Шрифт:
18 лiстапада. Знайшоў у лесе тое самае дрэва (цi той жа пароды), якое ў Бразiлii называюць "жалезным", таму што яно незвычайна трывалае. Ледзьве ссек адно дрэва. Мая сякера зусiм ступiлася. Я адсек ад ствала вялiкi цурбан i ледзь данёс яго да свайго жытла - такi цяжкi ён быў! Я вырашыў зрабiць з яго лапату. Дрэва было такое цвёрдае, што гэта работа адабрала ў мяне вельмi многа часу i працы. Але лапату я ўсё-такi зрабiў. Дзяржанне атрымалася не горшае, чым тыя, што робяць у нас, у Ангельшчыне, а сама лапата аказалася нетрывалай. Не шкодзiла б абабiць яе жалезам, але лiстовага жалеза ў мяне няма, таму яна праслужыла мне нядоўга. I ўсё ж на першым часе я пакарыстаўся ёю на земляных работах, хоць, думаю, нiводная лапата ў свеце не рабiлася такiм мудрагелiстым спосабам, нi на адну не было патрачана столькi працы.
Мне не хапала яшчэ тачкi цi каша. Пра кош не было чаго i думаць; каб сплесцi яго, патрэбны былi гнуткiя дубцы, а я, нягледзячы на ўсе пошукi, так i не знайшоў iх у лесе. Змайстраваць тачку ў мяне, бадай, хапiла б умення, але ж да тачкi неабходна мець кола, а я не меў нiякага ўяўлення, як робяцца колы. Апрача таго, кола неабходна было надзець на жалезную вось, якой у мяне таксама не было. I таму давялося адмовiцца ад гэтай задумы. Замест тачкi я змайстраваў з дошак невялiкую скрынку, накшталт тых, у якiх муляры трымаюць вапну.
У гэтай скрынцы я i выносiў накапаную зямлю.
Скрынку зрабiць было лягчэй, чым лапату. Але ўсё разам - скрынка, лапата i дарэмная спроба зрабiць тачку - усё гэта забрала ў мяне чатыры днi, за выключэннем тых ранiшнiх гадзiн, калi я хадзiў са стрэльбай на паляванне. Наогул я рэдкi дзень не хадзiў на паляванне, i амаль не было выпадку, каб я не прынёс якой-небудзь дзiчыны.
23 лiстапада. Закончыў рабiць лапату i скрынку. Як толькi яны былi гатовы, зноў узяўся капаць пячору. Капаў цэлы дзень, колькi меў сiлы. Мне патрэбна было вельмi прасторнае памяшканне, якое адначасова магло б служыць i склепам, i кладоўкаю, i кухняй, i сталовай.
10 снежня. Я працаваў роўна васемнаццаць дзён i ўжо лiчыў сваю работу скончанай, як раптам сёння з аднаго краю абвалiлася зямля. Вiдаць, я зрабiў пячору вельмi шырокай. Абвал быў такi, што я напалохаўся: гэта пэўна ўжо, што калi б я сам знаходзiўся ў гэты час у пячоры, то мне ўжо не спатрэбiўся б магiльшчык. Гэты сумны выпадак нарабiў мне шмат клопату: трэба будзе выносiць з пячоры ўсю абваленую зямлю, а галоўнае - давядзецца цяпер рабiць падпору да скляпення, iнакш не будзе ўпэўненасцi, што абвал не паўторыцца.
11 снежня. З сённяшняга дня ўзяўся за работу. Пакуль што паставiў дзве палi i на кожнай па дзве дошкi крыж-накрыж.
17 снежня. Канчаткова ўмацаваў першыя дзве палi i паставiў яшчэ некалькi, таксама з дошкамi наверсе, як i першыя дзве. Цяпер мяне ўжо не палохае нiякi абвал. Палi я паставiў у рад, так што яны будуць служыць у маiм склепе i за перагародку. Гэта праца забрала ў мяне цэлы тыдзень. З гэтага дня па 20 снежня прымацоўваў я ў склепе палiцы, забiваў у перагародку цвiкi i развешваў усе рэчы, якiя можна павесiць.
20 снежня. Перанёс у пячору ўсё начынне i расклаў на месца. Цяпер мая гаспадарка ў парадку. Зрабiў яшчэ адно крэсла i прыбiў некалькi маленькiх палiчак для правiзii - атрымалася нешта накшталт буфета. Дошак у мяне застаецца вельмi мала.
24 снежня. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў лiвень. Не выходзiў з дому.
26 снежня. Дождж спынiўся. Праяснела. Пахаладнела.
27 снежня. Падстрэлiў двое казлянят: адно забiў, а другое паранiў у нагу, так што яно не здолела ўцячы. Злавiў яго i прывёў дадому на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабiта; я забiнтаваў яе.
Заўвага: я адхаяў гэтае казляня; перабiтая нага зраслася, i казляня пачало цудоўна бегаць. Але ад мяне яно не ўцякала: я так доўга даглядаў яго, што яно прызвычаiлася да мяне i не хацела мяне пакiдаць. Яно хадзiла на пашы непадалёк ад мае палаткi. Назiраючы за iм, я падумаў, што добра было б мне развесцi хатнюю жывёлу, каб падрыхтаваць сабе харч к таму часу, калi ў мяне скончацца зарады i порах.
28, 29, 30 i 31 снежня. Страшэнная спякота, i зусiм няма ветру. Выходзiў з дому на паляванне толькi вечарам. Навёў канчатковы парадак у сваёй гаспадарцы.
1 студзеня 1660 года. Гарачыня не спадае, i ўсё роўна сёння я хадзiў двойчы на паляванне: на досвiтку i вечарам. Днём адпачываў. Пад вечар прайшоўся далiнаю ў глыбiню выспы i бачыў многа коз, але яны такiя палахлiвыя, што падысцi да iх блiзка зусiм немагчыма. Хачу паспрабаваць паляваць на iх з сабакам.
2 студзеня. Сёння ўзяў сабаку i нацкаваў яго на коз, але нiчога не атрымалася: увесь статак павярнуў раптам насустрач сабаку. Сабака, напэўна, выдатна зразумеў небяспеку, якая яму пагражала, кiнуўся наўцёкi i нiзашто не хацеў больш наблiзiцца да коз.