Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

– Толькi на памыйнiцу, - пацвердзiў кот.

– Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, - дадаў Кароўеў, - зараз пачнецца.

Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер'ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.

– Першыя!
– усклiкнуў Кароўеў.
– Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, - шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, - што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!

Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.

– Я ў захапленнi!
– закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.

У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.

Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена.
– Каралева... мармытала жонка пана Жака.

– Каралева ў захапленнi!
– крычаў Кароўеў.

– Каралева...
– цiха сказаў прыгажун, пан Жак.

– Мы ў захапленнi, - завываў кот.

Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.

– Граф Роберт, - шаптаў Маргарыце Кароўеў, - як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, - адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.

– Мы рады, граф, - ускрыкнуў Бегемот.

З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер'я на галовах i туфляў.

Да Маргарыты кульгава наблiжалася ў адзiным драўляным боце на левай назе панi з апушчанымi, як у манашкi, вачыма, худзенькая, сцiплая i чамусьцi з зялёнаю павязкаю на шыi.

– Хто зялёная?
– механiчна спыталася Маргарыта.

– Сама чароўная i салiдная панi, - шаптаў Кароўеў, - рэкамендую вам: спадарыня Тафана. Была надзвычай папулярнаю мiж маладых чароўных неапалiтанак, а таксама жыхарак Палерма, i асаблiва сярод тых, каму надаелi свае мужы. Бывае ж гэтак, каралева, што надакучае ўласны муж...

– Бывае, - глуха адказала Маргарыта, i ў той жа час усмiхалася двум фрачнiкам, якiя адзiн за адным схiлiлiся перад ёй i цалавалi калена i руку.

– Ну, вось, - умудраўся шаптаць Кароўеў Маргарыце i адначасова крычаць некаму: - Герцаг! Бакал шампанскага! Я ў захапленнi!.. Дык вось, панi Тафана разумела гэтых бедных жанчын i прадавала iм нейкую ваду ў бутэлечках. Жонка вылiвала гэтую ваду ў мужаву страву, той з'ядаў, дзякаваў за ласку i адчуваў сябе цудоўна. Праўда, праз некалькi гадзiн яму пачынала страшэнна хацецца пiць, потым ён клаўся ў ложак, а праз дзень прыгожая неапалiтанка, якая накармiла свайго мужа, была вольная, як вясновы вецер.

– А што гэта ў яе на назе?
– пыталася Маргарыта, нястомна працягваючы руку гасцям, якiя перагналi кульгавую панi Тафану.
– I нашто гэтая зелень на шыi? Шыя белая?

– Я ў захапленнi, князь!
– крычаў Кароўеў i шаптаў Маргарыце: - Цудоўная шыя, але з ёю непрыемнасць здарылася ў турме. На назе ў яе, каралева, гiшпанскi боцiк, а стужка вось чаму: калi турэмшчыкi даведалiся, што амаль пяцьсот няўдала выбраных мужоў пакiнулi Неапаль i Палерма назаўсёды, яны ў гарачцы задушылi панi Тафану ў турме.

– Якая я шчаслiвая, чорная каралева, што маю гонар, - пакорлiва шаптала Тафана i спрабавала стаць на калена.

Iспанскi боцiк перашкаджаў ёй. Кароўеў i Бегемот дапамаглi Тафане.

– Я рада, - адказала ёй Маргарыта i тым часам падавала руку iншым.

Цяпер па лесвiцы знiзу ўгору падымалася суцэльная плынь. Маргарыта ўжо не магла бачыць, што робiцца ў швейцарскiм пакоi. Яна механiчна падымала i апускала руку, аднолькава ўсмiхалася гасцям. У паветры на пляцоўцы стаяў гул, з пакiнутых Маргарытаю бальных залаў, як мора, чулася музыка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: