Вход/Регистрация
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
вернуться

Дефо Даниэль

Шрифт:

Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлi пад нагамi, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкi блыталiся ў маёй галаве.

Праз кожныя два-тры крокi я азiраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.

Немагчыма апiсаць, якую нечаканую i палахлiвую форму набывалi раптам усе рэчы ў маiм узбуджаным уяўленнi, якiя дзiкiя фантастычныя думкi хвалявалi мяне ў той момант i якiя бязглуздыя намеры прыходзiлi мне ў галаву па дарозе.

Дабраўшыся да свае крэпасцi (так я пачаў з таго дня называць сваё жытло), я iмгненна апынуўся за агароджай, нiбыта за мною гналася пагоня.

Я нават не мог успомнiць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымi лескамi, як заўсёды, цi зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, якi я выкапаў у гары. Я i на другi дзень не здолеў прыпомнiць гэтага.

Нiводзiн заяц, нiводзiн лiс, ратуючыся ад зграi сабак, не ўцякалi так у сваю нару, як я.

Усю ноч я не мог заснуць i тысячу разоў задаваў сабе адно i тое ж пытанне: якiм чынам здолеў трапiць сюды чалавек?

Магчыма, гэта адбiтак нагi якога-небудзь дзiкуна, якi трапiў на выспу выпадкова. А можа, дзiкуноў было многа? Магчыма, яны выйшлi ў мора на сваёй пiрозе i iх прыгнала сюды цячэннем цi ветрам? Зусiм магчыма, што яны пабылi на беразе, а потым зноў выйшлi ў мора, таму што ў iх, вiдаць, было гэтак жа мала жадання заставацца ў гэтай пустынi, як у мяне - жыць па суседству з iмi.

Вядома, яны не заўважылi мае лодкi, iнакш здагадалiся б, што на выспе жывуць людзi, пачалi б шукаць iх i напэўна знайшлi б мяне.

Але тут мяне апякла страшэнная думка: "А што, калi яны бачылi маю лодку?" Ад гэтай думкi я пакутаваў.

"Праўда, - казаў я сабе, - яны зноў пайшлi ў мора, але гэта яшчэ нiчога не даказвае; яны вернуцца, яны абавязкова вернуцца з цэлым натоўпам другiх дзiкуноў i тады знойдуць мяне i з'ядуць. А калi iм i не ўдасца знайсцi мяне, усё роўна яны ўбачаць мае палi, мае загарадкi, яны знiшчаць увесь мой хлеб, згоняць мой статак, i мне давядзецца загiнуць з голаду".

Першыя трое сутак пасля майго жахлiвага адкрыцця я нi на хвiлiну не пакiдаў свае крэпасцi, так што пачаў нават галадаць. Я не трымаў дома вялiкiх запасаў харчавання, i на трэцiя суткi ў мяне заставалiся толькi ячменныя праснакi i вада.

Мяне мучыла таксама i тое, што мае козы, якiх я звычайна даiў кожны вечар (гэта была штодзённая забава), цяпер заставалiся нядоеныя. Я ведаў, што бедныя жывёлiны праз гэта павiнны былi вельмi пакутаваць; апрача таго, я баяўся, што ў iх можа загiнуць малако. I мой страх спраўдзiўся: большасць коз захварэла i амаль перастала даваць малако.

На чацвёртыя суткi я набраўся адвагi i выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з'явiлася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю ранейшую бадзёрасць. Якраз тады, калi мой страх, здавалася, дасягнуў вяршынi, калi ад адной здагадкi я кiдаўся да другой i нi на чым не мог спынiцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а цi не выдумаў я ўсю гэту гiсторыю са следам чалавечай нагi i цi не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калi я перадапошнi раз хадзiў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, i хiба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што iшоў тады менавiта той, а не гэтай дарогай?

Я пастараўся запэўнiць сябе, што так яно i было, што гэта мой уласны след i што я быў падобны на таго дурня, якi выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны i сам жа палохаўся свае байкi.

Вядома, гэта быў мой уласны след!

Упэўнiўшы сябе такiм чынам, я пачаў выходзiць з дому па розных гаспадарчых справах. Я пачаў кожны дзень бываць у сябе на лецiшчы. Там я даiў коз, збiраў вiнаград. Але калi б вы пабачылi, як я баязлiва iшоў туды, як часта азiраўся па баках, гатовы ў любы момант кiнуць сваю карзiну i сам кiнуцца ўцякаць, вы, напэўна, падумалi б, што я нейкi страшэнны злачынца, якога прыгнятаюць пакуты сумлення.

Аднак прайшло яшчэ два днi, i я зрабiўся куды смялейшы. Я канчаткова ўпэўнiў сябе, што ўвесь мой страх - не iнакш як вынiк недарэчнай памылкi, але, каб ужо не заставалася нiякiх сумненняў, я вырашыў яшчэ раз схадзiць на той бераг i параўнаць таямнiчы след з адбiткам мае ўласнае нагi. Калi i той i мой след будуць аднолькавых памераў, то я магу быць упэўнены, што след, якi мяне напалохаў, быў мой уласны i што я спалохаўся сябе самога.

З гэтым рашэннем я i падаўся ў дарогу. Але калi я прыйшоў на тое месца, дзе быў таямнiчы след, для мяне, па-першае, стала зразумела, што, калi я выйшаў той раз з лодкi i вяртаўся дадому, я нiякiм чынам не мог апынуцца на гэтым месцы, а па-другое, калi я для параўнання паставiў сваю нагу, выявiлася, што мая нага была куды меншая!

Сэрца маё напоўнiлася новым страхам, я дрыжаў як у лiхаманцы, вiхор новых здагадак закружыўся ў маёй галаве. Я пайшоў дадому зусiм перакананы, што там, на беразе, пабыў чалавек - i, магчыма, не адзiн, а пяць цi шэсць.

Я нават гатоў быў дапусцiць, што гэтыя людзi зусiм не прыязджалi, што яны жыхары выспы. Праўда, да гэтага часу я не заўважаў тут нiводнага чалавека, але магчыма, што яны ўжо даўно хаваюцца тут, а значыць, кожную хвiлiну могуць захапiць мяне знянацку.

Я доўга ламаў сабе галаву, як мне абаранiць сябе ад гэтай небяспекi, i ўсё роўна не мог нiчога прыдумаць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: