Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

Потым гэтую ён памяняў на дзве асобныя кватэры ў розных раёнах Масквы адну трохпакаёвую, другую двухпакаёвую. Цяпер пакояў стала пяць. Трохпакаёвую ён размяняў на дзве двухпакаёвыя, i займеў шэсць пакояў, праўда, раскiданых па ўсёй Маскве.Ён збiраўся ўжо зрабiць апошнi i сама блiскучы кульбiт, даў аб'яву ў газеце, што мяняе шэсць пакояў у розных кутках Масквы на адну пяцiпакаёвую кватэру на Земляным вале, але яго дзейнасць на гэтым спынiлася, вядома, не па яго волi. Цяпер ён, можа, i мае якi-небудзь пакойчык, але, запэўнiваю вас, што гэта ўжо не ў Маскве. Вось якi праныра, а вы гаворыце пра пятае вымярэнне!

Маргарыта, хаця i не гаварыла нi пра якое пятае вымярэнне, а гаварыў пра яго сам Кароўеў, весела засмяялася з расказу аб прыгодах кватэрнага пралазы. Кароўеў працягваў:

– Але цяпер пра галоўнае, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы жанчына разумная i, вядома, здагадалiся, хто наш гаспадар.

Маргарыцiна сэрца здрыганулася, i яна кiўнула галавою.

– Ну, вось, вось, - гаварыў Кароўеў, - мы ворагi ўсякiх розных таямнiц i намёкаў. Штогод месiр дае адзiн баль. Называецца ён вясновым балем поўнi, альбо балем ста каралёў. Народу!..
– Тут Кароўеў ухапiўся за шчаку, нiбы ў яго забалеў зуб.
– Але ж вы самi пераканаецеся. Дык вось: месiр халасцяк, вы гэта таксама разумееце. Але патрэбна гаспадыня балю, - Кароўеў развёў рукамi, згадзiцеся, нам без гаспадынi...

Маргарыта слухала Кароўева, старалася не вымавiць i слова, пад сэрцам у яе было холадна, спадзяванне на шчасце туманiла галаву.

– Склалася традыцыя, - працягваў далей Кароўеў, - гаспадыню балю павiнны зваць Маргарытаю, гэта першае, а другое, яна павiнна быць мясцовая. А мы, як бачыце, падарожнiчаем i ў гэты час знаходзiмся ў Маскве. Сто дваццаць адну Маргарыту знайшлi мы ў Маскве, i, паверце, - тут Кароўеў у адчаi ляпнуў сябе па ляжцы, - нiводная не падыходзiць! I, вядома, шчаслiвы лёс...

Кароўеў красамоўна ўхмыльнуўся, нахiлiўся, i зноў пахаладзела Маргарыцiна сэрца.

– Карацей!
– крыкнуў Кароўеў.
– Зусiм коратка: вы не адмовiцеся ўзяць гэты абавязак на сябе?

– Не адмоўлюся, - цвёрда адказала Маргарыта.

– Вядома!
– сказаў Кароўеў, падняў лампадку i дадаў: - Прашу за мной.

Яны пайшлi мiж калон i нарэшце выбралiся ў нейкую другую залу, у якой чамусьцi моцна пахла лiмонамi, дзе чуваць былi нейкiя шолахi i дзе штосьцi зачапiла Маргарыту за галаву.

– Не палохайцеся, - соладка супакоiў Кароўеў i ўзяў Маргарыту пад руку, гэта бальныя выдумкi Бегемота, нiшто iншае. I наогул, я адважуся вам параiць, Маргарыта Мiкалаеўна, нiкога i нiчога не баяцца. Гэта неразумна. Баль будзе раскошны, не буду ўтойваць. Мы пабачым тых, чыя ўлада ў свой час была надзвычай вялiкая. Але, чэсна, калi падумаеш пра тое, як мiкраскапiчна маленькiя iх магчымасцi ў параўнаннi з магчымасцямi таго, у чыёй свiце я маю гонар быць, робiцца смешна i нават, я сказаў бы, сумна... Ды вы i самi каралеўскага роду.

– Чаму каралеўскага роду?
– спалохана шапнула Маргарыта i прытулiлася да Кароўева.

– Ах, каралева, - гуллiва трашчаў Кароўеў, - пытаннi падобныя - сама складаныя ў свеце! I каб распытацца ў прабабак, асаблiва тых, каго за цiхоняў мелi, дзiўныя таямнiцы адкрылiся б, Маргарыта Мiкалаеўна. Я не вазьму грэх на душу, калi скажу, што гэта як калода ператасаваных карт. Ёсць рэчы, у якiх зусiм не дзейнiчаюць саслоўныя перашкоды, нi нават межы мiж дзяржавамi. Намякну: адна з французскiх каралеў, якая жыла ў шаснаццатым стагоддзi, трэба думаць, вельмi здзiвiлася б, калi б хто-небудзь сказаў ёй, што яе красуню прапрапрапраўнучку праз мноства гадоў я буду весцi пад руку ў Маскве па вялiкiх бальных залах. Але мы прыйшлi!

Тут Кароўеў патушыў сваю лампадку, i яна знiкла ў яго з рук, i Маргарыта ўбачыла на падлозе перад сабою палоску святла пад нейкiмi цёмнымi дзвярыма. У гэтыя дзверы Кароўеў цiха грукнуў. Тут Маргарыта гэтак захвалявалася, што ў яе ажно кляцнулi зубы i па спiне прайшоў мароз.

Дзверы адчынiлiся. Пакой быў зусiм невялiкi. Маргарыта ўбачыла шырокi дубовы ложак са скамечанымi i бруднымi прасцiнамi i падушкамi. Перад ложкам стаяў дубовы, на разных ножках стол, на iм свечнiк з гнёздамi ў выглядзе кiпцюрыстых птушыных лап. У гэтых сямi лапах гарэлi тоўстыя свечкi. Акрамя гэтага, на столiку была вялiкая шахматная дошка з надзвычай па-майстэрску зробленымi фiгуркамi. На маленькiм вытаптаным дыванку стаяў маленькi нiзенькi ўслончык. Быў яшчэ адзiн стол з нейкаю залатою чашаю i другiм свечнiкам, галiны якога былi зроблены ў выглядзе змей. У пакоi пахла сераю i смалою. Ценi ад свяцiльнiкаў перакрыжоўвалiся на падлозе.

Сярод прысутных Маргарыта адразу пазнала Азазелу, ужо апранутага ў фрак. Ён стаяў ля спiнкi ложка. Гэты Азазела нiчым не нагадваў таго разбойнiка, у выглядзе якога ён аб'явiўся да Маргарыты ў Аляксандраўскiм садзе, i пакланiўся ён Маргарыце надзвычай далiкатна.

Голая ведзьма, тая самая Гела, што гэтак збянтэжыла самавiтага буфетчыка з Вар'етэ, i тая самая, якую спалохаў певень у ноч знакамiтага сеанса, сядзела на падлозе на дыванку пры ложку, памешвала нешта ў рондалi, з якога валiла серная пара.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: