Шрифт:
Ярмолаў астаўся ля акна насупраць свайго купэ. Нейкае дваiстае адчуванне з'явiлася ў яго пасля гэтай кароткай размовы з Валодзем. З аднаго боку, трэба было б чалавека паважаць за такую непасрэднасць i даверлiвасць, а з другога хочаш не хочаш, а падумаеш, што гэта не тая непасрэднасць i не тая даверлiвасць. З суседняга купэ чулася яго пасвiстванне, а ўяўлялася, што ён стаiць побач, высокi, падцягнуты, з прыгожымi гуллiвымi вачамi. Стаiць i ўвесь час расказвае пра сваю жонку. Нiхто ўжо i не пытае яго пра гэта, i слухаць ужо становiцца непрыемна, а ён усё расказвае. А Зiна спiць у гэты час i нiчога не чуе. Ёй, мабыць, сняцца прывабныя сны, магчыма, тая першая сустрэча на вакзале... Першае светлае каханне...
"А можа, яна ўжо не спiць?"
Ярмолаў цiхенька бярэцца за дзвярную ручку, заглядвае ў шчылiнку. Сапраўды, не спiць.
– Заходзьце, заходзьце!
– гаворыць Зiна.
– Чаго ж вы ўвесь час стаiце на калiдоры?
I Ярмолаў заходзiць у купэ, збянтэжана апусцiўшы вочы, садзiцца ля столiка. Яму непрыемна, што ён загаварыў з Валодзем аб такiх справах, пра якiя можна было i не гаварыць. Магчыма, Зiна i тады не спала i ўсё чула. Не так сорамна за свае пытаннi, як за Валодзевы адказы.
– Чаму ж вы не адпачываеце?
– нясмела гаворыць Ярмолаў.
– Няхай бы паспалi, пакуль малая не турбуе.
– Я паспала крыху.
– Зiна ўдзячна ўсмiхаецца, але глядзiць не на Ярмолава, а ў акно.
– А лепш сказаць - не паспала, а падрамала.
– Станцыю адну нядаўна праехалi, астаноўка была. Не чулi?..
Ярмолаў заўважыў, як у Зiны здрыганулiся вейкi, калi яна памкнулася глянуць на яго.
– Не чула я, - цiха адказала жанчына i зноў пачала глядзець у акно.
А Ярмолаў цяпер зусiм упэўнiўся, што ўсё яна чула, бо напэўна ж не спала. Больш ён не мог сказаць нi слова. Гэтае няёмкае маўчанне цягнулася некалькi хвiлiн, бо i Зiна, вiдаць, не ведала, пра што гаварыць.
Нарэшце яна спавольна ўзняла вочы на Ярмолава i спытала:
– Вы ў Менску жывяце?
– У Менску, - адказаў Ярмолаў.
– А мы цяпер - далекавата ад Менска. Сумна iншы раз... Да таго хочацца дадому... Не чулi, хор Шыловiча дома цяпер цi на гастролях?
– У Менску Макар Iванавiч, - упэўнена адказаў Ярмолаў.
– Што, падабаецца вам гэты хор?
Зiна цяжка ўздыхнула i зноў адвяла вочы ў акно.
– Я спявала ў гэтым хоры, - цiха сказала яна.
Ярмолаў здзiвiўся i сам не заўважыў, як яго залiшне здзiўлены позiрк пачаў лавiць Зiнiны вочы, каб нешта сказаць, нешта выявiць хоць позiркам, бо словы ў гэты момант не знаходзiлiся. Зiна заўважыла гэтае здзiўленне, i ёй стала крыху непрыемна. "Чаму ён так здзiвiўся? Няўжо я зусiм не падобная на спявачку або спяваць у хоры - вельмi ўжо складаная, мала каму даступная справа?" Потым убачыла, што гэта - добрае, таварыскае здзiўленне i пагляд у чалавека шчыры, даверлiвы. У вачах Ярмолава не мiльгала тая ледзь прыкметная, але вельмi калючая насмешка, якую Зiна часта бачыла ў Валодзi, калi гаворка заходзiла аб хоры, аб яе голасе. Вiдаць было па ўсiм, што з гэтым чалавекам вальней можна гаварыць пра музыку, пра мастацтва, не трэба баяцца, што ён цябе абсмяе або прынiзiць халодным абыякавым позiркам.
– Больш двух год я спявала ў гэтым хоры, - пачала расказваць Зiна. У яе вачах свяцiлася затоеная i вельмi насцярожаная просьба паслухаць i зразумець яе.
– Спявала i вучылася ў вячэрняй дзесяцiгодцы. У многiх харавых нумарах я запявала. Калi Макар Iванавiч даведаўся, што я збiраюся пакiнуць хор, выклiкаў да сябе, угаворваў, прасiў пабыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, пакуль ён падрыхтуе замену. Не паслухала я Макара Iванавiча, а цяпер мне сорамна нават сустрэцца з iм, глянуць у вочы...
– Чаму ж вы не паслухалi?
– спытаў Ярмолаў.
– Прабачце, калi не тое пытанне задаю i, можа, крыху нясцiпла ўмешваюся ў вашы справы.
– А што ж тут нясцiплага?
– прыязна сказала жанчына.
– Я часта i сама сабе задаю такое пытанне. Пакiнула хор таму, што... Як вам сказаць? Сустрэлiся мы з Валодзем, а ён жа не ў Менску служыў. I цяпер не ў Менску. Я не магла не паехаць з iм...
– Калi ў вас ёсць голас i вы любiце музыку...
– пачаў Ярмолаў i спынiўся, бо ў гэты час заварушылася i замахала ручкамi Люда.
– Быў у мяне голас, - ледзь не шэптам працягвала Зiна.
– Людзi гаварылi, ды i сама я адчувала, калi выходзiла на сцэну. Гэта няцяжка заўважыць па людскiх вачах. А цяпер, вядома, ужо няма таго, што было.
– Там жа ў вас, напэўна, ёсць харавыя гурткi, - заўважыў Ярмолаў, самадзейнасць. А то маглi б вы i адна выступаць у канцэртах.
– Выступiла адзiн раз, - супакоiўшы Люду, сказала Зiна.
– Выступiла, дык Валодзя тры днi праходу не даваў. Не любiць ён у мяне музыкi i сам нiколi не спявае.
– Зiна сарамлiва засмяялася.
– Толькi свiшча часта, ды i то немаведама што. Калi я iншы раз заспяваю што-небудзь сама сабе дома, дык ён або начынае свiстаць, або ўключае радыё. Смешны ён у мяне...
Людачка зноў замахала ручкамi, i цяпер ужо мацеры не ўдалося прыспаць яе. Дзяўчынка ўстала i адразу засмяялася, зморшчыўшы крыху ўспацелы носiк.
– Вясё-о-лая, - пяшчотна заўважыў Ярмолаў.
Мацi ўзяла дзяўчынку да сябе.
– Амаль што нiколi не плача, - радасна сказала яна, - хiба толькi iншы раз ноччу, або калi вельмi ўжо есцi захоча.
I Людачка раптам заплакала.
Мацi спачатку засмяялася ад нечаканасцi, а потым на твары яе з'явiўся неспакой, сiнявата-шэрыя, стомленыя вочы трывожна ўставiлiся на дзяўчынку.