Шрифт:
–  Слухаю, iгемон, - сказаў госць i ўстаў.
–  Калi справа гэтакая складаная i адказная, дазвольце мне ехаць тэрмiнова. 
– Не, прысядзьце, - Пiлат рухам рукi спынiў госця, - ёсць яшчэ два пытаннi. Другое - вашы вялiкiя заслугi на сама цяжкай пасадзе начальнiка сакрэтнае службы пры пракуратары Юдэi даюць мне прыемную магчымасць далажыць пра гэта ў Рыме.
Госцеў твар у гэты час паружавеў, ён устаў i пакланiўся пракуратару.
– Я толькi выконваю свой абавязак на iмператарскай службе!
– Але я хацеў бы папрасiць, каб вы, калi вам прапануюць перавод па службе адсюль з павышэннем, адмовiлiся i засталiся тут. Мне нiзавошта не хацелася б разлучацца з вамi. Няхай вас неяк iнакш узнагародзяць.
– Я шчаслiвы, што служу пад вашым кiраўнiцтвам, iгемон.
– Мне прыемна гэта. Цяпер трэцяе пытанне. Яно пра гэтага, як яго... Юду з Карыяфа.
Госць стрэльнуў у пракуратара сваiм адметным позiркам i адразу патушыў яго.
– Кажуць, што ён, - працягваў пракуратар цiшэй, - быццам бы атрымаў грошы за тое, што гэтак прыязна частаваў звар'яцелага фiлосафа.
– Атрымае, - цiха паправiў пракуратара Пiлата начальнiк сакрэтнае службы.
– Многа грошай?
– Гэтага нiхто не ведае, iгемон.
–  Нават вы?
–  сваiм здзiўленнем iгемон пахвалiў. 
–  Нават я, - спакойна адказаў госць.
–  Але тое, што ён атрымае гэтыя грошы сёння вечарам, гэта я ведаю. Сёння яго выклiкаюць у палац да Каiфы. 
–  Ах, прагны стары з Карыяфа, - з усмешкаю сказаў пракуратар.
–  Ён жа стары? 
– Пракуратар нiколi не памыляецца, але цяпер ён памылiўся, - ветлiва запярэчыў госць, - чалавек з Карыяфа малады.
– Праўда? Ахарактарызаваць яго можаце? Фанатык?
– Ды не, пракуратар.
– Ага. Яшчэ што-небудзь?
– Вельмi прыгожы.
– Яшчэ? Магчыма, мае да нечага вялiкую схiльнасць?
– Цяжка пра гэта даведацца ў такiм вялiкiм горадзе, пракуратар...
– Э, не, не, Афранiй! Не прымяншай сваiх заслуг.
–  Ёсць у яго адна схiльнасць, пракуратар.
–  Госць на долю секунды прымоўк.
–  Ён прагны да грошай. 
– Чым ён займаецца?
Афранiй паглядзеў угору, падумаў i адказаў:
– Ён працуе мянялам у лаўцы ў свайго сваяка.
– А, вунь яно што, - пракуратар замоўк, азiрнуўся, цi няма каго на балконе i потым цiха прамовiў: - Вось у чым справа - я маю звесткi, што яго сёння ноччу зарэжуць.
У гэты час госць не толькi кiнуў свой позiрк на пракуратара, але i затрымаў яго на iм, а потым адказаў:
– Вы, пракуратар, занадта добрае думкi пра мяне. Я, мабыць, не заслугоўваю, каб вы дакладвалi пра мяне. Я не маю гэтакiх звестак.
– Вы заслугоўваеце сама высокае ўзнагароды. Але звесткi такiя ёсць, адказаў пракуратар.
– Дазвольце мне пра гэта не гаварыць, бо яны выпадковыя, недакладныя i ненадзейныя. Але мне трэба ўсё прадбачыць. Гэтакая пасада ў мяне, а больш за ўсё я веру свайму прадчуванню, яно мяне нiколi не падманвала. Звесткi такiя, што хтосьцi з невядомых сяброў Га-Ноцры, абураны страшнаю здрадаю гэтага мянялы, змовiўся з сябрамi забiць яго ноччу, а грошы, атрыманыя за здраду, падкiнуць першасвятару з запiскай: "Вяртаю праклятыя грошы".
Болей сваiх нечаканых позiркаў начальнiк сакрэтнае службы на iгемона не накiроўваў, слухаў яго прымружана, а Пiлат працягваў:
– Уявiце, як прыемна будзе першасвятару ў святочную ноч атрымаць гэтакi падарунак?
– Вельмi непрыемна, - усмешлiва адказаў госць, - я нават думаю, пракуратар, што з-за гэтага атрымаецца вялiкi скандал.
– I я гэтак думаю. Таму i прашу вас заняцца гэтым, значыць, забяспечыць ахову Юды з Карыяфа.
– Загад iгемона будзе выкананы, - сказаў Афранiй, - але я павiнен супакоiць iгемона: зладзейскую задуму надзвычай цяжка выканаць. Гэта ж трэба падумаць толькi, - госць азiрнуўся i працягваў: - Высачыць чалавека, зарэзаць яго, ды яшчэ ведаць, колькi атрымаў, ды i грошы вярнуць Каiфу, i ўсё за адну ноч? Сённяшнюю?
– Як бы там нi было, яго зарэжуць сёння, - упарта паўтарыў Пiлат, - у мяне прадчуванне, гавару вам! Не было выпадку, каб прадчуванне мяне падманвала, сутарга сцяла пракуратараў твар, i ён коратка пацёр рукi.
– Слухаюся, - пакорлiва адказаў госць, устаў i раптам спытаўся сурова: Значыць, зарэжуць, iгемон?
– Зарэжуць, - адказаў Пiлат, - i спадзяванне толькi на вашу выключную здольнасць.
Госць паправiў папругу пад плашчом i сказаў:
– Гонар маю, жадаю здароўя i радасцi!
