Шрифт:
– Не паеду!
– коратка адказаў той.
– Прабачце...
– пачаў Васiль Сцяпанавiч, але шафёр перапынiў яго:
– Траячкi ёсць?
Зусiм збiты з панталыку бухгалтар дастаў дзве траячкi i паказаў шафёру.
– Сядайце, - крыкнуў той i гэтак ляпнуў па сцяжку лiчыльнiка, што ледзь не зламаў яго.
– Паехалi.
– Рэшту даваць няма чым, цi што?
– нясмела спытаўся бухгалтар.
– Цэлая кiшэня рэшты!
– крыкнуў шафёр, i ў люстэрку нават былi вiдаць яго набеглыя крывёй вочы.
– Сёння трэцi выпадак у мяне. Ды i з iншымi было. Дае нейкi сучы сын чырвонец, я яму рэшту - чатыры пяцьдзесят... вылез, свалата! Хвiлiн праз пяць гляджу: замест чырвонца наклейка з нарзаннае бутэлькi!
– Тут шафёр выдаў некалькi слоў не для друку.
– Другi - на Зубаўскай. Чырвонец. Даў тры рублi рэшты. Пайшоў! Я палез у кашалёк - адтуль пчала - джыг у палец! Ух ты...
– шафёр зноў уклеiў словы не для друку, - а чырвонца няма. Учора ў гэтым Вар'етэ (зноў лаянка) нейкая гадзiна-фокуснiк сеанс з чырвонцамi ўтварыў (лаянка).
Бухгалтар аслупянеў, сцяўся ўвесь i прытварыўся, што нават i само слова "Вар'етэ" чуе ўпершыню, а сам падумаў:
"Ну i ну!..."
Даехалi добра, бухгалтар разлiчыўся, увайшоў у будынак i пакiраваў па калiдоры туды, дзе знаходзiўся кабiнет загадчыка, i ўжо па дарозе зразумеў, што прыехаў не ў час. Нейкая мiтусня панавала ў канцылярыi Камiсii вiдовiшчаў. Паўз бухгалтара прабегла кур'ерша з хусткаю на патылiцы i з вытрашчанымi вачыма.
– Няма, няма, даражэнькiя мае, - крычала яна невядома каму, - пiнжак i штаны тут, а ў пiнжаку нiчога няма!
Яна знiкла за нейкiмi дзвярыма, i адразу пачулася, як там б'юць посуд. З сакратарскага пакоя вылецеў знаёмы бухгалтару загадчык першага сектара камiсii, але ў такiм стане, што бухгалтара не пазнаў, i знiк бясследна.
Уражаны ўсiм гэтым, бухгалтар дайшоў да сакратарскага пакоя, якi папярэднiчаў кабiнету старшынi камiсii, i тут канчаткова быў уражаны.
Праз зачыненыя дзверы чуўся грозны голас, якi несумненна належаў Прохару Пятровiчу - старшынi камiсii. "Дае некаму дыхту, цi што?" - падумаў спалоханы бухгалтар, азiрнуўся i ўбачыў iншае: на скураным крэсле, з адкiнутай галавой, нястрымна плачучы, ляжала, выцягнуўшы ногi амаль на сярэдзiну сакратарскага пакоя, асабiстая сакратарка Прохара Пятровiча - прыгажуня Ганна Рычардаўна.
Увесь падбародак у Ганны Рычардаўны быў у памадзе, а па персiкавых шчоках паўзлi з павек чорныя струменi раскiслае фарбы.
Ганна Рычардаўна ўбачыла, што нехта зайшоў, усхапiлася, кiнулася да бухгалтара, учапiлася за адвароты яго пiнжака, пачала трэсцi i крычаць:
– Дзякуй богу! Хоць адзiн смелы знайшоўся! Усе разбеглiся! Усе здрадзiлi! Пайшлi, пайшлi да яго, я не ведаю, што мне рабiць!
– Яна працягвала плакаць наўзрыд i цягнула бухгалтара ў кабiнет.
