Шрифт:
Маргарыта скочыла з абрыву ўнiз i хутка спусцiлася да вады. Вада вабiла яе пасля паветранае гонкi. Яна адкiнула швабру, разбеглася i кiнулася ўнiз галавой у ваду. Яе лёгкае цела, як страла, увайшло ў ваду, i вадзяны слуп устаў аж да самае поўнi. Вада аказалася цёплая, нiбы ў лазнi, i Маргарыта пасля таго, як вынырнула з бяздоння, уволю наплавалася ў поўнай адзiноце ноччу ў рацэ.
Побач з Маргарытаю нiкога не было, але крыху далей за кустамi чулiся ўсплёскi i пафыркванне, там нехта таксама купаўся.
Маргарыта выбегла на бераг. Цела яе гарэла пасля купання. Стомленасцi нiякай яна не адчувала i радасна прытанцоўвала на вiльготнай траве. Раптам яна перастала танцаваць i насцярожылася. Фырканне пачало наблiжацца, з-за ракiтавых кустоў вылез нейкi голы таўстун у чорным шаўковым цылiндры, ссунутым на патылiцу. Ступакi яго былi ў iлiстай гразi, i здавалася, што купальшчык у чорных чаравiках. Калi меркаваць па тым, як ён аддыхваўся i iкаў, то быў ён на добрым падпiтку, што, дарэчы, пацвярджалася i тым, што раптам запахла каньяком.
Таўстун убачыў Маргарыту, пачаў прыглядацца, а потым радасна закрычаў:
– Што такое? Каго я бачу? Кладзiна, ды гэта ж ты, вясёлая ўдава! I ты тут?
– ён палез вiтацца.
Маргарыта адступiлася i з гонарам адказала:
– Пайшоў ты к д'яблу. Якая я табе Кладзiна? Ты глядзi, з кiм гаворыш, падумала крыху i дадала да свае прамовы доўгую лаянку, якую не друкуюць. Усё гэта ацверазiла легкадумнага таўстуна.
– Вой!
– цiха ўсклiкнуў ён i здрыгануўся.
– Даруйце велiкадушна, светлая каралева Марго! Я памылiўся. А вiнаваты каньяк, гары ён гарам!
– таўстун стаў на адно калена, цылiндр аднёс убок, пакланiўся i залапатаў на мяшанцы расейскае i французскае нейкае глупства пра крывавае вяселле свайго сябра Гесара ў Парыжы, i пра каньяк, i што ён перажывае з-за прыкрае памылкi.
– Ты б штаны надзеў, сучы сын, - сказала мякчэй Маргарыта.
Таўстун радасна ўхмыльнуўся, калi ўбачыў, што Маргарыта не злуецца, паведамiў, што застаўся зараз без штаноў таму, што з-за няўважлiвасцi пакiнуў iх на Енiсеi, дзе купаўся перад гэтым, i што ён зараз злётае, добра, што туды рукой падаць, i яшчэ рады добрым адносiнам да сябе. Ён пачаў адступаць задам, пакуль не паслiзнуўся i не ўпаў у ваду. Але i пасля гэтага на твары з невялiкiмi бакенбардамi засталася ўсмешка захаплення i адданасцi.
Маргарыта пранiзлiва свiснула, асядлала падляцелую швабру i пакiравала на супрацьлеглы бераг. Цень ад мелавае гары сюды не даставаў, i ўвесь бераг залiвала поўня.
Як толькi Маргарыта дакранулася да вiльготнае травы, музыка пад вербамi зайграла мацней i весялей, узляцеў сноп iскраў над вогнiшчам. Пад галiнамi вербаў, аздобленых пяшчотнымi, пушыстымi "коцiкамi", якiя былi вiдаць пры поўнi, сядзелi ў два рады таўстамордыя жабы, раздзiмалiся, быццам гумавыя, i iгралi на драўляных дудачках вясёлы марш. Гнiлушкi-светлячкi вiселi на вербавых галiнках перад музыкантамi, асвятлялi ноты, на жабiных мордах гулялi водсветы ад вогнiшча.
Марш выконваўся ў гонар Маргарыты. Сустракалi яе як мага ўрачыста. Празрыстыя русалкi спынiлi свой карагод каля ракi i замахалi Маргарыце водарасцямi, i над пустэльным зеленаватым берагам прастагнала iхняе далёка чутнае прывiтанне. Голыя ведзьмы выскачылi з-за вербаў, пастроiлiся ў шарэнгу i пачалi прысядаць i кланяцца прыдворнымi паклонамi. Нехта казланогi падляцеў i прыпаў да рукi, раскiнуў на траве шоўк i пацiкавiўся, цi добра купалася каралеве, прапанаваў прылегчы i адпачыць.
Маргарыта гэтак i зрабiла. Казланогi падаў ёй бакал шампанскага, яна выпiла яго, i сэрца яе адразу сагрэлася. Пацiкавiлася, дзе Наташа, i ёй адказалi, што Наташа ўжо пакупалася i паляцела на сваiм япруку наперад, у Маскву, каб папярэдзiць пра тое, што Маргарыта хутка прыляцiць, i дапамагчы прыгатаваць ёй убранне.
За кароткае Маргарыцiна гасцяванне пад вербамi адбыўся адзiн эпiзод. У паветры пачуўся свiст, i чорнае цела, якое вiдавочна прамазала, рухнула ў ваду. Праз некалькi секунд перад Маргарытай паўстаў той самы таўстун-бакенбардыст, што гэтак няўдачна знаёмiўся на рачным беразе. Ён успеў, вiдаць, скружыць на Енiсей, бо быў у фраку, але мокры з галавы да ног. Каньяк падвёў яго другi раз: пры высадцы ён трапiў у ваду. Але ўсмешку сваю збярог нават у гэтых сумных абставiнах i быў Маргарытаю, якая шчыра смяялася, дапушчаны да рукi.
Потым усе пачалi збiрацца. Русалкi датанцавалi свой танец пры месячным святле i расталi ў iм. Казланогi далiкатна пацiкавiўся ў Маргарыты, на чым яна прыляцела. Калi даведаўся, што верхам на швабры, сказаў:
– Чаму? Гэта нязручна, - iмгненна змайстраваў з дзвюх галiнак нейкi падазроны тэлефон i запатрабаваў у некага тэрмiнова прыслаць машыну, што было i зроблена ў тую ж самую хвiлiну. На бераг абрынулася буланая адкрытая машына, толькi на шафёрскiм месцы сядзеў не звычайны шафёр, а чорны даўгадзюбы грак у цыратавай фуражцы i ў пальчатках з раструбамi.