Шрифт:
Полымя замiтусiлася на калонах, загрукалi кентурыёнавы калiгi па мазаiцы. Кентурыён выйшаў у сад.
– I пры поўнi мне няма спакою, - скрыгануўшы зубамi, сам сабе прамовiў пракуратар.
На балконе замест кентурыёна паказаўся чалавек у башлыку.
– Банга, не чапаць, - цiха сказаў пракуратар i сцiснуў сабаку загрывак.
Перш чым гаварыць, Афранiй, як i звычайна, азiрнуўся навокал i адступiў у цень, пераканаўшыся, што няма нiкога чужога, акрамя Бангi, цiха сказаў:
– Прашу аддаць мяне пад суд, пракуратар. Ваша праўда. Я не змог зберагчы Юду з Карыяфа, яго зарэзалi. Прашу судзiць мяне i зняць з пасады.
Афранiю здалося, што на яго глядзяць чатыры вокi - сабачыя i ваўчыныя.
Афранiй дастаў з-пад хламiды закарэлы ад крывi кашалёк з дзвюма пячаткамi.
– Вось гэты мяшок з грашыма забойцы падкiнулi ў дом першасвятару. На гэтым мяшку кроў Юды з Карыяфа.
– Колькi там, цiкава?
– спытаў Пiлат i нахiлiўся да кашалька.
– Трыццаць тэтрадрахмаў.
Пракуратар усмiхнуўся i сказаў:
– Мала.
Афранiй маўчаў.
– Дзе забiты?
– Гэтага не ведаю, - спакойна, з годнасцю адказаў чалавек, якi не разлучаўся са сваiм башлыком, - ранiцай сёння пачнём шукаць.
Пракуратар скалануўся, пакiнуў у спакоi раменьчык на сандалi, якi не зашпiльваўся.
– А вы дакладна ведаеце, што ён забiты?
Пракуратар атрымаў кароткi адказ:
– Я, пракуратар, пятнаццаць гадоў на рабоце ў Юдэi. Я пачаў службу пры Валерыю Граце. Мне не абавязкова трэба бачыць труп, каб сказаць, што чалавек забiты, i таму я вам зараз дакладаю, што чалавек, якога звалi Юдам з Карыяфа, некалькi гадзiн таму зарэзаны.
– Прабачце мяне, Афранiй, - адказаў Пiлат, - я яшчэ не прачнуўся як след, таму i сказаў гэта. Я дрэнна сплю, - пракуратар усмiхнуўся, - i ўвесь час сню месячны промень. Уявiце, як смешна, быццам бы я хаджу па гэтым промнi. Такiм чынам, я хацеў бы ведаць, што вы думаеце пра гэта? Дзе вы збiраецеся яго шукаць? Сядайце, начальнiк тайнай службы.
Афранiй пакланiўся, падсунуў крэсла блiжэй да ложа i сеў, грукнуўшы мячом.
– Я збiраюся шукаць яго непадалёку ад маслiчнага прэса ў Гефсiманскiм садзе.
– Ага, ага. А чаму менавiта там?
– Iгемон, я думаю, Юда забiты не ў самiм Ершалаiме i не далёка ад яго. Ён забiты пад Ершалаiмам.
– Лiчу вас адным з лепшых майстроў свае справы. Я не ведаю, як наконт гэтага ў Рыме, але ў калонiях роўнага вам няма. Растлумачце чаму?
– Нават думкi не дапускаю, - цiха гаварыў Афранiй, - каб Юда даўся каму-небудзь у рукi ў горадзе. На вулiцы цiха не зарэжаш. Выходзiць, яго павiнны былi завабiць у якi-небудзь падвал. Але служба ўжо шукала яго ў Нiжнiм Горадзе, i несумненна знайшла б. Яго няма ў горадзе, за гэта я ручаюся. Калi б яго забiлi далёка за горадам, то пакунак з грашыма не маглi б гэтак хутка падкiнуць. Яго забiлi паблiзу горада, куды змаглi выманiць.
– Не разумею, як гэта можна было зрабiць.
