Шрифт:
Успамiн пра работу ветрам здзьмуў Ядзю з ложка. Яна мiтуслiва адчынiла шафу i на хвiлiну разгубiлася, не ведаючы, як сёння апрануцца. Жанчына выцягнула некалькi сукенак, выбiраючы, учэпiстым позiркам агледзела iх, кiнула на ложак i ў гэтую хвiлiну раптам узгадала, што сёння нядзеля, выхадны. Нервовай паспешлiвасцi i ранiшняй напругi як i не было, жанчына млява, лянотна пацягнулася, амаль шчаслiва ўсмiхнулася i павесiла сукенкi на месца. Ад адной толькi думкi, што не трэба нiкуды iсцi i цэлы дзень можна займацца хатнiмi справамi, настрой адразу палепшыўся. Нават кашмарны сон здаўся не такiм жудасным, ён сцiшыўся дзесьцi глыбока ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i непрыемным, шчымлiвым халадком нагадваў аб сабе, чакаў свайго часу.
Ядзя накiнула на плечы ружовы халат, падышла да трумо, паспешлiва агледзела сябе ў люстэрку. Яна з непрыхаваным задавальненнем i нават радасцю адзначыла, што i без макiяжу выглядае значна маладзей сваiх трыццацi шасцi гадоў. Вытанчана-прыгожы, без адзiнай зморшчынкi твар з невялiкiм, крыху кiрпатым носам рабiў яе вабнай i непасрэднай. Чорныя, як крыло грака, валасы, нечакана вялiкiя, блакiтныя з зеленаватым адценнем вочы i асаблiва па-дзiцячы капрызныя, пульхныя вусны надавалi ёй крыху наiўны, безабаронна-разгублены выгляд. Праўда, на шыi ўжо з’явiлiся здраднiцкiя зморшчыны, не дапамагаюць нi масаж, нi крэмы, але ж выйсце знайшла, пачала насiць сукенкi з высакаватым каўняром цi чапляць на шыю дарагiя каралi. Ядзя ўсмiхнулася, правяла далонню па шыi, твары, высокiх грудзях, паставiла рукi ў бокi i какетлiва крутнулася ўправа, улева. Задаволеная аглядам, уключыла японскi магнiтафон, што месцiўся тут жа, сярод усялякiх памераў касметычак, i ў добрым, прыўзнятым настроi пайшла на кухню гатаваць сняданак.
Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.
«Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.
– Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!
Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.
– Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.
– Адчынi, гэта я.
Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:
– А я так успалася, што ледзь пачула.
– Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.
Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.
– Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.
– Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.
– Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю i, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску ўсеўся за стол. – Частуй госця, сёння свята, хачу выпiць.
– Кажы, што трэба! – склала на грудзях рукi Ядзя i з выклiкам зiрнула Калеснiку ў вочы. – Ты ж не яечню есцi прыйшоў?
– Частуй каньяком, – робячы выгляд, што не заўважае Ядзiнай злосцi, скалiўся Калеснiк. – Цi ты чакала каго iншага?
– Так, не цябе…
Ядзя не паспела дагаварыць. Калеснiк рыўком ухапiў яе за валасы i балюча тузануў унiз. Жанчына не ўтрымалася на нагах, бразнулася на каленi.
– Не зарывайся, ведай сваё месца, – у твар прасiпеў Калеснiк i правёў вострым вiдэльцам па адной шчацэ, потым па другой. – Можа, крышку папсаваць твой глянец? Не мне – дык нiкому…
Ядзя заплюшчыла вочы, страх працяў цела, бо ведала, што ад гэтага чалавека можна чакаць усяго, ён слоў на вецер не кiдае. Яна заплюшчыла вочы i, стрымлiваючыся, цiха заплакала.
– Не скуголь! – злосна рыкнуў Калеснiк i адштурхнуў Ядзю ад сябе. – Гарэлку давай!
Ядзя таропка падхапiлася на ногi, дастала з шафкi пачатую бутэльку каньяку, паслужлiва, са згаслымi вачыма, налiла ў шклянку, падала Калеснiку i нясмела прагаварыла:
– Ты ж, мабыць, за рулём.
– Не бяда, – рагатнуў Калеснiк i, каўтануўшы каньяк, працягнуў пустую шклянку гаспадынi. – Нох айн маль!
Ядзя зноў налiла i паставiла бутэльку на стол.
– Ты снедай, а я прыбяруся.
– Дзвярэй не зачыняй, – закусваючы, загадаў Калеснiк, – я па справе, трэба пагаварыць.
Ён увайшоў у спальню амаль услед за Ядзяй i адразу абняў за плечы, прытулiўся, балюча сцiснуў грудзi.
– Не трэба, я не магу вось так… – усхлiпнула жанчына, нясцерпны смутак агарнуў душу.
– Затое я магу, – пажадлiва зашаптаў Калеснiк i бесцырымонна пiхнуў Ядзю на ложак…
Пасля яны доўга моўчкi ляжалi. Ядзя была прынiжана, адчувала неўтаймавальную злосць на Калеснiка, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яе турбавала прычына ягонага вiзiту.