дарогi да Бога асьвятлiла твары прысутных за гэтым сталом. Пасьля цягнулi з-пад абруса сена й варажылi пра даўжыню веку кажнага. I ўсе выцягнулi па даўгой травiне. Супольна, сугучна, цiха i ўрачыста сьпявалi калядкi. Яшчэ пазьней дзялiў Янук рэшткi куцьцi жывёле ў хлявох, а скончыўшы таптаў хрусткi сьнег на дварэ, разглядаў на небе зоркi й ветах маладзiка. Здавалася, што зоркi сяньня зьзялi куды ясьней, нейкiм празрыста-ўрачыстым гарэньнем, быццам ажывiлiся на ноч Вялiкага Прыходу.
У начоўках панавала ўрачыстая цiшыня, адно рэдка па гасподах цяўкалi сабакi. Недзе ў Лiпавiчах пачулiся галасы. Пераклiкалiся, мусiць, вартавыя. I Януку здалёку здалося, што да вушэй ягоных прыляцела ведамая ўжо, ядавiтая трохпавярховая маскоўская лаянка.
34
Яўхiм Скаруповiч зноў трымаў цэнтр увагi "мiцiнгу" ў лiтоўскай школе. На сход сабралася большая грамада, чым на нязьлiчоныя iншыя сходы, ад якiх сялянам пачало ўжо моташна рабiцца. Гэтым разам Сымон Пятух, наказваючы людзям, падчыркiваў, што "яўка абiзацельна" для ўсiх, каторыя зь Пiрасечана лес вывозiлi, што падлiк будуць рабiць i прэмii даваць. Само моднае слова "прэмii" дзiўна на Пятуховым языку гучэла. Некаторыя людзi чулi яго першы раз i распытвалiся "што гэта за цымус такi гэныя прэмii". Тады Сымон тлумачыў, што гэта будзе заплата i ўзнагарода за вываз лесу. Магчымасьць, што нарэшце заплацяць, - вер цi ня вер гэтай "брыдзе" Пятуху, - прымусiла шматлiкiх мужчын, што вазiлi лес, дый шмат iншага вясковага народу напоўнiць залю. Зь цiкавасьцi заглянулi сюды й некаторыя малодшыя, у iх лiку Янук i Дуня.
Цьмяна сьвяцiла лямпа за пярэднiм сталом, за каторым стаяў ды вялымi рухамi сваiх рук падмацоўваў гутарку пра "сiсьцему", яйкi - дзяржаве, малако - дзяржаве, зярно - дзяржаве, льняное семя - дзяржаве, мёд дзяржаве, усё чыста - дзяржаве той самы сельсавецкi ўраднiк Скаруповiч. Каб людзi, баранi Божа, не забылiся якi аўтарытэт для iх дабра гутарку вядзе, Яўхiм пачаў зьверху, ад самага Крамля, назваўшы "наймудрэйшага з усiх мудрых атца ўсiх народаў", каторы, вiдаць, бяссоньнiцай морыцца, турбуючыся пра дабрабыт ня толькi лiтоўскiх сялян, але i ўсiх вялiкiх i малых народаў. Пасьля "таварышч" Скаруповiч са сьцiплага моўнага запасу свайго выцягнуў колькi абшмуляных i ўежджаных ужо эпiтэтаў пад адрасам "доблiснай", што вызвалiла й каторая ня сьпiць "сiчас" на нiякай мяжы, бо "нiаб'ятную" сьцеражэ, а ў Фiнляндыi дык i здорава-такi дае ў каршэнь "гнюсным фiнскiм мiлiтарыстам i прочым капiталiстам". Гаваркi Яўхiм спынiўся на "народнай уласьцi", значыцца ў тым лiку i людзях гацкага сельсавету, што, згодна наказу таго-ж самага "наймудрэйшага з мудрых" адно пра мясцовае народнае дабро й грамадзян дбаюць.