– Сапраўды, пракуратар, гэта сама цяжкае пытанне, i нават я не ведаю, цi здолею гэта разблытаць.
– Сапраўды, загадка! Святочным вечарам веруючы iдзе невядома чаго за горад, пакiдае святочнае застолле i там гiне. Хто i як мог яго тады завабiць? Цi не жаночых рук справа?
– раптам загарэўся пракуратар.
Афранiй адказваў спакойна i важка:
– Нi ў якiм выпадку, пракуратар. Гэта выключаецца. Трэба думаць лагiчна. Каму патрэбна была Юдава смерць? Нейкiя вандроўныя фантазёры, нейкi гурток, у якiм не было нiякiх жанчын. Каб ажанiцца, пракуратар, патрэбны грошы, каб нарадзiць чалавека на свет таксама патрэбны грошы, але каб зарэзаць чалавека пры дапамозе жанчыны, трэба надта много грошай, i нi ў якiх валацуг iх няма. Жанчына не ўдзельнiчала ў гэтай справе, пракуратар. Нават болей, такое тлумачэнне забойства можа збiць са следу, замiнаць следству i блытаць мяне.
– Я бачу, што ваша праўда, Афранiй, - гаварыў Пiлат, - i я толькi дазволiў сабе выказаць сваё меркаванне.
– На жаль, памылковае, пракуратар.
– Але як жа тады?
– усклiкнуў пракуратар i прагна паглядзеў у твар Афранiю.
– Мяркую, што ўсё з-за грошай.
– Цудоўная думка! Але хто i за што мог прапанаваць яму ноччу грошы за горадам?
– Не, пракуратар, не так. У мяне ёсць адзiнае меркаванне, i калi яно не спраўдзiцца, то iншага i прыдумаць не магу.
– Афранiй нахiлiўся да пракуратара i шэптам дадаў: - Юда хацеў схаваць хрошы ў надзейным, толькi яму вядомым месцы.
– Даволi дасцiпнае тлумачэнне. Вiдаць, яно гэтак i было. Цяпер я разумею: яго выманiлi не людзi, а ўласная думка. Ага, ага, праўда.
– Сапраўды. Юда быў недаверлiвы. Ён хаваў грошы ад людзей.
– Ага, вы сказалi, у Гефсiманii. А чаму менавiта там вы збiраецеся яго шукаць - гэтага, прызнацца, я не разумею.
– О, пракуратар, гэта прасцей за ўсё. Нiхто не будзе хаваць грошы на дарозе, на адкрытых i пустэльных месцах. Юда не быў нi на дарозе ў Хеўрон, нi на дарозе ў Вiфанiю. Яму трэба было цiхае ўтульнае месца, дзе растуць дрэвы. Гэта проста. А гэтакiх месцаў, акрамя Гефсiманii, пад Ершалаiмам няма. Далёка ён iсцi не мог.
– Вы цалкам пераканалi мяне. Тады што рабiць зараз?
– Я неадкладна пачну шукаць забойцаў, якiя высачылi Юду за горадам, а сам тым часам, як ужо гаварыў, пайду пад суд.
– За што?
– Мая ахова згубiла яго ўчора на базары пасля таго, як ён выйшаў з палаца Каiфы. Як гэта здарылася, не разумею. Такога ў маiм жыццi не здаралася. Назiранне было наладжана адразу пасля нашай размовы. Але на базары ён некуды перакiнуўся, зрабiў пятлю i знiк бясследна.
– Зразумела. Аб'яўляю вам, што я не бачу патрэбы аддаваць вас пад суд. Вы зрабiлi ўсё, што маглi, i нiхто на свеце, - тут пракуратар усмiхнуўся, - не змог бы зрабiць лепей за вас! Пакарайце сышчыкаў, якiя згубiлi Юду, але i тут я хацеў бы, каб пакаранне не было строгае. Урэшце, мы зрабiлi ўсё, каб паклапацiцца пра гэтага нягоднiка! Ага, я забыўся спытаць, - пракуратар пацёр лоб, - як гэта яны ўмудрылiся падкiнуць грошы Каiфу?