Шрифт:
Хутка, аднак, я зразумеў, што, нават iдучы поўным ходам, я не здолею падысцi настолькi блiзка, каб на караблi маглi заўважыць мае сiгналы. Але якраз у той час, калi мяне пачала ўжо апаноўваць роспач, нас заўважылi з палубы - напэўна, у падзорную трубу. Як я потым даведаўся, на караблi вырашылi, што гэта шлюпка з якога-небудзь затанулага эўрапейскага судна. Карабель лёг у дрэйф, каб даць мне магчымасць наблiзiцца, i я прычалiў да яго гадзiны праз тры.
Мяне спыталi, хто я такi, спачатку па-партугальску, потым па-гiшпанску, затым па-французску, але нi аднае з гэтых моў я не ведаў.
Нарэшце адзiн матрос, шатландзец, загаварыў са мною па-ангельску, i я сказаў яму, што я ангелец i што я ўцёк з палону. Тады мяне i майго спадарожнiка вельмi прыязна запрасiлi на карабель. Хутка мы апынулiся на палубе разам з нашай шлюпкай.
Немагчыма выказаць, якi шчаслiвы я быў, калi адчуў сябе на волi. Я быў выратаваны i ад рабства i ад смерцi, якая мне пагражала! Шчасце маё было бязмежнае. Ад радасцi, каб аддзячыць, я прапанаваў капiтану, майму выратавальнiку, усю маёмасць, якая ў мяне была. Але капiтан адмовiўся.
– Мне нiчога не трэба, - сказаў ён.
– Усе вашы рэчы будуць захаваныя, i вы атрымаеце iх, як толькi мы прыбудзем у Бразiлiю. Я выратаваў вам жыццё, бо добра разумею, што са мной таксама магло б здарыцца такое ж няшчасце. I як бы мне было радасна, каб такую ж паслугу зрабiлi для мяне вы! Не забывайце таксама, што мы едзем у Бразiлiю, а Бразiлiя далёка ад Ангельшчыны, i там вы можаце памерцi з голаду без гэтых рэчаў. Не таму ж я ратаваў вас, каб потым кiнуць на згубу! Не-не, сеньёр, я давязу вас да Бразiлii бясплатна, а рэчы дадуць вам магчымасць забяспечыць сябе харчаваннем i аплацiць праезд на радзiму.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Рабiнзон селiцца ў Бразiлii.
– Ён зноў выпраўляецца ў мора.
– Карабель яго церпiць крушэнне.
Капiтан быў высакародны i шчодры не толькi на словах, але i на справе. Ён добрасумленна выканаў усе свае абяцаннi. Ён загадаў, каб нiводзiн з матросаў не адважыўся нават зачапiць маю маёмасць, потым склаў падрабязны спiс усiх рэчаў, якiя мне належалi, загадаў змясцiць iх разам з яго рэчамi, а спiс уручыць мне, каб, як толькi мы прыплывём у Бразiлiю, я здолеў атрымаць усё поўнасцю.
Яму захацелася купiць маю шлюпку. Шлюпка сапраўды была добрая. Капiтан сказаў, што купiць яе для свайго карабля, i спытаў, колькi я хачу за яе.
– Вы, - адказаў я, - зрабiлi мне столькi дабра, што я нi ў якiм разе не адважуся ацэньваць шлюпку. Колькi дасце, столькi i вазьму.
Тады ён сказаў, што выдасць мне пiсьмовае абавязацельства заплацiць за маю шлюпку восемдзесят чырвонцаў адразу ж, як мы прыдзем у Бразiлiю. Аднак, калi там у мяне знойдзецца iншы пакупнiк, якi прапануе мне больш, капiтан заплацiць мне столькi ж.
Наша плаванне да Бразiлii скончылася шчаслiва. У дарозе мы памагалi матросам, i яны пасябравалi з намi. Пасля дваццацi двух дзён плавання мы зайшлi ў бухту Ўсiх Святых. Тут я канчаткова адчуў, што няшчасцi мае засталiся ззаду, што я ўжо вольны чалавек, а не раб i што жыццё маё пачынаецца нанава.
Я нiколi не забуду, як высакародна паставiўся да мяне капiтан партугальскага карабля.
Ён не ўзяў з мяне нi капейкi грошай за праезд; ён вярнуў мне цэлымi ўсе мае рэчы, нават тры глiняныя збаны; ён даў мне сорак залатых за шкуру льва i дваццаць - за леапардавую. I наогул ён купiў усё, што мне было непатрэбна i што мне выгадна было прадаць, у тым лiку скрыню з вiнамi, дзве стрэльбы i воск, якi застаўся (частка яго пайшла ў нас на свечкi). Адным словам, калi я прадаў яму большую частку сваёй маёмасцi i сышоў на бераг Бразiлii, у кiшэнi ў мяне было дзвесце дваццаць залатых.
Мне не хацелася разлучацца з маiм спадарожнiкам Ксуры: ён быў такi верны i надзейны таварыш, ён памог мне здабыць волю. Але ў мяне не было для яго справы, да таго ж я не быў упэўнены, што здолею яго пракармiць. Таму я вельмi ўзрадаваўся, калi капiтан сказаў мне, што яму падабаецца гэты хлопчык, што ён з ахвотай возьме яго да сябе на карабель i зробiць мараком.
Неўзабаве пасля таго як мы прыехалi ў Бразiлiю, мой сябар капiтан завёў мяне ў дом аднаго свайго знаёмага. Ён быў уладальнiкам плантацый цукровага трыснягу i цукровага завода. Я пражыў у яго даволi доўгi час i дзякуючы гэтаму здолеў вывучыць цукровую вытворчасць.
Бачачы, як добра жывецца тутэйшым плантатарам i як хутка яны багацеюць, я вырашыў пасялiцца ў Бразiлii i таксама заняцца вытворчасцю цукру. На ўсе грошы, што былi ў мяне, я ўзяў у арэнду ўчастак зямлi i пачаў складаць план маёй будучай плантацыi i сядзiбы.
У мяне быў сусед па плантацыi, якi прыехаў сюды з Лiсабона. Звалi яго Ўэлс. Родам ён быў ангелец, але ўжо даўно прыняў партугальскае падданства. Мы з iм хутка пасябравалi i былi ў самых прыяцельскiх адносiнах. Першыя два гады мы абодва ледзь здолелi пракармiцца ад нашых ураджаяў. Але паступова зямля ўраблялася, i мы багацелi.