Шрифт:
– Дзе ты бачыў камiнак, i агонь, i кацялок намаляванымi на кавалку палатна?
– У каморцы майго таты Карла.
– Твой бацька - Карла!
– Карабас Барабас усхапiўся з крэсла, узмахнуў рукамi, барада яго разляцелася.
– Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзiцца патайная...
Але тут Карабас Барабас, вiдаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямнiцу, абодвума кулакамi заткнуў сабе рот. I так сядзеў нейкi час i глядзеў, вылупiўшы вочы, на пагасаючы агонь.
– Добра, - сказаў ён нарэшце, - я павячэраю недасмажаным трусам i сырымi куранятамi. Я табе дарую жыццё, Бурацiна. Мала таго...
Ён залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, дастаў пяць залатых манет i падаў iх Бурацiна.
– Мала таго... Вазьмi гэтыя грошы i занясi iх Карла. Пакланiся i скажы, што я прашу яго нi ў якiм разе не памiраць з голаду i холаду i самае галоўнае - не выязджаць з яго каморкi, дзе знаходзiцца камiнак, намаляваны на кавалку старога палатна. Iдзi выспiся i ранiчкай бяжы дадому.
Бурацiна паклаў пяць залатых манет у кiшэню i адказаў з ветлiвым паклонам:
– Дзякую вам, сiньёр. Вы не маглi даверыць грошы ў больш надзейныя рукi...
Арлекiн i П'еро завялi Бурацiна ў лялечную спальню, дзе лялькi зноў пачалi абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць i зноў абдымаць Бурацiна, якi так незразумела пазбег страшнай пагiбелi ў камiнку.
Ён шэптам гаварыў лялькам:
– Тут нейкая таямнiца.
Па дарозе дадому Бурацiна сустракае двух жабракоў - ката Базiлiо i лiсiцу Алiсу
Ранiцай Бурацiна пералiчыў грошы, - залатых манет было столькi, колькi пальцаў на руцэ, - пяць.
Сцiснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому i напяваў:
– Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнiчкаў, ледзянцовых пеўнiкаў на палачках.
Калi знiк з вачэй балаган тэатра лялек i сцягi, што развявалiся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якiя панура валаклiся па пыльнай дарозе: лiсiцу Алiсу, што кульгала на трох лапах, i сляпога ката Базiлiо.
Гэта быў не той кот, якога Бурацiна сустрэў учора на вулiцы, а другi, таксама Базiлiо i таксама паласаты. Бурацiна хацеў прайсцi мiма, але лiсiца Алiса сказала яму лiслiва:
– Дзень добры, добранькi Бурацiна. Куды так спяшаешся?
– Дадому, да таты Карла.
Лiсiца ўздыхнула яшчэ лiслiвей:
– Ужо i не ведаю, цi застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусiм зблажэў ад голаду i холаду...
– А ты гэта бачыла?
– Бурацiна разняў кулак i паказаў пяць залатых.
Убачыўшы грошы, лiсiца мiжвольна пацягнулася да iх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, i яны блiснулi ў яго, як два зялёныя лiхтары.
Але Бурацiна нiчога гэтага не заўважыў.
– Добранькi, харошанькi Бурацiна, што ж ты будзеш рабiць з гэтымi грашыма?
– Куплю куртку для таты Карла... Куплю новую азбуку...
– Азбуку, ох, ох!
– сказала лiсiца Алiса, кiваючы галавой.
– Не давядзе цябе да дабра гэтая навука... Вось я вучылася, вучылася, а - бачыш - хаджу на трох лапах.
– Азбуку, - прабурчаў кот Базiлiо i сярдзiта фыркнуў у вусы.
– Праз гэтую праклятую навуку я вочы страцiў...
На сухой галiне каля дарогi сядзела пажылая варона. Слухала, слухала i каркнула:
– Няпр-раўда! Няпр-раўда!
Кот Базiлiо адразу ж высока падскочыў, лапай збiў варону з галiны, выдраў ёй паўхваста, - ледзь яна вырвалася. I зноў прыкiнуўся, быццам ён сляпы.
– Вы за што яе так, кот Базiлiо?
– здзiўлена спытаў Бурацiна.
– Вочы ж сляпыя, - адказаў кот, - здалося - гэта сабачаня на дрэве...
Пайшлi яны ўтраiх па пыльнай дарозе. Лiсiца сказала:
– Разумненькi, найразумненькi Бурацiна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?
– Вядома, хачу! А як гэта робiцца?
– Прасцей простага. Пойдзем з намi.
– Куды?
– У Краiну Дурняў.
Бурацiна крыху падумаў.
– Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.
– Калi ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, - сказала лiсiца, - тым горш для цябе.
– Тым горш для цябе, - прабурчаў кот.
– Ты сам сабе вораг, - сказала лiсiца.
– Ты сам сабе вораг, - прабурчаў кот.
– А то б твае пяць залатых ператварылiся ў кучу грошай...