Шрифт:
Цяпер гэты чорнабароды чалавек з гноем у вачах ад сонца i бяссоння сумна сядзеў на каменi. Ён то ўздыхаў, расхiнаў свой, зашмальцаваны за час бадзяння, калiсьцi блакiтны, а цяпер брудна-шэры талiф, агаляў удараную кап'ём грудзiну, па якой цёк брудны пот, то з нечалавечаю пакутаю падымаў вочы ў неба, сачыў за трыма каршунамi, якiя даўно ўжо плавалi ў вышынi кругамi ў прадчуваннi блiзкага пiру, потым апускаў безнадзейны позiрк на зямлю i бачыў на ёй амаль збуцвелы сабачы чэрап i яшчарак, якiя бегалi вакол яго.
Чалавек гэтак пакутаваў, што час ад часу пачынаў загаворваць сам з сабой.
– Ой, дурань я!
– мармытаў ён, пагойдваючыся з боку ў бок на каменi ад душэўнага болю i пазногцямi драпаючы смуглую грудзiну.
– Дурань, дурная баба, баязлiвец! Падла я, а не чалавек!
Ён зацiхаў, апускаў галаву, потым пiў цёплую ваду з драўлянае флягi, зноў ажываў, пачынаў хапацца то за нож, схаваны пад талiфам на грудзях, то за кавалак пергаменту, якi ляжаў перад iм на каменi побач з палачкаю i бутэлечкай з тушшу.
На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:
"Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!"
Потым:
"Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма".
Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:
"Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць".
Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.
Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!
Вечарам Мацею не ўдалося пайсцi ў Ершалаiм. Нейкая нечаканая i жахлiвая хвароба раптоўна навалiлася на яго. Яго калацiла, цела гарэла, зубы стукалi, i ён бясконца прасiў пiць. Нiкуды iсцi болей не мог. Ён звалiўся на дзяружку ў будане агароднiка i праваляўся на ёй да ранiцы ў пятнiцу, калi хвароба гэтак жа раптоўна, як i навалiлася, адпусцiла Левiя. Хаця ён яшчэ быў слабы i ногi дрыжалi, ён развiтаўся з гаспадаром i накiраваўся ў Ершалаiм, бо мучыла нейкае прадчуванне бяды. Там ён даведаўся, што прадчуванне не падманула. Няшчасце здарылася. Левiй быў у натоўпе i чуў, як пракуратар аб'явiў прысуд.
Калi асуджаных павялi на Лысую Гару, Левiй Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Iешуа хаця б пра тое, што ён, Левiй, тут, з iм, што ён не пакiнуў яго на апошняй дарозе i што ён за яго, каб смерць да Iешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Iешуа, якi глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлi, вядома, Левiя не заўважыў.
I вось калi працэсiя прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалi ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая i генiяльная думка, i адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, шго не падумаў пра гэта раней. Салдаты iшлi няшчыльным ланцугом. Памiж iмi былi прамежкi. Пры добрым спрыце i дакладным разлiку можна было сагнуцца, праскочыць памiж двума легiянерамi, дарвацца да павозкi i ўскочыць на яе. Тады Iешуа будзе выратаваны ад пакут.
Аднаго iмгнення дастаткова, каб ударыць Iешуа нажом у спiну, крыкнуць яму: "Iешуа! Я ратую цябе i адыходжу разам з табой! Я, Мацей, твой адданы i адзiны вучань!"
I калi б бог быў лiтасцiвы i даў яму яшчэ адно iмгненне, можна было б зарэзацца i самому, пазбегнуць смерцi на слупе. Хаця апошняе мала турбавала Левiя, былога зборшчыка падаткаў. Яму было ўсё роўна, як загiнуць. Ён хацеў толькi аднаго, каб Iешуа, якi не зрабiў нiкому нiчога дрэннага ў жыццi, пазбег катаванняў!
План быў вельмi добры, але справа ў тым, што Левiй не меў з сабой нажа. Не было ў яго i нiводнага грошыка.
Злосны на самога сябе Левiй выбраўся з натоўпу i пабег назад у горад. У гарачай яго галаве бiлася адна толькi лiхаманкавая думка: здабыць у горадзе нож i паспець дагнаць працэсiю.
Ён дабег да гарадскiх варот, прабiраючыся ў натоўпе i таўкатнi караванаў, якiя ўцягвалiся ў горад, i злева ўбачыў адчыненыя дзверы крамкi, у якой прадавалi хлеб. Цяжка задыханы пасля бегу па спякотнай дарозе, Левiй авалодаў сабой, паважна зайшоў у крамку, прывiтаў гаспадыню, якая стаяла ля прылаўка, папрасiў яе зняць з палiцы верхнi каравай, якi яму чамусьцi спадабаўся болей, i, як толькi яна адвярнулася, хутка i моўчкi схапiў з прылаўка тое, што лепшым i быць не можа, - навостраны, як брытва, доўгi хлебны нож, i адразу кiнуўся прэч з крамы. Праз некалькi хвiлiн ён быў зноў на Яфскай дарозе. Але працэсii ўжо i не было вiдаць. Ён пабег. Час ад часу ён падаў проста на пыл i ляжаў нерухома, пакуль аддыхваўся. Гэтым ляжаннем ён здзiўляў тых, хто ехаў на мулах i iшоў пешшу ў Ершалаiм. Ён ляжаў i слухаў, як калоцiцца яго сэрца не толькi ў грудзях, але ў галаве i ў вушах. Аддыхаўшыся крыху, ён усхоплiваўся i бег далей, але ўсё павольней i павольней. Калi ён нарэшце ўгледзеў запыленую ўдалечынi працэсiю, яна была ўжо ля падножжа ўзгорка.
– Мой божа...
– прастагнаў Левiй, бо разумеў, што спазняецца. I ён спазнiўся.
Пасля чатырох гадзiн пакарання Левiй не мог болей трываць пакут i разлютаваўся. Устаў з каменя, кiнуў на зямлю непатрэбны цяпер ужо, як думалася яму, нож, растаптаў нагою бiклагу з вадой, скiнуў з галавы кефi, ухапiўся за рэдзенькiя валасы на галаве i пачаў праклiнаць сябе самога.
Ён праклiнаў сябе, выкрыкваў незразумелыя словы, выў i пляваўся, лаяў свайго бацьку i мацi за тое, што нарадзiлi на свет божы дурня.