Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

– Алмаз вы наш нябесны, найшаноўнейшы пан дырэктар, - трэснутым голасам адказаў памочнiк мага, - наша апаратура заўсёды з намi. Вось яна! Эйн, цвэй, дрэй!
– i пакруцiў перад вачыма Рымскага вузлаватымi пальцамi, нечакана выцягнуў з-за вуха ў ката ўласны Рымскага залаты гадзiннiк на ланцужку, якi дагэтуль быў у фiндырэктаравай кiшэнi ў камiзэльцы пад зашпiленым пiнжаком i з ланцужком, прадзетым у пятлiцу.

Рымскi мiжволi ўхапiўся за жывот, прысутныя ахнулi, а грымёр, якi зазiраў у дзверы, адабральна кашлянуў.

– Ваш гадзiннiчак? Прашу атрымаць, - нахабна ўсмiхаўся клятчасты i на бруднай растапыранай далонi падаў разгубленаму Рымскаму яго дабро.

– З такiм у трамвай не садзiся, - цiха i весела шапнуў расказчык грымёру.

Але кот выкiнуў штуку не раўня нумару з чужым гадзiннiкам. Ён нечакана ўстаў з канапы, на заднiх лапах падышоў да падлюстранага столiка, пярэдняй лапай дастаў корак з графiна, налiў вады ў шклянку, выпiў яе, паставiў корак на месца i грымiравальнаю анучкаю выцер вусы.

Нiхто нават i не ахнуў, толькi раты разявiлi, а грымёр у захапленнi шапнуў:

– Вось дык клас!

Тут трэцi раз трывожна загрымелi званкi, i ўсе ўзбуджаныя, у прадчуваннi цiкавага нумара, павалiлi з грымёрнае.

Праз хвiлiну ў глядзельнай зале патухлi шары, успыхнула i дала чырвоны водсвет на нiз заслоны рампа, i ў асветленай шчылiне заслоны паўстаў перад публiкай поўны, вясёлы, як дзiця, чалавек з паголеным тварам, у пакамечаным фраку i ў нясвежай кашулi. Гэта быў добра вядомы ўсёй Маскве канферансье Жорж Бенгальскi.

– Ну вось, грамадзяне, - загаварыў Бенгальскi i ўсмiхнуўся дзiцячаю ўсмешкаю, - зараз перад вамi выступiць...
– тут Бенгальскi сцiх на iмгненне i загаварыў з другой iнтанацыяй: - Я бачу, што колькасць публiкi на трэцяе аддзяленне яшчэ больш павялiчылася. У нас сёння палавiна горада! Неяк на днях сустракаю я прыяцеля i гавару яму: "Чаму не заходзiш да нас? Учора ў нас была палавiна горада". А ён мне адказвае: "А я жыву ў другой палавiне!" Бенгальскi вытрымаў паўзу, чакаў выбуху смеху, але нiхто не засмяяўся, i ён працягваў: - ...Такiм чынам, выступiць вядомы замежны артыст мсье Воланд з сеансам чорнае магii! Але мы ж з вамi разумеем, - тут Бенгальскi мудра ўсмiхнуўся, - што яе наогул не iснуе на свеце i што яна не што iншае, як забабоны, а проста мсье Воланд у высокай ступенi валодае тэхнiкай фокусаў, што i будзе вiдаць з сама цiкавае часткi, гэта значыць выкрыцця гэтай тэхнiкi, а ўлiчваючы тое, што мы ўсе як адзiн i за тэхнiку, i за яе выкрыццё, то папросiм пана Воланда!

Пасля таго як сказаў усё гэтае глупства, Бенгальскi сашчапiў абедзве рукi далонь да далонi i прывiтальна замахаў iмi ў расхiл заслоны, i той з цiхiм пошумам разышоўся ў бакi.

Выхад мага з яго рослым памочнiкам i катом, якi выйшаў на сцэну на заднiх лапах, вельмi спадабаўся публiцы.

– Крэсла мне, - цiха загадаў Воланд, i iмгненна, невядома як i адкуль, на сцэне з'явiлася крэсла, на якое сеў маг, - скажы мне, шаноўны Фагот, спытаўся Воланд у клятчастага гаера, якi, вiдаць, меў i iншую назву акрамя "Кароўева", - як па-твойму, маскоўскае насельнiцтва значна змянiлася?

Маг паглядзеў на прыцiхлую, уражаную з'яўленнем крэсла публiку.

– Вельмi, месiр, - цiха адказаў Фагот-Кароўеў.

– Твая праўда. Гараджане моцна перамянiлiся, знешне, я кажу, як i сам горад, мiж iншым. Пра строi нават i гаворкi няма, але з'явiлiся гэтыя... як iх... трамваi, аўтамабiлi...

– Аўтобусы, - пачцiва падказаў Фагот.

Публiка ўважлiва слухала размову, меркавала, што гэта прэлюдыя да магiчных фокусаў. Кулiсы былi забiтыя артыстамi i рабочымi сцэны, i мiж iх вiдаць быў напружаны, белы твар Рымскага.

На фiзiяномii Бенгальскага, якi прытулiўся з боку сцэны, з'явiлася недаўменне. Ён ледзь-ледзь прыўзняў бровы, выкарыстаў паўзу i загаварыў:

– Замежны артыст выказвае сваё захапленне Масквою, якая значна вырасла ў тэхнiчных адносiнах, а таксама i масквiчамi, - тут Бенгальскi двойчы ўсмiхнуўся, спачатку партэру, потым галерэi.

Воланд, Фагот i кот павярнулi галовы да канферансье.

– Хiба я выказваў захапленне?
– спытаў маг у Фагота.

– Зусiм не, месiр, вы нiякага захаплення не выказвалi, - адказаў той.

– Дык што ж гаворыць гэты чалавек?

– Ён проста схлусiў!
– гучна, на ўвесь тэатр паведамiў клятчасты памочнiк, завярнуўся да Бенгальскага i дадаў: - Вiншую вас, грамадзянiн хлус!

З галерэi шумнула смехам, а Бенгальскi скалануўся i вылупiў вочы.

– Але мяне, вядома, не гэтак цiкавяць аўтобусы, тэлефоны i iншая...

– Апаратура!
– падказаў клятчасты.

– Правiльна, дзякуй, - паволi гаварыў маг цяжкiм басам, - яшчэ больш значнае пытанне: цi змянiлiся гэтыя гараджане ўнутрана?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: