Шрифт:
– А вось гэта - нудная жанчына, - ужо не шаптаў, а гаварыў моцна Кароўеў, ведаў, што ў гуле галасоў яго не будзе чуваць, - любiць балi i ўсё марыць пажалiцца на сваю насоўку.
Маргарыта знайшла вачыма сярод плынi тую, на каго паказваў Кароўеў. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццацi, надзвычай прыгожае паставы, але з нейкiмi неспакойнымi i надакучлiвымi вачыма.
– Якую насоўку?
– спыталася Маргарыта.
– Да яе камерыстка прыстаўлена, - растлумачыў Кароўеў, - i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.
– Якую насоўку, - шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.
– З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.
– А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi?
– спыталася Маргарыта.
– Каралева, - раптам зашыпеў унiзе кот, - дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!
Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму:
– Калi ты, сволач, яшчэ раз пасмееш умяшацца ў размову...
Бегемот неяк не па-бальнаму пiскнуў i захрыпеў.
– Каралева... вуха распухне... Навошта баль псаваць распухлым вухам?.. Я гаварыў юрыдычна... з юрыдычнага боку... Маўчу, маўчу... Лiчыце, што я не кот, а рыба, толькi пусцiце вуха.
Маргарыта адпусцiла вуха, i надакучлiвыя, цёмныя вочы апынулiся перад ёй.
– Я шчаслiвая, каралева-гаспадыня, што запрошана на гэты вялiкi баль поўнi.
– А я, - адказала Маргарыта, - рада вас бачыць. Вельмi рада. Вы любiце шампанскае?
– Што вы робiце, каралева?!
– адчайна, але амаль нячутна ўскрыкнуў на вуха Кароўеў.
– Затор атрымаецца!
– Я люблю!
– з мальбою гаварыла жанчына i раптам пачала паўтараць: Фрыда, Фрыда, Фрыда! Мяне завуць Фрыдай, каралева!
– Дык вы напiцеся сёння, Фрыда, i нi пра што не думайце, - сказала Маргарыта.
Фрыда працягнула абедзве рукi да Маргарыты, але Кароўеў i Бегемот спрытна падхапiлi яе пад рукi, i яна знiкла ў натоўпе.
Цяпер народ знiзу iшоў сцяною, быццам штурмаваў пляцоўку, на якой стаяла Маргарыта. Голыя жаночыя целы вiдаць былi мiж фрачнымi мужчынамi. На Маргарыту наплывалi iх смуглыя, белыя, шакаладныя i зусiм чорныя целы. У валасах рыжых, чорных, каштанавых, белых, як лён, - у моры святла зiхацелi i пералiвалiся iскрамi каштоўныя ўпрыгожаннi. I быццам нехта акрапiў святлом штурмавую калону мужчын кропелькамi святла, - з грудзей пырскалi святлом брыльянтавыя заколкi. Маргарыта кожную секунду адчувала дотык губ да калена, кожную секунду падавала руку для пацалунка, твар яе акамянеў прыветнаю маскаю.
– Я ў захапленнi, - аднастайна вёў Кароўеў, - мы ў захапленнi...
– Каралева ў захапленнi...
– гугнiў за плячыма Азазела.
– Я ў захапленнi, - выкрыкваў кот.
– Маркiза, - мармытаў Кароўеў, - бацьку атруцiла, двух братоў i дзвюх сясцёр з-за спадчыны... Каралева ў захапленнi!.. Панi Мiнкiна... Ах, якая прыгожая! Крыху нервовая. Навошта ж было пячы твар служанцы шчыпцамi для завiўкi? Вядома, за такое зарэжуць... Каралева ў захапленнi!.. Каралева, секундачку ўвагi! Iмператар Рудольф, чараўнiк i алхiмiк.. Яшчэ алхiмiк, павешаны... Ах, вось i яна! Ах, якi цудоўны публiчны дом трымала ў Страсбургу!.. Мы ў захапленнi!.. Маскоўская краўчыха, мы любiм усе яе за бясконцую фантазiю... трымала атэлье i прыдумала надзвычай смешную штуку: прасвiдравала дзве дзiрачкi ў сцяне...
– А панi не ведалi?
– спыталася Маргарыта.
– Усе да адной ведалi, каралева, - адказаў Кароўеў.
– Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом...
Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i чорныя сталi абыякавымi, часам злiвалiся ў нешта адно, а паветра памiж iмi пачынала трымцець i струменiць. Востры боль, быццам укалолi iголкаю, працяў раптам правую руку. Маргарыта сцiснула зубы i абаперлася на тумбу. Нейкi шолах, нiбы ад крылаў па сценах, чуўся цяпер ззаду з залы, i было зразумела, што там танцуе незлiчонае мноства гасцей. I Маргарыце здавалася, што нават цяжкiя мармуровыя, мазаiчныя i крыштальныя падлогi ў гэтых незвычайных залах рытмiчна пульсуюць.
Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з'яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.