Шрифт:
– Гэта ўсё цi чаго яшчэ захоча ваша мiласць? – здзеклiва спытала яна.
Калеснiк прыўзняўся i ўважлiва зiрнуў ёй у вочы. Ядзя нiколi не магла вытрымаць гэтага пранізлівага погляду яго чорных вачэй. Яна патупiлася, адкiнула коўдру, хацела ўстаць, але Калеснiк паклаў руку на плячо.
– Сёння ў мяне сустрэча з вельмi патрэбным чалавекам, хачу, каб ты была са мной.
– Сёння не магу, еду да бацькоў, дачка там…
– А я кажу, што ты мне патрэбна! – зласлiва прасiпеў Калеснiк i балюча сцiснуў яе плячо.
– Серж, мне балiць, – умольна ўздыхнула Ядзя.
– Вось бачыш, – Калеснiк нахiлiўся, пацалаваў у шчаку i памякчэлым голасам сумна дадаў: – Ты нагадала iмя, якiм калiсьцi мяне ахрысцiла, значыць, памятаеш i ўсё наша! – ён рэзка падхапiўся, апрануўся i зашпацыраваў па пакоi. – Мне патрэбна не толькi прыгожая жанчына, але i надзейная памочнiца.
Ядзя вельмi добра ведала гэтага чалавека i разумела, што, калi ён нешта задумаў, нiякiя адгаворкi не дапамогуць. Толькi яна не дзяўчынка, за» дзякуй» нiчога рабiць не будзе, няхай раскашэльваецца… Ядзя выцягнула цыгарку, прыпалiла.
– Што маўчыш? – спынiўся Калеснiк. – I кiнь курыць, трываць не магу цыгарэтнага дыму.
– Затое я магу, – здзеклiва ўсмiхнулася Ядзя; цяпер быў той момант, калi яна магла хоць нечым адпомсцiць. – Я думаю не толькi пра работу, але i колькi яна будзе табе каштаваць.
Ядзя чакала, што Калеснiк абурыцца, пачуўшы пра грошы, але выйшла наадварот: ён задаволена пацёр рукi, вочы засвяцiлiся хцiвымi агеньчыкамi.
– За што я цябе люблю, дык за практычнасць, – шчыра засмяяўся Калеснiк. – Работа так сабе, дробязь, аднаго казла трэба прыручыць, а плата… – ён iмгненна замаўчаў i ўжо сур’ёзна, быццам да нечага прыцэньваючыся, дадаў: – Калi пашэнцiць, будзем мець столькi, колькi i не снiлася…
– Значыць, ты – многа, я – мала. А што азначае – «прыручыць»?
– Прыручыць – значыць пераспаць, – жорстка адказаў Калеснiк.
Гэтага Ядзя не чакала. Яна збялелымi вуснамi ледзь прашаптала:
– Калi сам карыстаешся, то не думай, што можаш рабiць з мяне падсцiлку!
– Успомнi студэнцкiя гады, – не зважаючы на палюбоўнiцу, гаварыў далей Калеснiк. – Чым займалася, як зарабляла на жыццё?
– Гэта ты на мне зарабляў, – бездапаможна апусцiлася на пасцель Ядзя, цыгарэта выслiзнула з пальцаў на падлогу, дзе быў дыван. – Ты ўва ўсiм вiнаваты…
– Правiльна! Я вiнаваты! – злосна, трацячы над сабой кантроль, ускрыкнуў Калеснiк. – Аказваецца, гэта я спёр грошы ў спячага, гэта мне хацелася купацца ў золаце, малочных рэках…
– Хопiць! – Ядзя абхапiла галаву рукамi. – Хопiць!
– Не… Ты ўсё ж паслухай, бо сядзець давялося мне, а цяпер сiтуацыя змянiлася. Прыгадай мiлiцыянера, прыдурка-шафёра… Так што без iстэрык, дарагуша, мне патрэбна надзейная жанчына, у iншым выпадку «казлу» хапiла б i прастытуткi. Будзеш у долi, больш нiчога сказаць i абяцаць не магу, – Калеснiк расцёр падэшвай недакурак. – Спалiш калi-небудзь кватэру…
Ядзя не адказала, яна моўчкi ўзнялася, пайшла на кухню, налiла ў шклянку каньяку, выпiла. Праз хвiлiну следам прысунуўся Калеснiк i, не гледзячы на палюбоўнiцу, кiнуў на стол канверт:
– Тут адрас, ключ ад кватэры i аванс. Мае людзi адвязуць i прывязуць.
– Даляры? – раптам праявiла цiкаўнасць Ядзя; каньяк хутка i мякка закружыў галаву, i прапанова Калеснiка ўжо не здавалася брыдкай i абсурднай.
– Яны.
Калi за Калеснiкам зачынiлiся дзверы, Ядзя пералiчыла грошы, пайшла ў залу, адчынiла секцыю, дастала бялiзну i намацала патаемны замок у схованцы. Адамкнула, выцягнула важкую скарбонку, беражлiва паклала грошы, потым склала ўсё, як было, i вярнулася ў спальню. Трэба было папярэдзiць бацькоў, што не прыедзе, як абяцала. Слухаўку тэлефона ўзяла мацi, потым пагаварыла з дачкой.
Пасля тэлефоннай размовы настрой яшчэ больш сапсаваўся. Прыгадала Шаўцова, былога мужа. «Мабыць, Калеснiк стрымаў слова, – разважала Ядзя, – пэўна, пагаварыў з iм, бо Шаўцоў даўнавата не тэлефануе, не вiнавацiць, не пагражае. Апошнiм часам жыцця не даваў, п’яны прылiпала. Вунь Калеснiк таксама не з курорта вярнуўся, а i цяпер варочае такiмi грашыма, што мне i сапраўды не снiлiся, а гэты… Адным словам, слiзняк, нi ўкрасцi не змог, нi аўтарытэту ў турме набыць. Шкада дачку, яна любiць бацьку. Вось i цяпер адразу ж спыталася пра яго».
У Ядзiнай душы не было спакою. Калеснiк растрывожыў, думкi мiжвольна вярталi ў часы, якiя не хацелася нават успамiнаць. У вушах усё яшчэ гучалi словы: «…Чым ты займалася, як зарабляла грошы?..»
Першае знаёмства з Калеснiкам адбылося на Новы год. Ядзя вучылася на другiм курсе народнагаспадарчага iнстытута, i Вiталiк Шаўцоў, яе кавалер, студэнт чацвёртага курса гэтага ж iнстытута, запрасiў у кампанiю школьных сяброў. Святкавалi ў рэстаране, было ўтульна i весела. Шаўцоў знаёмiў Ядзю з сябрамi, i, калi чарга дайшла да высокага смуглявага хлопца з невялiчкiмi чорнымi вусiкамi, цёмнымi, крыху нахабнымi вачыма, дзяўчына ў першы момант разгубiлася, раптам адчула гарачую хвалю любасцi да чалавека, якога бачыла ўпершыню. Нязведанае дагэтуль пачуцце млявай радасцю запаланiла душу i думкi. Шукаючы паратунку ад пранiзлiвых чорных вачэй, расчырванелая Ядзя патупiла позiрк, мацней прытулiлася да Шаўцова.