Як толькi ўвайшоў у кабiнет, бухгалтар упусцiў долу партфель, i ў галаве ў яго ўсё пайшло кругам. I было з-за чаго.
За вялiзным пiсьмовым сталом з вялiзнаю чарнiлiцай сядзеў пусты гарнiтур i сухiм пяром вадзiў па паперы. Гарнiтур быў з гальштукам, з кiшэнькi тырчала пяро самапiскi, але над каўняром не было нi шыi, нi галавы, гэтаксама як з рукавоў не вiдаць было i рук. Гарнiтур засяроджана працаваў i зусiм не заўважаў усяго таго вэрхалу, якi панаваў навокал. Гарнiтур пачуў, што нехта ўвайшоў, адкiнуўся да спiнкi сядзення, i над каўняром прагучаў добра знаёмы бухгалтару голас Прохара Пятровiча:
– Што такое? На дзвярах напiсана, што я не прымаю.
Прыгажуня сакратарка аж вiскнула, заламала рукi i закрычала:
– Вось бачыце? Бачыце? Няма яго! Няма! Вярнiце яго, вярнiце!
Тут нехта ўсунуўся ў дзверы i адразу ж вылецеў прэч. Бухгалтар адчуў, што ногi ў яго задрыжалi, прысеў на краёк крэсла, але партфель падняць не забыўся. Ганна Рычардаўна танцавала вакол бухгалтара, скубла яго за пiнжак i крычала:
– Я вечна гаварыла яму, калi ён чорта ўспамiнаў! Вось i даўспамiнаўся, тут прыгажуня падбегла да пiсьмовага стала i напеўным пяшчотным голасам, крыху гугнявым пасля плачу, усклiкнула:
– Проша! Дзе вы?
– Хто тут вам "Проша"?
– пыхлiва пацiкавiўся гарнiтур, i яшчэ мацней усеўся ў крэсле.
– Не пазнаяце! Мяне не пазнаяце! Вы разумееце?
– загаласiла сакратарка.
– Папрашу не галасiць у кабiнеце!
– ужо зазлаваў гарнiтур у палосачку i рукавом падсунуў да сябе стосiк папер, каб напiсаць на iх рэзалюцыi.
– Не, не, не магу гэтага вытрываць, не магу!
– закрычала Ганна Рычардаўна i вылецела ў прыёмны пакой, а за ёй куляю i бухгалтар.
– Уяўляеце, сяджу, - расказвала i калацiлася ад хвалявання Ганна Рычардаўна, зноў учапiўшыся за рукаў бухгалтара, - i ўваходзiць кот. Чорны, вялiкi, як бегемот. Я, вядома, крычу на яго "апсiк". Ён прэч, а замест яго ўваходзiць таўстун з гэтакай самай кашэчаю мордаю i гаворыць: "Гэта чаму вы, грамадзянка, на наведвальнiкаў "псiк" крычыце?" I напрасткi шусь да Прохара Пятровiча, сядае насупраць яго ў крэсла! Ну вось, ён дабрадушны чалавек, але нервовы. Зазлаваўся! Што казаць. Знерваваны чалавек, працуе, як вол, зазлаваў. "Вы чаму, гаворыць, без даклада лезеце?" А той, нахаба, уяўляеце, вывалiўся ў крэсле i гаворыць з усмешкаю: "А я, гаворыць, з вамi пра справу пагаварыць прыйшоў". Прохар Пятровiч зноў раззлаваўся: "Я заняты!" А той, падумаць толькi, адказвае: "Нiчым вы не заняты..." Ну? Тут, вядома, цярпенне ў Прохара Пятровiча лопнула, i ён закрычаў: "Ды што ж гэта робiцца? Вывесцi яго вон, чорт мяне вазьмi!" А той, уяўляеце, усмiхнуўся i гаворыць: "Каб чорт узяў? Чаму ж, гэта можна!" I - бабах, я нават крыкнуць не паспела, гляджу: няма гэтага з кашэчаю галавою i ся... сядзiць... гарнiтур... Э-э!
– скрывiла разяўлены рот i завыла зноў Ганна Рычардаўна.