Шрифт:
– Так, - гаварыла пакаёўка ў тэлефон, - як? Барон Майгель? Слухаю. А! Пан артыст сёння дома. Ага, будзе рады сустрэцца з вамi. Ага, госцi... Фрак цi чорны гарнiтур. Што? А дванаццатай ночы.
– Пакаёўка скончыла размову i сказала буфетчыку: - Што вам трэба?
– Мне трэба бачыць пана артыста.
– Што? Усяго толькi яго самога?
– Яго, - сумна адказаў буфетчык.
– Спытаюся, - сказала няўпэўнена пакаёўка, прачынiла дзверы ў пакой нябожчыка Берлiёза i паведамiла: - Рыцар, тут з'явiўся маленькi чалавек, якi гаворыць, што яму патрэбен месiр.
– А няхай заходзiць, - пачуўся з кабiнета голас Кароўева.
– Заходзьце ў гасцёўню, - сказала дзявуля звычайна, быццам была адзета па-чалавечы, прачынiла дзверы ў гасцёўню, а сама выйшла з пярэдняга пакоя.
Увайшоўшы туды, куды яго запрасiлi, буфетчык забыўся, дзеля чаго ён сюды прыйшоў, гэтак уразiла яго ўбачанае. Праз каляровыя шкельцы ў вялiкiх вокнах (фантазii ювелiршы, якая знiкла бясследна) наплывала незвычайнае, падобнае на царкоўнае, святло. У старадаўнiм вялiзным камiне, хоць быў гарачы вясновы дзень, палалi дровы. А ў пакоi не было нi кроплi гарачынi, наадварот нават, чалавека ахоплiвала нейкая падвальная вiльготнасць. Перад камiнам на тыгравай шкуры сядзеў i дабрадушна прыплюшчваўся на агонь чорны кацiла. Быў стол, на якi набожны буфетчык зiрнуў i аж скалануўся - стол засланы царкоўнаю парчою. На парчовым настольнiку стаяла мноства бутэлек - пузатых, зацвiлых i запыленых. Мiж бутэлькамi паблiсквала блюда, i было вiдаць, што блюда гэтае з чыстага золата. Ля камiна маленькi рыжанькi на доўгай сталёвай шпазе пёк на агнi кавалкi мяса, сок капаў на агонь, i дым вывiваўся ў комiн. Пахла не толькi смажаным, але яшчэ i нейкiм моцным адэкалонам i ладанам, ад чаго ў буфетчыка, якi ўжо ведаў пра гiбель Берлiёза i пра месца яго пражывання, мiльганула думка, цi не служылi, чаго добрага, царкоўную панiхiду, i ад думкi гэтае ён адмахнуўся адразу ж, як ад недарэчнае.
Ашаломлены буфетчык нечакана пачуў цяжкi бас:
– Ну, што вам трэба ад мяне?
Тут буфетчык i заўважыў у цянi таго, хто быў яму патрэбен.
Чорны маг развалiўся на нейкай вялiзнай канапе з раскiданымi на ёй падушкамi. Буфетчыку здалося, што на артысце была адна толькi чорная бялiзна i чорныя вастраносыя туфлi.
– Я, - горка сказаў буфетчык, - з'яўляюся загадчыкам буфета ў Вар'етэ...
Артыст працягнуў руку, на пальцах якой ззялi каштоўныя камянi, быццам затыкаў буфетчыку рот, i загаварыў палымяна:
– Не, не, не! Нi слова болей! Нiзашто i нiколi! У рот нiчога болей не вазьму ў вашым буфеце! Я, шаноўны, праходзiў учора паўз вашу стойку i да гэтага часу не магу забыць нi пра асятрыну, нi пра брынзу. Залаты мой! Брынза не бывае зялёнага колеру, гэта нехта абмануў вас. Яна павiнна быць белая. Ага, а гарбата? Ды гэта ж памыi! Я сваiмi вачыма бачыў, як нейкая неахайная дзявуля падлiвала з вядра ў ваш вялiзарны самавар негатаваную ваду, а гарбату працягвалi прадаваць. Не, дарагi мой, гэтак нельга!
– Я перапрашаю, - загаварыў ашаломлены гэтым нечаканым нападам Андрэй Фокавiч, - я не з-за гэтага, i асятрына тут нi пры чым.
– Як гэта - нi пры чым, калi яна сапсаваная!
– Асятрыну прывезлi другое свежасцi, - паведамiў буфетчык.
– Галубок, глупства кажаш!
– Што - глупства?
– Другая свежасць - вось што глупства! Свежасць бывае толькi адна першая, яна i апошняя. А калi асятрына другое свежасцi, то гэта абазначае, што яна прытухлая!
– Я перапрашаю...
– пачаў iзноў буфетчык, не ведаючы, як адчапiцца ад артыста.
– Прабачце, не магу, - цвёрда сказаў той.
– Я не з-за гэтага прыйшоў!
– зусiм засмучана прамовiў буфетчык.
– Не з-за гэтага?
– здзiвiўся чужаземны маг.
– А з-за чаго ж яшчэ вы можаце прыйсцi да мяне? Калi памяць служыць мне, то з такiх людзей я знаёмы быў усяго з адной маркiтанкаю, але ж гэта даўно, калi вас i на свеце не было. Усё роўна я рады. Азазела! Табурэтку пану загадчыку буфета.
Той, што смажыў мяса, павярнуўся, жахнуў буфетчыка сваiмi iкламi i спрытна падаў яму адну з цёмных дубовых табурэтак. Iншае мэблi ў пакоi не было.
Буфетчык прамовiў:
– Вялiкi дзякуй, - i сеў на табурэтку. Задняя яе ножка адразу з трэскам адламалася, буфетчык балюча ўдарыўся задам аб падлогу i вохнуў. Калi падаў, зачапiў нагою другую табурэтку, якая стаяла перад iм, i вылiў сабе на штаны поўную чашу чырвонага вiна.
Артыст усклiкнуў:
– Вой! Цi не скалечылiся?
Азазела памог буфетчыку ўстаць, падаў другую табурэтку. Гаротным голасам буфетчык адмовiўся ад прапановы гаспадароў зняць штаны i высушыць iх перад камiнам на агнi, адчуваючы сябе няёмка ў прамоклым да бялiзны адзеннi, з аглядкаю прысеў на другую табурэтку.
– Я люблю сядзець на нiзкiм, - сказаў артыст, - з нiзкага лягчэй падаць. Ага, дык мы спынiлiся на асятрыне! Галубок мой! Свежасць, свежасць i свежасць, вось што павiнна быць дэвiзам у кожнага буфетчыка. Дык вось, цi не паспытаеце...
Адразу ў барвовым святле ад камiна блiснула перад буфетчыкам шпага, i Азазела паклаў на залатую талерку кавалак мяса, палiў яго лiмонным сокам i падаў буфетчыку залаты двухзубы вiдэлец.
– Я шчыра...
– Ды не, паспытайце, паспытайце!
Буфетчык дзеля ветлiвасцi паклаў кавалачак у рот i адразу зразумеў, што жуе нешта сапраўды вельмi свежае i, галоўнае, надзвычай смачнае. Пасля таго як пражаваў духмянае сакаўное мяса, буфетчык ледзь не ўдавiўся i ледзь не ўпаў другi раз. З суседняга пакоя ўляцела вялiкая цёмная птушка i лёгенька абмахнула крылом буфетчыкаву лысiну. Птушка, якая села на камiнную палiцу, была сава. "Божачка ты мой!
– падумаў нервовы, як i ўсе буфетчыкi, Андрэй Фокавiч, - вось кватэрка!"