Ужо пасьля такога ёмiстага ўступу зьнiзiўся Яўхiм да лiтоўскiх хлявоў, аўчарняў, гумнаў, курасадняў, вульляў i назойлiва-манатонна прыгадваў, што трэба дзяржаве здаваць. Не забыўся па дарозе заглянуць у "сiсьцему", адзiна-справядлiвую i ўсiм як на даланi ясную.
Людзi сядзелi, пазяхалi, драмалi.
I нарэшце да вывазу лесу Скаруповiч дабраўся.
– У мяне тутака сьпiсок, вапшчэ... учот занчыцца вывазу дрэва дзярэўняй Лiтоўцы. На iм вiджу ўсе фамiлii й сколька хто атработаў. От iнцярэсна: нiкаторыя ня выпаўнiлi нормы й вапшчэ...
Трымаючы ў руках сьпiсаны лiст паперы, Яўхiм наўмысна затрымаўся, доўга разглядаў прысутных, быццам хочачы падчыркнуць цiкавы факт, што "нормы ня выпаўнiлi".
– Вiджу фамiлiю Пракофiя Бахмача, што выпаўнiў найменi, усяго трыццаць два працэнт нормы. Ёсьць ён тут?
– спытаўся войстра.
– Я тутака, - устаў апрануты сярмягу Янукоў бацька.
– Чаму нормы ня выпаўнiў?
– Я-ж, гэта самае, стараўся, таварыш зь сiльсавету, ды жарэбную кабылу зусiм зацягаў, - пачаў дрыжачым голасам Пракоп.
– Нi магла яна, бедная. От ажарабiлася раней чым трэба, нi данасiла дык жарабя, - памажы яму Божа! болi ляжыць, бо ня можыць значыцца на ногi ўстаць. I сягоньнiка сам ня ведаю, што зь iм рабiць. Надта-ж конь мне трэба, алi калi што нiдалугай нарадзiлася дык якая-ж тут рада, мае людцы добрыя? От папытайцеся, таварыш зь сiльсавету, людзей. Усе ведаюць.
Пракоп разьвёў рукамi, пацiснуў плячмi й сеў.
– Ага, ну да, - прыняў да ведама Пракопаву гутарку Скаруповiч.
– Нада было кабыле ажарабiцца i вапшчэ... Ну што сiчас, стала быць пасьля таго, як ваша кабыла ажарабiлася? Вы апяць... вапшчэ... паехалi дрэва вазiць?
– Дык казаў-жа вам, - тлумачыў Пракоп, ужо не ўстаючы, - што кабыла зацiганая, ня можыць... Улегцы падзiржаць яе трэба, каб падужэла.
– Сколька врэмя таму, як кабыла ажарабiлася?
– насядаў Скаруповiч.
– Дык ужо цi ня месяц будзiць... Я-ж кажу...
– Дык вы думаеце кабылу ў хлеве дзiржаць, ужо цэлы месяц дзержыце, а лесу вапшчэ ня думаеце вазiць?
– павысiў Яўхiм голас.
– Я-ж кажу, - баранiўся Пракоп, - што слабая яшчо. Трэба...
– Вы мне кажаце!
– крыкнуў Яўхiм, - вы мне не кажыце! Я вам буду казаць i вапшчэ... панiмаiця? А вы маўчыце i мае распаражэнiя спалняйце!
Гэткi Скаруповiчаў выбух паралiжаваў шэпты ў залi. Людзi спачувальна пазiралi на Пракопа й няпрыхаваная варожасьць да фiнагента зьявiлася ў некаторых сялянскiх вачох. Нiколi дагэтуль не давялося Пракопу быць аб'ектам публiчнага ганьбаваньня. Ён апусьцiў галаву, глядзеў як дрыжэлi рукi, тыя самыя рукi, што калiсьцi ў глыбока-засьнежанай пушчы тузалiся зь вялiзнымi чурбанамi першакляснага дубу цi бярозы, якую пасьля ў "саюзную Гiрманiю" высылалi.